Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Завяршыўся І Кангрэс сямейных рухаў: «Каб прастора сямейнага жыцця была прасторай міласэрнасці»
Беларусь
15.05.2016 12:30

15 мая ў Баранавічах завяршыўся І Кангрэс сямейных рухаў у Беларусі. Кангрэс быў прысвечаны тэме «Прабачэнне і прымірэнне ў сям’і» і прымеркаваны да Юбілейнага Года Божай Міласэрнасці.

Арганізатарам кангрэсу выступіла Рада па справах сям'і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

Раніцай апошняга дня кангрэсу адбылася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Затым мелі месца праца ў групах, падсумаванне і дыскусія.

У слове на заканчэнне кангрэсу біскуп Антоні Дзям’янка сказаў: «У Год Міласэрнасці, у нядзелю Спаслання Духа Святога і пасля дзвюх сесій Сінода Біскупаў на тэму сям’і мы ў нашай супольнасці Касцёла ў Беларусі засяроджваемся над інстытутам сям’і. Мы ставім перад сабой пытанні: чым з’яўляецца сям’я? Што такое сям’я для Касцёла? Якая мая адказнасць за сям’ю?»

Іерарх нагадаў, што Папа Францішак пасля заканчэння Сінода Біскупаў выдаў Апостальскую адгартацыю «Amoris Laetitia», з якой варта азнаёміцца і жыць у сем’ях паводле яе паслання. У ёй, па словах біскупа, «Папа мала гаворыць пра тэалогію або філасофію сям’і», «адчувае сябе больш душпастырам сем’яў і вельмі хоча дапамагчы ім».

«Мы таксама як мясцовы Касцёл хочам сёння асаблівым чынам быць з нашымі сем’ямі. Нагадаць сабе, чым яны з’яўляюцца. Сказаць, як моцна на іх разлічвае Бог. Умацаваць на дарозе рэалізацыі сужэнскага абяцання. Мы хочам быць найперш з сем’ямі, якія перажываюць крызісы, і дапамагаць выходзіць з іх поўнымі і аздароўленымі. Мы маем намер сумесна шукаць шляхі выйсця», — дадаў пінскі ардынарый.

«Бог ведае ўсё і пра нашы сем’і — іх гісторыю, вернасць і здраду членаў, цноты і грахі. Бог кліча менавіта такія глыбока чалавечыя сем’і да супрацоўніцтва з сабой», — адзначыў іерарх.



Біскуп звярнуў увагу, што сем’і «павінны супрацоўнічаць з Богам і слухаць Яго», а гэта «азначае ў першую чаргу вернасць у паўсядзённым жыцці». «Гэта таксама і пераадоленне крызісаў. Гэта ўсведамленне, што чалавечай сутнасцю з’яўляецца падзенне, але д’ябальскай — трываць у падзенні. Гэта ўсцяж вучыцца цярпліваму прабачэнню, але таксама і адважнаму напамінанню. Гэта пазбаўленне ад гневу», — дадаў іерарх.

Біскуп Антоні Дзям’янка падкрэсліў, што члены сям’і «павінны ўсцяж адкрываць радасць быцця разам», «радасць любові”. «У наш час „любоў” з’яўляецца тым словам, якое найбольш часта выкарыстоўваецца, але таксама і найбольш дэфармаваным паняццем», — дадаў пінскі ардынарый.



«Я б сказаў, што сужэнства — гэта заўсёды бесперапынная сустрэча і бесперапынная дынаміка. Найпрыгажэй гучыць гэтае сужэнскае абяцанне на чэшскай мове: „Я аддаюся табе і прымаю цябе”. Гэта менавіта і ёсць аддаванне сужэнцу таго, што самае каштоўнае, і прыняцце ад яго таго ж самага», — патлумачыў іерарх.

Біскуп Антоні Дзям’янка дадаў, што Год Міласэрнасці — асаблівая магчымасць для сем’яў, «магчымасць вярнуцца да першапачатковай любові», і пажадаў, каб прастора сямейнага жыцця была «прасторай міласэрнасці».

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.