Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Выстава «Духоўная спадчына Міёршчыны» адкрылася ў раённым гісторыка-этнаграфічным музеі
Беларусь
18.04.2016 12:58

Адкрыццё выставы «Духоўная спадчына Міёршчыны» ў раённым гісторыка-этнаграфічным музеі сабрала нямала гасцей. На мерапрыемства завіталі намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Стальмачонак і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аляксандр Тронькін. Прынялі запрашэнне раздзяліць радасць урачыстай сустрэчы святары Віктар Вабішчэвіч, Кшыштаф Мянкіна і Пётр Дзяменцьеў.

Дырэктар установы Аксана Лагунёнак падзякавала ўсім, хто знайшоў час прыйсці ў музей, і адзначыла, што ў падрыхтаванай супрацоўнікамі выставы ёсць свая мэта — паказаць наведвальнікам, наколькі багатая духоўная спадчына роднай Міёршчыны. Бліжэй з ёй пазнаёміцца, як было адзначана, важна як дзецям і моладзі, так і дарослым, і пажылым людзям. Экскурсіі распрацавалі для розных узростаў.

Наведвальнікі з цікавасцю разглядалі культавыя прадметы стараверства, каталіцызму і праваслаўя — асноўных рэлігійных канфесій на тэрыторыі раёна. Некаторыя экспанаты выстаўляліся ўпершыню. Сярод іх метрычныя кнігі новапагосцкага касцёла і лявонпальскай царквы XVIII-XIX стагоддзяў, малітваслоў «Чэцці Мінеі» 1885 года.

Азнаямляльную экскурсію навуковы супрацоўнік Вольга Пупіна пачала з культавых рэчаў старавераў. Большая частка іх прадастаўлена Браслаўскім раённым аб'яднаннем музеяў. Гэта крыжы, ручнікі, абразы, рукапісныя кнігі. Прадстаўнікі гэтага веравызнання карыстаюцца лестаўкай — скураной плеценай стужкай для пераліку прачытаных малітваў і зямных паклонаў.

Лестаўка перакладаецца як «лесвіца» і мае сімвалічнае значэнне духоўнага ўзыходжання з зямлі на неба. Для ўчынення зямных паклонаў неабходны падручнікі — малітоўныя дыванкі з лапікаў тканіны. У фондах раённага музея захоўваецца драўляная іконніца, знойдзеная падчас этнаграфічнай экспедыцыі. Гэта своеасаблівая шафа для іконы, дзверцы якой расчыняюцца толькі ў святочныя дні.



У наведвальнікаў выклікалі цікавасць праваслаўныя іконы, напісаныя на драўляных дошчачках у XVIII-XIX стагоддзях. Сярод іх — Успенне Прасвятой Багародзіцы, Прасвятая Троіца, Маці Божая Казанская і іншыя. Яны таксама з Браслава.

У раённым музеі маецца самаробны драўляны крыж 1887 года з Новага Пагоста. Людзі, якія перадалі яго на захаванне, расказвалі, што крыж зрабіў вучань школы, каб Бог дапамагаў яму ў вучобе. Гаворачы аб праваслаўнай веры, экскурсавод нагадала гісторыю іконы Божай Маці Адзігітрыі Смаленскай, якая знаходзіцца ў дзісенскай царкве. Святыня прыплыла ў горад па рацэ і ўратавала яго ад страшнага пажару. Прыгадалі імя святара Мікалая Рунды, які зрабіў значны ўнёсак у духоўнае жыццё Міёршчыны.

Разам з праваслаўнымі іконамі занялі сваё месца на выставе творчыя работы міёрскіх умеліц: карціна Тамары Масленік з выявай царквы святога Мікалая Цудатворцы ў Чэрасах, вышываныя іконы Любові Юршэвіч.



Натхняе мастакоў-аматараў і галоўная славутасць Міёр — касцёл Унебаўзяцца Найсвяцейшай Панны Марыі. Яго адлюстравалі Тамара Масленік і Міраслава Плотнікава. Каталіцкія абразы малявала Яніна Пушкель з Новага Пагоста, якая таксама шыла вопратку для ксяндзоў. На выставе можна ўбачыць фотаздымак кс. Уладзіслава Пятрайціса ў адзенні, пашытым Янінай Ігнатаўнай. З ліку каталіцкіх культавых прадметаў —скульптурныя кампазіцыі, малітоўнік 1871 года, крыжы, ружанец.

Асобна на выставе прадстаўлены фотаздымкі культавых пабудоў Міёршчыны. На тэрыторыі раёна 22 святыні, сярод якіх 3 касцёлы і 10 цэркваў унесены ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Адна з самых даўніх — царква Святой Жыватворнай Троіцы ў Лявонпалі,  пабудаваная ў 1774 годзе без адзінага цвіка. Яе былы выгляд адлюстроўвае копія здымка пачатку ХХ стагоддзя аўтарства святара з Узмён Паўла Валынцэвіча. Захоўваюцца копіі здымкаў касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзісне, узведзенага ў 1773 г.

Падводзячы вынікі сустрэчы, усе трое святароў адзначылі, што створаная выстава —справа важная і патрэбная, асабліва для маладога пакалення, кожны павінен ведаць гісторыю свайго народа і малой радзімы, каб быць свядомым чалавекам і спадзявацца на светлую будучыню.

Паводле mijory.by

(AG)

Фота mijory.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.