Адышоў у вечнасць кс. Уладзімір Мазалеўскі SAC |
Беларусь
|
27.04.2016 22:05 |
25 красавіка біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка ў г. Атвоцк (Польшча) прыняў удзел у пахаванні кс. Уладзіміра Мазалеўскага SAC, які зрабіў вялікі ўнёсак у адраджэнне Касцёла ў Беларусі ў 1990-я гады.
Гэты святар нарадзіўся ў 1933 г. у Варшаве. У 1952 г. быў прыняты ў Таварыства Каталіцкага Апостальства (SAC), а ў 1957 г. атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне. Вучыўся ў Люблінскім каталіцкім універсітэце. Працаваў у Польшчы, Італіі, Украіне, Расіі і Беларусі.
У 1990 г. быў сярод першых святароў, якія з вялікім энтузіязмам веры прыехалі ў Беларусь, каб падтрымаць адраджэнне Касцёла. Імя ксяндза Уладзіміра Мазалеўскага ўпісалася залатымі літарамі ў гісторыю адраджэння парафій у г. Бяроза і навакольных парафіях: у Сягневічах, Сяльцы, Белаазёрску. З удзячнай малітоўнай памяццю яго як свайго першага пробашча пасля ліхалеццяў пераследу ўзгадваюць вернікі парафіі ў Лельчыцах і на ўсёй Гомельшчыне. Ён сваёй святарскай руплівасцю і велізарным духоўным вопытам падтрымліваў шматлікіх душпастыраў Баранавіцкага рэгіёна, а таксама ў апошнія гады прабывання ў Беларусі – парафіяльныя супольнасці ў Глыбокім і Мёрах. Цяжка пералічыць шматлікія заслугі і велізарныя плёны самаадданага служэння гэтага святара Богу і людзям у Беларусі з 1990 па 2010 гг.
Усе вернікі і душпастыры адроджаных і ўмацаваных руплівым служэннем кс. Уладзіміра Мазалеўскага парафій асабліва ў гэтыя дні ўзносяць да міласэрнага Бога малітву падзякі за дар гэтага душпастыра і моляцца аб вечнай узнагародзе для яго ў Небе.
Вечны адпачынак дай яму, Пане, а святло вечнае няхай яму свеціць.
Няхай адпачывае ў супакоі вечным.
|