Новы Апостальскі Нунцый у Беларусі мансеньёр Габар Пінтэр праз пасрэдніцтва Ватыканскага радыё скіраваў прывітальнае слова да біскупаў, святароў, членаў манаскіх супольнасцяў і ўсіх вернікаў Беларусі.
Прывітальнае слова мансеньёра Габара Пінтэра
Я шчыра дзякую Ватыканскаму радыё за прадстаўленую мне магчымасць накіраваць мае самыя цёплыя словы прывітання з дапамогай сродкаў масавай камунікацыі да ўсіх біскупаў, святароў, манахаў, манахінь, да ўсіх вернікаў, да братоў і сясцёр праваслаўных і ўсіх грамадзян добрай волі Беларусі.
Гэта вялікі гонар і задавальненне для мяне мець магчымасць прадстаўляць Святога Айца ў вашай цудоўнай краіне, сярод гэтага высакароднага народа, у Касцёле, так драматычна пацярпелым і ў той жа час настолькі жывым.
Той факт, што я паходжу з Венгрыі і таму ведаю рэальнасць камуністычнага мінулага, несумненна, дапаможа мне лепш зразумець актуальную сітуацыю Касцёла і грамадства ў Беларусі.
Я быў вельмі рады атрымаць інфармацыю пра выдатнае супрацоўніцтва паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой, што многія лічаць мадэллю экуменізму. Для мяне будзе прыярытэтам развіццё і паглыбленне гэтага братняга і сапраўднага хрысціянскага суіснавання.
У пачатку ліпеня ў Будславе будзе адзначацца 25-я гадавіна ўстанаўлення Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, што стала сімвалам адраджэння Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. На жаль, я не змагу прысутнічаць сярод вас фізічна, але буду там духоўна і ў маіх малітвах.
Я прашу вас шмат маліцца за мяне ў бліжэйшыя месяцы, падчас якіх я буду рыхтавацца з вялікай радасцю і шырока адкрытым сэрцам, каб у бліжэйшы час сустрэць вас з жаданнем быць вашым братам, які падтрымлівае вас у веры, міласэрнасці і надзеі
Вена, 15 мая 2016 г., нядзеля Спаслання Духа Святога
Мансеньёр доктар Габар Пінтэр
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
|