Місія «Чыстае сэрца» арганізавала ў Мінску дабрачынны канцэрт у падтрымку хворых дзяцей |
Беларусь |
29.05.2016 23:52 |
28 мая ў Мінску прайшоў фінальны канцэрт фестывалю «Таленты чыстых сэрцаў», які арганізоўвае дабрачынная моладзевая місія «Чыстае сэрца». На сцэне Цэнтральнага Дома афіцэраў выступілі дзеці-сіроты і дзеці з абмежаванымі магчымасцямі. Місія «Чыстае сэрца» пачала сваю дзейнасць пяць гадоў таму. Тады ж пачалася гісторыя дабрачыннага фестываля для дзяцей-сірот і дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі «Таленты чыстых сэрцаў». У межах фестывалю перад фінальным канцэртам у Мінску была наладжана выстаўка выяўленчага мастацтва ўдзельнікаў конкурсу. У холе Цэнтральнага Дома афіцэраў можна было ўбачыць арыгінальныя карціны ў розных мастацкіх тэхніках выканання, а таксама творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Сам жа фестываль парадаваў яркімі, разнастайнымі нумарамі і адкрыў мноства талентаў. Паказаць сябе ў Мінск прыехалі канкурсанты фестывалю з Мінскай і Магілёўскай абласцей. Адборачныя этапы фестывалю праводзіліся ў Мінску, Мінскай і Магілёўскай вобласцях. Дзеці і моладзь з няпростымі жыццёвымі гісторыямі мелі магчымасць праз гэты фестываль развіць свае таленты і паказаць сябе на вялікай сцэне. Ацэньваць выступленні юных выканаўцаў сабралася аўтарытэтнае журы, якое ўзначаліў спявак Аляксандр Патліс. Таксама ў склад журы ўвайшлі тэлевядучая Саша Снегіна, саліст гурта «J:МОРС» Уладзімір Пугач, а таксама Уладзімір Мулявін, арт-дырэктар ТАА «Медыя група “Белая русь”». Яркія, дынамічныя танцы чаргаваліся з павольнымі пранікнёнымі песнямі. Таксама тут былі лірычнае гітарнае сола, пранікнёны верш-заклік любіць жыццё, песні на мове глуханямых, пантаміма і многае іншае – усё гэта сапраўды заварожвала і прымушала задумацца над уласным жыццём. Усяго падчас фінальнага канцэрту фестывалю «Таленты чыстых сэрцаў» было паказана 15 нумароў, пасля якіх журы агучыла пераможцаў і ўручыла дыпломы і прызы ўсім канкурсантам. Лаўрэатам 1-й ступені стала Кацярына Галаўко з песняй «I surrender» (кір. Паўловіч В. М). ДУА «Маладзечанская санаторная школа-інтэрнат для дзяцей з захворваннямі костна-мышачнай сістэмы і злучальнай тканкі» (статуэтка, дыплом і грашовы прыз 10 млн. руб). Дыплом 2-й ступені атрымаў узорны тэатр пантамімы «Спадарожнік» (кір. Бекіш Т. Г.) ДУА «Спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат №13 для дзяцей з парушэннямі слыху г. Мінска за пантаміму «Жыццё як адзін дзень» (статуэтка, дыплом і грашовы прыз на 6 млн. руб.). Лаўрэатам 3-й ступені стаў акрабатычны эцюд «Маша і мядзведзь», які выканаў танцавальны калектыў «Вясёлка» (кіраўнік Герасімовіч Б.А.) ДУА «Мсціслаўская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат для дзяцей з цяжкімі парушэннямі слыху» (статуэтка і грашовы прыз на 4 млн. руб.) Пераможцамі ў выстаўцы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва сталі (грашовыя прызы прадаставіў «Карытас» Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі): Лаўрэат 1-й ступені — УА «Салігорскі раённы уэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі» (прыз на 6 млн. бел. руб). Сёлета, як ужо гаварылася, фестываль «Таленты чыстых сэрцаў» адзначыў свой пяцігадовы юбілей. З гэтай нагоды падчас канцэрту быў паказаны невялікі ролік, у якім распавядаецца гісторыя ўзнікнення місіі «Чыстае сэрца» і фестывалю «Таленты чыстых сэрцаў». Кіраўнік місіі «Чыстае сэрца» кс. Юрый Санько напрыканцы фестывалю падзякаваў усім тым людзям, якія дапамагалі яго арганізоўваць і падтрымлівалі ў гэтай справе. «Дзякуй усім вам, што знайшлі час, каб падзяліць гэтую радасць з намі, за тое, што захацелі напоўніцца, убачыць нашых таленавітых дзяцей, падтрымаць іх сваімі апладысментамі. Дэвіз нашай арганізацыі — “разам мы можам зрабіць больш”, таму я вельмі рады, што мы ўсе разам», — сказаў святар. На канцэрт падтрымаць маладыя таленты прыйшлі зоркі беларускай сцэны. Свае песні выканалі Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, а таксама Патрыцыя Курганава. «Я атрымаў сёння вельмі нечаканы спектр эмоцый. Я вельмі шмат думаў пасля канцэрту пра тое, як уладкаваны свет, таму вам вялікі дзякуй. Вялікі дзякуй артыстам. Артыстамі становяцца людзі не проста адораныя і таленавітыя, але таксама мэтанакіраваныя, якія прывыклі змагацца з цяжкасцямі, каму часта прыходзіцца рабіць на адзін крок больш, каб дабіцца мэты», – падзяліўся ўражаннямі адзін з членаў журы, вакаліст гурта «J:Mors» Уладзімір Пугач. «Дзякуй вялікі ўсім, хто падтрымлівае гэтую добрую справу. Ксёндз Юрый, вялікі дзякуй. Чым больш у свеце будзе чыстых сэрцаў, няхай не ва ўсім свеце, але хоць бы ў нашай краіне, тым больш наша жыццё будзе лепшым, дабрэйшым і чысцейшым», – выказаў словы падзякі член журы фестывалю, спявак Аляксандр Патліс. Валанцёр місіі «Чыстае сэрца» Юрый Грышан ужо тры гады з’яўляецца сябрам гэтай дабрачыннай арганізацыі і вельмі радуецца, што канцэрт прайшоў і ўсё атрымалася. «Мы доўга рыхтаваліся да гэтага канцэрту і, як бачыце, усё прайшло добра. Мне падабаецца быць валанцёрам “Чыстых сэрцаў” – праводзіць свой час з дзецьмі і дапамагаць ім», – заўважыў хлопец, адказваючы на пытанне Catholic.by пасля канцэрту. «Мне вельмі спадабалася быць вядучай канцэрту. Гэта вельмі цікава. І я лічу, што такія канцэрты патрэбна праводзіць. Яны патрэбны найперш хворым дзецям, каб у іх таксама былі свае канцэрты», – падзялілася ўражаннямі вядучая канцэрту Яна Мікуценіс. Думкі калегі падзяліў другі вядучы Яўген Трусаў. А юных артыстаў наперадзе чакае дабрачынны канцэрт у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі ў Бараўлянах, які пройдзе перад Міжнародным днём абароны дзяцей. Узгадваючы гэты фінальны канцэрт, яшчэ раз упэўніваюся ў тым, што для Бога няма нічога немагчымага. Але Ён прамаўляе і дзейнічае праз людзей. Таму кожны з нас, як ні банальна, з’яўляецца Яго інструментам, каб зрабіць гэты свет лепшым, ачысціць свае сэрцы і адкрыць іх на патрэбы бліжніх, таму што «шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць». Марына Валасар, Фота аўтара |
Фотарэпартаж |