Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Чыгуначнікі з Беларусі прынялі ўдзел у Еўрапейскім кангрэсе хрысціянскіх чыгуначнікаў
Беларусь
16.05.2016 15:43

З 9 па 14 мая ў Любліне (Польшча) адбыўся XIX Еўрапейскі кангрэс хрысціянскіх чыгуначнікаў, на якім беларускую дэлегацыю прадстаўлялі чыгуначнікі з Гродзеншчыны (Гродна, Ваўкавыск, Свіслач), Маладзечна і Мінска.

Кангрэс адбыўся пад назвай «Будзьма сведкамі міласэрнасці», спасылаючыся на Надзвычайны Юбілей Міласэрнасці, які ў гэтым годзе адзначае Каталіцкі Касцёл ва ўсім свеце.

Сярод удзельнікаў былі чыгуначнікі з Францыі, Венгрыі, Славакіі, Чэхіі, Украіны. Гаспадарамі сустрэчы былі чыгуначнікі з Каталіцкага Таварыства польскіх чыгуначнікаў.


На працягу тыдня ўдзельнікі кангрэсу, якіх яднае праца і вера ў Хрыста, мелі магчымасць прыстунічаць на розных сустрэчах, прадставіць рэфераты аб дзейнасці каталіцкіх душпастырскіх асяроддзяў у сваіх краінах, пазнаёміцца з культурай краіны-гаспадара і дзейнасцю чыгуначнікаў з Польшчы.

Сярод важных пунктаў праграмы было наведванне і ўскладанне кветак дэлегатамі кожнай краіны да мемарыяльнага комплекса «Майданэк» – месца, дзе знаходзіўся канцлагер.


Адметнай рысай было тое, што кангрэс быў арганізаваны пры падтрымцы як духоўных уладаў (ганаровую апеку над кангрэсам yзяў на сябе Прымас Польшчы, а ўрачыстую святую Імшу на распачацце кангрэса ўзначаліў у катэдральным касцёле Мітрапаліт Люблінскі арцыбіскуп Станіслаў Будзік), так і дзяржаўных – ганаровая апека Прэзідэнта Польшчы, удзел ва ўрачыстасцях мэра і прадстаўнікоў улады г. Любліна і Люблінскага ваяводства, прадстаўнікоў міністэрства інфраструктуры Польшчы і ўладаў чыгункі. 

Кажучы пра духоўны бок кангрэсу, варта адзначыць пілігрымку ў варшаўскі касцёл св. Станіслава, дзе ў свой час працаваў благаслаўлёны кс. Ежы Папялушка, пілігрымку ў санктуарый Маці Божай Кэмбельскай, дзе пасля Імшы ўсе чыгуначнікі Еўропы і іх сем’і былі даручаны апецы Панны Марыі, святую Імшу ў касцёле Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта і сустрэчу з рэктарам гэтай навучальнай установы.


Кс. Міхал Бубен
Фота – В. Рабенок, архіў KSKP

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.