Ксёндз Аляксандр Улас прыняў удзел у перадачы на канале АНТ «Справа прынцыпу», якая была прысвечана ролі рэлігіі ў грамадскіх справах.
«Быць католікам — гэта быць веруючым, гэта значыць жыць праўдай, якую даў сам Бог нам, праз Святое Пісанне, Традыцыю і Магістэрыум Касцёла, — сказаў ксёндз Аляксандр. — Гэта значыць жыць праўдай».
Падчас перадачы была згадана пазітыўная гісторыя беларускіх татар, якія жылі на нашых землях з часоў Вялікага княства Літоўскага і зрабілі значны ўнёсак у нацыянальную беларускую культуру.
Была адзначана розніца паміж беларускімі мусульманамі і некаторымі мігрантамі, якія прыбываюць у Беларусь часам без досведу талерантных міжрэлігійных стасункаў.
Абмяркоўваўся феномен рэлігійнасці і ягоная неадназначнасць, бо людзі, як было адзначана, могуць быць рэлігійнымі, але фактычна гэта можа не мець сувязі з той рэлігіяй, да якой яны фармальна сябе адносяць.
Па словах арганізатараў перадачы, у Беларусі 84,5% праваслаўных, 12,5% католікаў і 3% прастаўнікоў іншых рэлігій і канфесій.
Пры гэтым толькі каля 10% насельніцтва ў Беларусі — прыкладна 1 млн чалавек — сапраўды рэгулярна наведваюць службы, сказаў эксперт перадачы Ігар Катляроў, дыректар Беларускага інстытута інфармацыі і прагназавання пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.