Майстар-клас для аніматараў каталіцкіх сямейных рухаў прайшоў у Ляскоўцы |
Беларусь |
23.04.2016 12:20 |
У красавіку ў цэнтры «Caritas» у Ляскоўцы адбыўся майстар-клас для аніматараў каталіцкіх сямейных рухаў. Яго праводзілі святары з Кангрэгацыі Місіянераў Святой Сям’і разам са сваімі свецкімі супрацоўнікамі. У Беларусі часта праходзяць разнастайныя рэкалекцыі для сямейных пар, для бацькоў з дзецьмі, для нарачоных, якія праводзяць святары ў супрацоўніцтве са свецкімі вернікамі. Часта святар –духоўны апякун, дарадца, а ўся арганізацыя кладзецца на плечы аніматараў. Паколькі даволі складана прыдумаць актуальную тэму, падрыхтаваць навукі, сведчанні, матэрыяльнае забеспячэнне, то і з’явілася ідэя майcтар-класа, каб больш вопытныя аніматары падзяліліся сваім досведам і ведамі з тымі, хто толькі ўваходзіць на сцежку евангелізацыі сярод сем’яў. На працягу трох дзён удзельнікі майстар-класа разам з арганізатарамі віртуальна прайшлі ўвесь шлях падрыхтоўкі сямейных рэкалекцый. Выбар тэматыкі і мэты, пазнанне аўдыторыі, запрашэнне, рэклама, структура навучання, актыўныя методыкі, візуальныя сродкі, хрысціянскія танцы, інтэграцыя групы, супрацоўніцтва са святаром, верыфікацыя дасягнення мэты, фармацыя аніматараў – толькі некаторыя з закранутых пытанняў.
|