Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Супольнасць семінарыі ў Пінску здзейсніла падарожжа ў Літву
Беларусь
27.04.2016 16:23

22-24 красавіка супольнасць Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску правяла свой адпачынак, знаёмячыся з прыгажосцю і культурай Літвы.

У гэтыя дні семінарыйная супольнасць мела магчымасць не толькі наведаць Літву, каб пазнаёміцца з гэтай краінай, але перадусім аддацца пад асаблівую апеку Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Міласэрнасці, цудатворны абраз якой змешчаны ў Вострай Браме ў Вільнюсе.

Хаця ўсе гэтыя дні надвор’е не радавала і суправаджала холадам, дажджом і нават снегам, але насычаныя падзеі гэтых дзён і ўражанні ад іх цалкам акупілі гэтыя непрыемнасці. Па дарозе ў Вільнюс семінарысты наведалі Жыровічы, каб памаліцца яшчэ на адным месцы шанавання Маці Божай, якая з’явілася там.

У Вільнюсе падарожнікі мелі магчымасць адчуць гасціннасць супольнасці мясцовай семінарыі. Начлег тут быў таксама добрай нагодай для знаёмства з побытам, вучобай і традыцыямі семінарыстаў у Літве. Падчас кароткіх двух дзён, якія семінарысты мелі ў сваім распараджэнні, яны паспелі вельмі многае. Яны разам наведалі славутую “Гару крыжоў” у Шаўляі, якая ўразіла сваёй незвычайнасцю і сведчаннем аб моцнай народнай пабожнасці. Маліліся на святой Імшы ў нацыянальным санктуарыі ў Шылуве, месцы хіба што найбольш ранніх аб’яўленняў Маці Божай у Еўропе і наогул месцы, якое ўражвае сваёй прыгажосцю. Наведалі па дарозе кляштар сясцёр кармэлітанак босых у Паштуа, гістарычны цэнтр і катэдру Каўнаса.



Цэлы дзень быў прысвечаны сталіцы Літвы. Распачаўся ён з наведвання Вострай Брамы і малітвы перад абразом Марыі Маці Міласэрнасці. Таксама была магчымасць прайсціся па гістарычных вуліцах Вільнюса, адчуць прыгажосць і велічнасць гэтага цудоўнага горада. Знаёмста з мясцовым касцёлам працягнулася праз наведванне капліцы Езуса Міласэрнага, дзе змешчаны абраз Хрыста, напісаны на падставе слоў і ўказанняў св. Фаўстыны Кавальскай. Далей падарожнікі ўбачылі капліцу святой Ганны, якая некалі так захапіла Напалеона сваёй прыгажосцю, падняліся на гару Трох Крыжоў, устаноўленых на памяць аб місіянерах-францішканах, якія мучаніцкай смерцю засведчылі аб сваёй веры. З яе адкрываецца захапляючы від на ўвесь горад.



Таксама ў Вільнюсе супольнасць наведала дом сясцёр бэнэдыктынак, дзе адбылася цэлебрацыя святой Імшы, пасля якой была магчымасць адчуць гасціннасць супольнасці сясцёр, пазнаёміцца з іх жыццём і даверыць сябе іх малітвам.

Гэтыя дні падарылі семінарыстам шмат цудоўных уражанняў і, хаця былі вельмі насычанымі, сталі таксама і адпачынкам. Адпачыўшы і набраўшыся сіл у малітве, семінарысты вярнуліся да вучобы і штодзённых абавязкаў, але спадзяюцца, што плёны гэты дзён яшчэ доўга будуць падмацоўваць іх.

Паводле seminaryja.by

(AG)

Фота seminaryja.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.