Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Нік Вуйчыч у «Мінск-Арэне»: «Упэўнены, што вы знойдзеце веру ў Бога»
Беларусь
16.04.2016 16:38

Некалькі тысяч чалавек з усёй Беларусі сабралася вечарам 15 красавіка ў «Мінск-Арэне», каб паслухаць вядомага хрысціянскага прапаведніка, аратара, пісьменніка, мецэната і спевака Ніка Вуйчыча.

Нік прабыў у Беларусі адзін дзень. Раніцай 15 красавіка аўстралійскі спікер даў прэс-канферэнцыю для беларускіх СМІ ў канферэнц-холе офіса tut.by, а перад самім выступленнем у «Мінск-Арэне» сустрэўся з беларускім хлопчыкам Адамам з Рэчыцкага дома-інтэрната.

На пачатку выступу ў «Мінск-Арэне» Нік Вуйчыч падзякаваў усім, хто прыйшоў яго паслухаць, а затым пачаў распавядаць сваю гісторыю.

«Я веру, што надзея ёсць для ўсіх»

«Сёння я хачу з глыбіні сэрца распавесці вам штосьці. Я ведаю, што нарадзіўся ў Аўстраліі, а не ў Беларусі. Але калі ты разбіты, то гэта ўсюды аднолькава, і надзея ўсюды аднолькавая. Я думаў, што для шчасця мне патрэбны рукі і ногі. І сваім вопытам я даказаў сабе, што гэта не так. Сваёй маленькай нагой я навучыўся нават іграць у гольф і друкаваць», – сказаў Нік.

Паслухаць гісторыю Ніка і павітацца з ім у «Мінск-Арэну» прыйшлі разам са сваімі апекунамі людзі з абмежаванымі магчымасцямі. У канцы выступу Нік Вуйчыч абняў усіх іх і сваім прыкладам паказаў, што можна верыць і быць шчаслівым, нягледзячы ні на што.

Сярод людзей з абмежаванымі магчымасцямі была група дзяцей з дзіцячага дома вёскі Галавечполле, што пад Гродна. Іх прывезла група валанцёраў пад кіраўніцтвам Марыны Валачковай, пралайф-актывісткі з Гродна, а дапамагала ёй у гэтай справе сястра Віргінія Хацян CSFN.

«Калі я бачыла Ніка Вуйчыча, я разумела, што такія людзі са мной побач. І я згодная з Нікам, што не трэба чакаць ад дзяржавы пэўных зменаў. Патрэбна самім рабіць нейкія крокі насустрач чалавеку, якому патрэбна дапамога. Для мяне, акрамя сустрэчы з Нікам, вялікім адкрыццём была сустрэча з інвалідамі, якія побач са мной сядзелі. І я зразумела, што рэальна магу ім дапамагчы», – падзялілася сястра Віргінія.

«Калі мне казалі ў дзяцінстве, што ў мяне будзе шчаслівая будучыня, у мяне быў выбар: верыць у гэта або не верыць. Я веру зараз, што надзея ёсць для ўсіх. Нават для тых, хто не можа хадзіць, хто не можа гаварыць. Я не ведаю адказы на ўсе пытанні ў жыцці, але я ведаю, што ніхто не памылка і што кожны з’яўляецца каштоўнасцю», – падкрэсліў Нік Вуйчыч падчас выступу.

Нік распавёў, што яго натхніў быць аратарам чалавек, які не мог хадзіць і гаварыць.

«Ён паміраў ад хваробы, але прыдумаў сабе лазерны прыбор. Пры яго дапамозе ён галавой набіраў тэкст і зрабіў сабе сайт, дзе натхняў людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Так што ва ўсіх ёсць надзея. Галоўнае – не здавацца», – заўважыў спікер.

Але сапраўдны штуршок у накірунку аратарства Ніку даў прыбіральшчык у яго роднай школе. Ён прапанаваў Ніку выступіць у студэнцкай групе падтрымкі. Спачатку Нік не згаджаўся, а праз тры месяцы прыняў гэтую прапанову.

Затым, як распавёў аратар, падчас аднаго з выступленняў адна дзяўчына падыйшла да яго, абняла і расплакалася ў яго на плячы. Яна сказала, што Нік даў ёй надзею. Пасля гэтага Нік вырашыў стаць аратарам і дапамагаць людзям знайсці надзею ў жыцці.

Вуйчыч пачынаў з 5-хвіліннага выступлення перад 10 настаўнікамі звычайнай правінцыйнай школы Аўстраліі, а на сёння ён ужо праехаў 5 мільёнаў кіламетраў па свеце, пабываў у 58 краінах,  выступіў перад 6 мільёнамі чалавек і сустракаўся з 13 прэзідэнтамі краін. Урады дзяржаў змянялі законы для інвалідаў пасля яго выступлення.

«Сваёй гісторыяй я хачу падкрэсліць, што мары здзяйсняюцца», – кажа Нік.

Іду за Хрыстом дзеля Яго самога

Хрысціянскі прапаведнік падкрэсліў падчас выступу, што стараецца заставацца верным хрысціянскім каштоўнасцям. Асабліва ён звярнуў увагу на дашлюбную чысціню.

«Я захоўваў цнатлівасць да таго, як сустрэў сваю жонку. Мяне выхавалі так, што секс у шлюбе заўсёды лепш, чым па-за шлюбам. І калі мой сын стане дарослым і настане час паразмаўляць з ім аб сапраўдным каханні, я змагу сказаць яму, што чакаў яго маці», – падкрэсліў Нік. 

Спікер заўважыў, што калі засноўваць шчасце на часовых каштоўнасцях, то яно і будзе часовым. «Калі ёсць вера і вы разумееце важнасць сям’і, то гэта значыць, што вы пачынаеце дзякаваць за вашае існаванне», – заўважыў Нік Вуйчыч.

«Я люблю вас усіх, незалежна ад таго, якая ў вас філасофія і рэлігія ў жыцці. Я вас люблю. Я ведаю, чаму я не мусульманін, чаму не індуіст, чаму не веру ў пераўвасабленне, чаму я не атэіст. Я іду за Езусам, таму што Ён уваскрос з магілы. Я не іду за Хрыстом з-за Цэркваў або іншых хрысціян, я іду за Ім з-за Яго самога», – дадаў Нік.

«Мая каштоўнасць не вызначаецца тым, што пра мяне думаюць іншыя»

Нік Вуйчыч заахвоціў усіх разумець сваю сапраўдную каштоўнасць, а не ганяцца за ацэнкамі іншых.

«Не важна, ёсць у мяне рукі і ногі або не, я ўсё роўна Нік Вуйчыч. Можаце выразаць у мяне язык, выкалаць вочы або адрэзаць вушы, але з маёй душой вы нічога не зробіце. З маім духам вы нічога не зробіце. Маю ідэнтычнасць, асобу вы ў мяне не забярэце. І маю веру вы ў мяне не адбярэце», – падкрэсліў спікер.

Нік заўважыў, што не трэба баяцца няўдач і ўпадаць у роспач. Галоўнае – дзякаваць за тое, што ўжо ёсць, «каб была смеласць вучыцца і ісці далей».

«Калі вы церпіце няўдачу, вы няўдачнікі? Не. Калі я пацярпеў няўдачу 100 разоў, я не няўдачнік. А чаму тады вы сабе кажаце, што вы няўдачнікі? Дайце самі сабе шанец. Жыццё ёсць жыццё. У жыцці заўсёды ёсць нявызначанасць. Будзьце смелымі, ідзіце крок за крокам. Смеласць – гэта не адсутнасць страху, гэта значыць рабіць штосьці нават тады, калі вы баіцеся», – заўважыў аратар.

Рабіць дабро

«Схадзіце, напрыклад, у хоспіс, да дзяцей, хворых на рак. Рассмяшыце гэтых дзяцей, правядзіце з імі час, паіграйце на гітары, прачытайце ім кнігу, дайце ім цацку, што-небудзь зрабіце для іх. Дапамажыце ім адвярнуць розум ад іх праблем. Пакарміце бяздомных, пабудзьце з сіротамі ў прытулку. Тады вы зразумееце, што зможаце штосьці зрабіць, каб Беларусь стала лепшай», – заклікаў мецэнат падчас выступлення.

У наступным годзе Нік плануе больш развіваць сваю дзейнасць у інтэрнэце праз відэа, кіно і адукацыйныя праграмы ў школах. Пра гэта ён распавёў падчас выступу. Таксама аратар прызнаўся, што яму вельмі спадабалася ў Беларусі і ён абавязкова вернецца сюды яшчэ раз.

Пасля выступлення Нік зрабіў са сцэны з гледачамі сэлфі, а потым наладзіў 25-хвілінныя «абдымашкі». Першымі абняць Ніка Вуйчыча змаглі людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Вочы дзяцей, моладзі і дарослых, якія пад'язджалі на сваіх калясках да Ніка, свяціліся ад радасці і вялікай надзеі. Нік прывёз ім у гэты красавіцкі вечар не проста надзею, але і ўпэўненасць, што жыццё сапраўды можа быць «без межаў». 


«Я хачу, каб вы ведалі: можаце лічыць мяне сваім братам, братам Беларусі. Ведайце, што я буду маліцца за вас і ваш урад, за вашыя сем’і і адукацыйную сістэму. Ведайце, што я не апошні раз у Беларусі. Я б хацеў яшчэ раз прыехаць. Я упэўнены, што вы знойдзеце веру ў Бога. Дзякуй, Мінск, дзякуй, Беларусь, я вас люблю, хвала Богу! Няхай благаславіць вас Бог!» – пакінуў сваё пасланне ўсім беларусам хрысціянскі прапаведнік з Аўстраліі.

Марына Валасар,

Фота Аляксандры Шчыглінскай

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.