Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Місіянер Святой Сям’і Аляксей Паплёўка прыняў дыяканскае пасвячэнне
Беларусь
09.06.2016 11:51

Месяц май стаў вельмі важным для ўраджэнца Беларусі Аляксея Паплёўкі: у Вышэйшай духоўнай семінарыі Місіянераў Святой Сям’і ў Польшчы ён прыняў дыяканскае пасвячэнне. Удзяліў пасвячэнне біскуп Влоцлаўскі Веслаў Мерынг.

Аляксей Паплёўка паходзіць з г. Лагойска. Акрамя яго, яшчэ два манахі прынялі прэзбітэрскае пасвячэнне.


Спасылаючыся на словы з Паслання св. Якуба, біскуп Веслаў Мерынг у гаміліі падкрэсліў важнасць малітвы ў жыцці святара і кожнага хрысціяніна. «Без малітвы хрысціянства перажывала б тып сардэчнага прыступу, — сказаў іерарх. — Без малітвы няма сапраўднага, праўдзівага, выкананага як трэба святарскага служэння. Кожны хрысціянін павінен маліцца, не кажучы ўжо пра таго, хто павінен быць айцом, кіраўніком і настаўнікам для хрысціян».

Ва ўрачыстай падзеі прынялі ўдзел каля 40 Місіянераў Святой Сям’і з Польшчы і розных куткоў свету. Прысутнічаў таксама Генеральны настаяцель Кангрэгацыі Місіянераў Святой Сям’і кс. Эдмунд Міхальскі MSF, які прыбыў з гэтай нагоды з Рыма.


Супольнасць Місіянераў Святой Сям’і была заснавана кс. Янам Берцье ў 1895 г. у Галандыі. Манахі гэтай супольнасці нясуць служэнне ў большасці еўрапейскіх краін, у тым ліку ў Беларусі, і на ўсіх кантынентах. Дыякан Аляксей Паплёўка MSF стаў пятым ураджэнцам Беларусі ў супольнасці Місіянераў Святой Сям’і.


У Беларусі Місіянеры Святой Сям’і з’явіліся у 1991 г. Сёння ў нашай краіне на васьмі пляцоўках і ў некалькіх філіялах працуюць сямёра Місіянераў Святой Сям’і: у Дзяржынску, Фаніпалі, Уздзе, Лагойску, Плешчаніцах, Стаўбцах, Клецку і Новым Свержні.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.