Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Парафіяльныя землякі»: калі дарога ў манаства пачынаецца з адной парафіі
Беларусь
21.04.2016 14:25

З нагоды Тыдня малітваў аб пакліканнях у Каталіцкім Касцёле мы гутарым з «парафіяльнымі землякамі» — бр. Паўлам Пастушыным SP і с. Ганнай Мацуль CSFN, якія паходзяць з парафіі Св. Тэрэзы ад Езуса (Авільскай) у Шчучыне.

Як жа, відаць, павінна радавацца супольнасць, калі яе парафіяльная моладзь прысвячае жыццё Божай службе!

Пробашч шчучынскай парафіі кс. Вітальд Пяцельчыц SP пацвярджае: «Пакліканні да святарства і манаства — гэта не толькі радасць для парафіі, але і надзея на адраджэнне Каталіцкага Касцёла».

Пра «парафіяльных землякоў»

Сёння ў Шчучыне дзейнічае толькі адна парафія, ёй апякуюцца айцы піяры з Ордэна Пабожных Школ. З пачатку 1990-х гг., калі парафіяльная супольнасць нарэшце пачала дыхаць на поўныя грудзі, з яе выйшла ўжо больш за 10 святароў і кансэкраваных асобаў.

Сёння манаскую фармацыю праходзяць двое шчучынцаў: с. Ганна Мацуль у Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта і бр. Павел Пастушын у Ордэне Духоўных Рэгулярных Убогіх Маці Божай Пабожных Школ.

Catholic.by распытаў у іх пра веру, асаблівасць манаскага жыцця і тое, якой яны бачаць сваю місію ў Касцёле.

У адзін голас с. Ганна і бр. Павел паўтараюць, што бачыць сваіх землякоў, якія вырашылі прысвяціць сваё жыццё службе Богу, — гэта вялікая радасць.

«Я рады, што я не адзін на гэтым шляху», — усміхаецца брат Павел.

Сястра Ганна дадае, што ў такія моманты заўсёды дзякуе Богу «за сілы і мужнасць людзям ісці за Хрыстом»: «Сваёй парафіяй я ганаруся, бо ў нас 5 святароў, 7 сясцёр (разам са мною) і адзін семінарыст. Спадзяюся, што і іншыя маладыя сэрцы, у якія стукаецца Езус, з адвагаю прымуць Яго запрашэнне».

Як заключае семінарыст Павел Пастушын, яго вельмі цешыць, што ёсць тыя, хто ідзе за Хрыстом, «не кіруючыся чалавечым меркаваннем і будучы гатовымі адмовіцца ад стварэння ўласнай сям’і на карысць Бога».

Брат і сястра ў манастве

Думаючы пра будучую прафесію, у дзяцінстве Павел Пастушын бачыў сябе ўрачом-педыятрам, але ў старэйшых класах цікавасць да псіхалогіі пачала пераважаць.

Але, як прызнаецца сёння сам законнік, Бог вырашыў інакш, паклікаўшы хлопца на іншую службу — духоўную.

На фота: бр. Павел Пастушын SP (першы злева) разам з братамі піярамі 

«З маленства я быў вельмі моцна звязаны з Касцёлам і бачыў адно: у сваім жыцці хачу дапамагаць людзям. Доўга вырашаў, і нарэшце выбраў шлях святарства ў ордэне піяраў», — дадае семінарыст.

На выбар манаскай дарогі с. Ганны Мацуль CSFN у сваю чаргу паўплываў прыклад сясцёр назарэтанак.


На фота: с. Ганна Мацуль CSFN (першая злева) падчас складання першых манаскіх абяцанняў

«Доўгі час я шукала адказу на пытанне, ці сапраўды Бог мяне кліча, — распавядае манахіня. — Сёння магу сказаць толькі тое, што Ён даваў і працягвае даваць сваё святло».

«Манах павінен стаць прарокам», або што такое манаства?

Кансэкраваная асоба не можа мець маёмасці, уласных грошай. Яна падпарадкоўваецца настаяцелю і супольнасці, у якой жыве. Ці не пужаюць законнікаў гэтыя рэчы?

Абое шчучынцаў адзначаюць, што зусім не — манаскае жыццё з абяцаннямі чыстасці, убоства і паслухмянасці выхоўвае чалавека і вучыць яго найперш пакоры.

«Манаскае жыццё — прыгожае жыццё, яно вучыць шукаць Бога ў бліжнім», — гаворыць с. Ганна.

«А яшчэ гэта асаблівае пакліканне, бо манах павінен стаць прарокам, харызматыкам, бачным знакам Уваскрослага Хрыста», — дапаўняе бр. Павел.

Місія манахаў у Касцёле

Брат Павел адзначае, што місію манаха бачыць у абвяшчэнні Евангелля і пошуку «згубленых людзей»:

«Я павінен усебакова быць падрыхтаваным да таго, каб стаць добрым манахам, святаром, настаўнікам, але найперш — чалавекам, які будзе адкрыты на патрэбы людзей».

Сястра Ганны ў адказ на пытанне прыводзіць цытату з папскай адгартацыі Evangelii Gaudium: «Маё прызначэнне ў гэтым свеце — быць місіяй, і таму я знаходжуся ў гэтым свеце».

Манахіня зазначае, што галоўнае ў жыцці з Богам — гэта давер Яму. «Бог з’яўляецца тым, хто дае жыццё і аднаўляе яго, таму так важна ставіць у цэнтр жыцця Бога».

На думку семінарыста Паўла, вера ў Бога заключана не толькі ў даверы, але і ва ўменні аддаць усё, што належыць табе: ад любові да праблем і слабасцяў.

На фота: бр. Павел (другі справа) у братэрскай супольнасці

«Калі я веру, то ўпэўнены, што кожнае здарэнне, якое са мной адбываецца, мае сэнс. Божае слова тады не з’яўляецца толькі наборам пэўных прынцыпаў, а кірункам, якім я павінен ісці кожны дзень», — дадае бр. Павел.

Манах перакананы: вера ў Бога павінна выражацца ў любові і павазе да іншых людзей, інакш немагчыма быць сапраўдным хрысціянінам.

Апрацавалі Ілья Лапато, кс. Юрый Марціновіч
фота з уласных архіваў кансэкраваных асобаў

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.