Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Агульнабеларускае святкаванне Юбілейнага Года навучэнцамі семінарый прайшло ў Пінску
Беларусь
18.04.2016 09:20

16-17 красавіка ў Пінску адбылося агульнабеларускае святкаванне Юбілейнага Года Божай Міласэрнасці навучэнцамі семінарый.

У гэтыя дні ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску, якая таксама адзначае два юбілеі – 90-годдзе ад заснавання і 15-годдзе ад моманту адраджэння, – сабраліся супольнасці духоўных семінарый у Пінску і ў Гродне, рэпарцёры і госці. На святкаванні прысутнічала пяць беларускіх біскупаў.

Святкаванні пачаліся ў абед 16 красавіка, а раніцай гэтага дня семінарысты сабраліся на таварыскі футбольны матч. Пасля абеду і супольнай адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту адбылося прадстаўленне семінарый – кожная супольнасць прэзентавала гісторыю і актуальнасць жыцця сваёй Аlma mater. Наступная частка дня прайшла ў супольных малітвах, галоўную з якіх – Эўхарыстыю – у катэдральным касцёле Пінска ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB, а гамілію прамовіў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.



Наступны дзень быў не менш насычаным і пачаўся супольнай Ютранню ў семінарыйнай капліцы. Пасля сняданку адбылася агульная канферэнцыя, якая складалася з трох дакладаў.

Даклад на тэму «Асноўныя вымярэнні семінарыйнай фармацыі ў святле аднаўляючагася Ratio fundamentalis іnstitutionis sacerdotalis» прадставіў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Іерарх закрануў важнасць захавання чатырох асноўных аспектаў у выхаванні святароў – агульначалавечага, інтэлектуальнага, духоўнага і пастырскага, пры гэтым зазначыўшы, што рэкалекцыі і дні духоўных разважанняў з’яўляюцца ў працэсе фармацыі своеасаблівымі экзаменамі духоўнага ўзрастання.

Пасля дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі звярнуўся да прысутных з дакладам «Сям’я і Касцёл як асяроддзе абуджэння пакліканняў да святарства», у якім адзначыў вялікую ролю сям’і і Касцёла ў выхаванні і дапамозе распазнання пакліканняў да святарства і манаскага жыцця. Цытуючы адгартацыю Familiaris Consortio, дакладчык адзначыў, што, на жаль, сучасная сям’я губляе сувязь з традыцыяй, што праяўляецца ў змяншэнні колькасці дзяцей, адсутнасці супольнай малітвы і ўсё большым праяўленні секулярызацыі, геданізму і кансумізму. Іерарх нагадаў, што Ян Павел ІІ у якасці задання для сям’і ставіў неабходнасць вяртання да традыцыйных каштоўнасцяў. Біскуп падкрэсліў неабходнасць свабоднага выбару дарогі жыцця дзеля рэалізацыі Божага паклікання, а таксама звярнуў увагу на ролю душпастырскай дапамогі сем’ям, якія сталіся месцам узнікнення паклікання да Божай службы.

Даклад на тэму «Міласэрнасць у кантэксце семінарыйнай фармацыі» прадставіў рэктар семінарыі ў Пінску ксёндз Андрэй Рылка. Асаблівы націск святар зрабіў на тое, што ва ўмовах сучаснага свету асабліва важна быць не проста тэарэтыкам Божай Міласэрнасці, але яе сведкам. Любой тэорыі, як адзначыў дакладчык, можна супрацьпаставіць іншую тэорыю, але з досведам нельга згадзіцца ці не згадзіцца – ён ёсць. Важна жыць паводле Божага слова, сваім жыццём сведчыць аб Божых справах ва ўласнай гісторыі, быць апосталам Яго Міласэрнасці, дадаў кс. Андрэй Рылка.



Заканчэннем патройнага юбілею стала святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Гамілію прамовіў біскуп Юрый Касабуцкі, паказаўшы ў ёй прыгажосць, але і адказнасць каштоўнага і нялёгкага служэння святара. Таксама біскуп паказаў Хрыста, Добрага Пастыра, як галоўны прыклад Пастыра, на ўзор якога павінен фармавацца кожны, хто вырашыў ісці шляхам святарскага паклікання. Іерарх заклікаў да яшчэ больш гарачай малітвы за пакліканых, за семінарыстаў і святароў, за тых, хто разважае над святарствам ці манаскім жыццём, падкрэсліўшы вялікую каштоўнасць і неабходнасць такой малітвы.

Гэтыя дні сталі для навучэнцаў абедзвюх семінарый часам інтэграцыі праз адпачынак, гутаркі, дзяленне перажываннямі, уражаннямі і цікавымі гісторыямі з жыцця семінарый. Знайшлося шмат адрозненняў, але больш агульных момантаў. Таксама ў гэтыя дні асабліва адчувалася еднасць Касцёла ў Беларусі, еднасць традыцыі, гісторыі і сучаснасці, еднасць братоў – адной сям’і ў Езусе Хрысце.

Паводле seminaryja.by

(AG)

Фота seminaryja.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.