Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
6 мая спаўняецца 90 гадоў з дня смерці святара і паэта Казіміра Сваяка
Беларусь
06.05.2016 12:42

6 мая спаўняецца 90 гадоў з дня смерці адраджэнца, святара і паэта Казіміра Сваяка (Канстанціна Стаповіча).

Ушаноўваючы памяць гэтага святара, які ведаў важнасць і значэнне роднай мовы ў святынях і выкарыстанне яе ў набажэнствах, які цаніў і зберагаў беларускую культуру, падтрымліваў творцаў і іх працу і сам з’яўляўся творцам паэтычнага скарбу, змяшчаем некалькі яго твораў пра Беларусь, пра праўду і справядлівасць, валадарання якіх ён так прагнуў на сваёй Радзіме.

 

Прад Богам


Язэп Драздовіч, «Космас», 1943 г.

Я глінай мяккай ў руках Тваіх, Божа,
Дух мой асобны нічога не можа,
Хоць з Тваёй ласкі і ў Тваёй сіле
Я несмяртэльны нават і ў магіле.

Я падарожны з высокай краіны,
Шукаю шчасця, і кожнай часіны
Мыслю: Крый Божа злуднае мары, —
Жыцця ў раскошы без бед і ахвяры...

Аднэй пацехі прашу Цябе, Пане,
Дай зразуменне і ўмілаванне
Праўды, што выйшаў з рук Тваіх я вольны
Выбраць няшчасце ці рай упатольны.

Хрысце


Язэп Драздовіч, «Прарок», 1931.

Хрысце, відзіш маё сэрца
Маёй тайніцы душы:
Табе малюсь у паняверцы,
Мае слёзы асушы.

Выракаюся я грэху,
Шчыра плачу за блуды,
Прышлі ж урэшце мне пацеху
За нядолю, за труды.

Даеш гора мне з патрэбы,
Не забыў каб цноты я;
Бо у шчасці не здалеў бы
Паважаць красу жыцця...

Але ж крыж уеўся ў плечы,
Ланцугі у рук, у ног:
Ворагі паднялі мечы,
Каб паўстаці я не мог.

Хрысце Езу, пасля мукі
Меў жа Ты трыумфу час:
Развяжы ж і нам ўжо рукі,
Бо грахі прыдушылі нас...

На дарогу да свабоды
Дай жа нам святы Дар Твой:
Благаслаў усе народы
На збратанне, на спакой.

Загляне сонца…

Язэп Драздовіч, «Дом былога судзілішча Мінскага замка», 1920

Загляне сонца ў наша ваконца,
Хатку асвеціць праменьмі —
Па цёмнай ночы ажывіць вочы
Боскім да працы натхненнем.

Позна мы ўсталі, і шмат праспалі,
Гойдалі злыдні нам долю —
Пяялі песні нам напрадвесні,
Радасці песню ў няволі.

Заход смяяўся, каб ён даждаўся,
У лапцёх што з труду мы спалі, —
Усход нас мучыў цяжка-балюча:
Хацеў, каб з душой мы прапалі.

Абы балота, будзе ліхота:
Дзёрлі нас нянькі-начніцы —
Аж да жывога — мо з волі Бога —
Кроў аж зрасіла зямліцу.

Аж застагнала зямля ў падвалах,
Неба пакрыў бліск агняны —
З болю зямліцы, з крыві крыніцы
Брат наш збудзіўся русняны.

Асвеціць сонца яго ваконца,
Злуду мар сонных развее —
І выйдзе з плугам ён саматугам,
Родненьку ніву засее.

Груган з Усходу, а крук з Заходу
Дарма там жыру шукае —
Бо зерне спорна, у волю прасторна,
Хутка пад неба ўзрастае.

(AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.