Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
СДМ-2016: каб «зарадзіць духоўныя акумулятары нашага жыцця на будучыню»
Беларусь
05.05.2016 08:00

Усё бліжэй лета, а значыць, і сустрэча моладзі з усяго свету ў Кракаве з Папам Францішкам. Горад суседняй краіны, як і сама краіна, вядзе плённую падрыхтоўку, каб прыняць усіх, хто наведае іх у ліпеньскія дні.

Пра тое, што адбываецца ў адной са шматлікіх парафій Польшчы, якія знаходзяцца ў чаканні гэтай вялікай падзеі, распавяла Катажына Радваньска, студэнтка Папскага ўніверсітэта імя св. Яна Паўла ІІ у Кракаве.

Катажына Радваньска паходзіць з невялікай мясцовасці за 120 км ад культурнай сталіцы Польшчы — Пустынь каля Дэмбіцы (парафія Св. Станіслава).

Падчас вучобы і прабывання ў Кракаве яна знаходзіць час, каб удзельнічаць у падрыхтоўцы непасрэдна на месцы правядзення СДМ. Катажына — будучая журналістка, таму яна піша артыкулы пра падрыхтоўку Дзён моладзі на афіцыйнай старонцы СДМ-2016.

«Але гэта толькі адзін бок падрыхтоўкі, бо другі — гэта праца ў роднай парафіі. Як парафіяльны аніматар я прымаю ўдзел у арганізацыі праграмы падчас Місійнага тыдня», — распавядае Катажына.

Місійны тыдзень — час перад СДМ, калі моладзь, якая прыедзе ў Польшчу, будзе знаходзіцца ў розных парафіях і будзе прынята ў польскіх сем’ях. Гэта будзе час, каб лепш пазнаць польскую ментальнасць, рэлігійнасць, культуру і мову праз непасрэдны кантакт з іх носьбітамі.

Катажына тлумачыць: «Напрыклад, у нашу невялікую парафію прыедзе група з 50 чалавек. Пакуль яны будуць прабываць у парафіі, мы будзем адкрываць ім нашу краіну, бо калі яны ўжо будуць у Кракаве, то там моладзь чакаюць мерапрыемствы больш евангелізацыйнага характару. Наша мэта — паказаць, як выглядае жыццё невялікай веруючай супольнасці ў Польшчы.

У нашай парафіі мы маем моладзевую суполку, якая налічвае каля 30 чалавек і рыхтуецца да гэтых дзён. Мы праходзім адмысловую духоўную фармацыю, маем святара, які нам у гэтым дапамагае і вядзе. Удзельнікі суполкі сустракаюцца раз на тыдзень, каб абмеркаваць пытанні, якія датычацца СДМ і не толькі».

Якім чынам будзе прыблізна выглядаць праграма Місійнага тыдня?

«Адзін дзень будзе звязаны з турыстычнымі наведваннямі. Мы будзем паказваць гасцям не самыя вядомыя месцы Кракава, але тыя, якія наведваем самі і праводзім там час. Потым адбудзецца агульнадыяцэзіяльная сустрэча ў Старым Сончу каля алтара, які быў спецыяльна пабудаваны да візіту Яна Паўла ІІ у 1999 годзе.

Разам з моладдзю будзем рыхтаваць літургію.

Хоць у нашай парафіі будзе прынята толькі 50 чалавек, але мы вельмі хочам заахвоціць да ўдзелу як мага больш парафіян, а не толькі тыя сем’і, у якіх будуць жыць удзельнікі СДМ».


Катажына каля Папскага ўніверсітэта імя св. Яна Паўла ІІ, у якім вучыцца

А ваша мясцовая моладзь прыме ўдзел у сустрэчы з Папам Францішкам?

«Мы б вельмі хацелі, каб як мага больш нашай моладзі таксама паехала ў Кракаў, таму ладзім розныя акцыі і ініцыятывы ў парафіі на працягу года, каб назбіраць нейкія сродкі, бо сума, патрэбная для ўдзелу — 600 злотых, — знойдзецца не ва ўсіх.

Мы стараемся заахвоціць як мага больш людзей, распавядаючы, што ўдзел у СДМ — гэта вельмі важная духоўная, а не турыстычная падзея.

Напрыклад, на свята апекуна нашай парафіі — святога Станіслава — мы арганізавалі продаж адмысловых абразікаў — дэкупаж на дрэве. На Дзень святога Валянціна арганізавалі акцыю "Валянцінка для Езуса", якая датычылася больш духоўнай падрыхтоўкі. Спачатку быў падрыхтаваны спектакль пра рэанімацыю сэрца чалавека, выратаваць якога ў самай безвыходнай сітуацыі можа Езус. Пасля спектакля адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і споведзь, да якой у той выключны дзень прыступіла вельмі шмат маладых людзей. У той жа дзень праходзіла акцыя міласэрнасці і збіраліся сродкі на лячэнне хворага хлопчыка. Падчас акцыі моладзь прадавала цаглінкі ў форме сэрца, заклікаючы ўсіх аб дапамозе.

Апрача парафіяльных падзей, ладзяцца і выезды ў горы. Такія "горныя рэйды" будуць праходзіць у маі, а таксама непасрэдна перад СДМ».

Катажына падзялілася, што ў іх парафіі сем’і, якія будуць прымаць удзельнікаў СДМ з іншых краін, ужо паспрабавалі для «рэпетыцыі» прымаць мясцовую моладзь.

Катажына з Яўгеніяй Раткевіч, валанцёркай на СДМ з Беларусі

Малітва аб СДМ і вартасць удзелу

«Кожную пятніцу моладзь збіраецца, каб у 15.00 маліцца Вяночак да Божай Міласэрнасці ў інтэнцыі СДМ.

Таксама мы хочам паказаць малодшай моладзі, што СДМ — сапраўды важная падзея, і варта прыняць у ёй удзел. Мы кажам, што дзеля таго, каб удзельнічаць, трэба ў чым-небудзь сабе адмовіць зараз, каб потым мець сродкі.

Шматлюднасць, шум, бяспынны рух — тое, што будзе падчас сустрэчы — гэта і нязручна, і не вельмі прыемна фізічна, але варта памятаць, што гэта будзе магчымасць адпачыць духам — зарадзіць духоўныя акумулятары нашага жыцця на будучыню».

Падрыхтавала Аксана Ючкавіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.