Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп намінат Габар Пінтэр: «Я рады і гатовы да служэння ў Беларусі»
Беларусь
13.05.2016 21:07

13 мая Папа Францішак прызначыў мансеньёра Габара Пінтэра, які быў дарадцам Апостальскай Нунцыятуры ў Аўстрыі, Апостальскім Нунцыем у Беларусь. Разам з прызначэннем мансеньёр Пінтэр атрымаў намінацыю на арцыбіскупа, а гэта значыць, што ў бліжэйшы час ён атрымае біскупскую сакру.

У размове з карэспандэнтам Catholic.by мансеньёр Габар Пінтэр распавёў пра сябе, а таксама падзяліўся сваімі чаканнямі ад службы ў Беларусі.

— Шаноўны мансеньёр, найперш дазвольце павіншаваць Вас з прызначэннем Апостальскім Нунцыем у Беларусі!

— Дзякуй! Я вельмі рады і гатовы да службы ў Беларусі. З таго часу, як я даведаўся пра намер Папы Францішка прызначыць мяне Апостальскім Нунцыем у вашу краіну, у мяне быў час крыху падрыхтавацца – я шмат чытаў пра гісторыю Беларусі і яе рэлігійную сітуацыю. Гісторыя краіны прыгожая, але разам з тым няпростая.

— Магчыма, раней Вам ужо даводзілася наведваць Беларусь?

— У Беларусі я яшчэ не быў, але ўжо шмат даведаўся пра яе. Шмат інфармацыі пачэрпнуў з інтэрнэту, ужо заходзіў на ваш сайт Catholic.by і азнаёміўся з біскупамі, якія служаць у краіне; ведаю, колькі католікаў жыве ў Беларусі, ацаніў сённяшні рэлігійны стан.


На фота: мансеньёр Габар Пінтэр другі справа

— Якой была Ваша спецыялізацыя падчас вучобы?

— Спачатку я вывучаў каталіцкую тэалогію і філасофію ў Будапешце, затым паступіў на каталіцкі факультэт ва ўніверсітэт Вены па спецыялізацыі «фундаментальная тэалогія і псіхалогія». Дактарат я пісаў па фундаментальнай тэалогіі ўжо ў Германіі. А далей была вучоба ў Рыме, дзе я абараніў ліцэнцыят па касцёльным праве ў Латэранскім ўніверсітэце.

— У Вашай біяграфіі ўказана валоданне дзевяццю (!) мовамі, у ліку якіх і руская. Дзе Вы яе вывучалі?

— Я нарадзіўся ў Венгрыі. У мае школьныя гады руская мова была абавязковая, я вучыў яе 8 гадоў. Пасля перайшоў у гімназію з паглыбленым вывучэннем моў. Асноўная ўвага там надавалася англійскай, але рускую таксама вучылі. Сёння я ўжо не так упэўнена размаўляю па-руску. За 30 гадоў я амаль не карыстаўся ёю, толькі зрэдку размаўляючы з рускамоўнымі дыпламатамі.

— Касцёл у Беларусі з нецярпеннем чакае новага Апостальскага Нунцыя! Магчыма, што ў Беларусі Вы вывучыце і сваю дзясятую мову.

— Я ведаю, у Беларусі ёсць беларуская мова (усміхаецца — заўв. аўт.). Але пакуль рана казаць пра штосьці, бо мяне толькі-толькі прызначылі. Я яшчэ не ведаю пра канкрэтныя тэрміны, калі я прыбуду ў Беларусь. Але я рады, што неўзабаве распачну сваё служэнне ў вашай краіне. І, паўтаруся, я гатовы да службы і вельмі цешуся, што ў Беларусі мяне ўжо чакаюць.

Размаўляў Ілья Лапато

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.