Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Калі першая дабягу, ён вылечыцца»: гісторыя жыцця, змагання і веры
Беларусь
17.06.2016 09:29

Колькі сябе памятае маладзечанец Ігар, ён заўсёды хацеў быць праграмістам. І мара здзейснілася: ён скончыў БДУІР, знайшоў працу, пачаў сустракацца з дзяўчынай...

Але ў адзін момант у размеранае жыццё маладога мужчыны прыйшла хвароба. Меланома — рак скуры.

Пачатак змагання

«Усё пачалося з радзімкі, — прыгадвае маці Ігара Жанна Іосіфаўна. — У сына была вялікая радзімая пляма на спіне. Аднойчы на ёй пачалося запаленне, і сын пайшоў да ўрача на кансультацыю...»

У выніку ў бараўлянскім шпіталі хлопцу зрабілі планавую аперацыю, радзімую пляму выдалілі цалкам.

«Наклалі пасля 18 швоў», — гаворыць хлопец.

Пасля аперацыі, як прыгадвае Ігар, ён адчуваў сябе добра, ні на што не скардзіўся. А пасля... Пасля былі дыягназаваны метастазы на руцэ, у абодвух лёгкіх, у мозгу... Быў выдалены лімфавузел... Дыягназ: рак скуры.

Даведка:

Меланома — злаякасная пухліна, якая ствараецца пры перараджэнні клетак меланацытаў, якія ў нармальным стане знаходзяцца пераважна ў скуры і пад уздзеяннем ультрафіялету выпрацоўваюць меланін. Меланацыты ў вялікай колькасці ўтрымліваюцца ў пігментных плямах.

Запаленне радзімкі адбылося праз год пасля вайсковых збораў, дзе Ігар правёў тры тыдні. Ці правільна гэта, што хлопец з вялікай радзімкай на спіне ўдзельнічаў у зборах?

«Бог яго ведае, але ўрачы на медкамісіі ці то не звярнулі на гэта адпаведнай увагі, ці проста паставіліся неадпаведным чынам. Нядбайна», — з сумам прыгадваюць у сям’і Ігара.

Ведаючы свой дыягназ і агульны стан рэчаў, пасля некалькіх аперацый Ігар да апошняга хадзіў на працу, як бы нічога не здарылася. Але затым здарыўся інсульт: хлопца часткова паралізавала.

Беларускія ўрачы, па словах членаў сям’і Ігара, ужо не ведаюць, як дапамагчы хлопцу, і паціскаюць плячыма. А яму толькі 28. Але родныя працягваюць верыць.



Сёння на свежае паветра Ігара вывозяць на інвалідным вазку, пазычаным сябрам, які гандлюе медтэхнікай.

Бацькі Ігара амаль штодня прыязджаюць на электрычцы з Маладзечна ў Мінск, каб дапамагаць сыну. А яго дзяўчына Анастасія арганізавала дабрачынны збор сродкаў, каб купіць неабходныя лекі ў Ізраілі.

Даведка:

За апошнія дзесяць гадоў штогадовая колькасць выпадкаў захворвання меланомай скуры ў Беларусі павялічылася ў 1, 5 разы: з 461 выпадку ў 2001 да 676 — у 2010 г. У цэлым кожныя 6-8 гадоў у свеце адзначаецца падваенне колькасці хворых на меланому.

Вера ў цуд

Жанна Іосіфаўна, маці Ігара, актыўная ўдзельніца малітоўнай суполкі «Каштоўная пярліна». Як і яе муж, бацька Ігара, яна прымае ўдзел і ў «аазісах» супольнасці.

«Я кожны год хаджу ў Будслаў, — прызнаецца жанчына. — І ўзношу ўсе мае малітвы за Ігара. Апошні раз мы разам з суполкай “Каштоўная пярліна” даехалі да чыгуначнай станцыі і адтуль ішлі, я зрабіла сабе такую пастанову: калі першая дабягу ад цягніка да Маці Божай Будслаўскай, сын вылечыцца. Як жа я бегла! Але была першая...»

Ігар, слухаючы гэту гісторыю, просіць маці не працягваць. Як і многія хлопцы ў яго ўзросце, ён максімаліст і больш скептык: калі спадзяешся на вынік, ён павінен быць бачны адразу — навошта сантыменты?

Жанчына разгублена ўсміхаецца. Побач з жонкай суцішаны Сяргей Іванавіч, бацька Ігара. Ён больш слухае, чым гаворыць. «Будзем старацца, каб як выцягнуць яго з гэтай ямы. Божа, памажы...» — уздыхае Жанна Іосіфаўна.

Даведка:

Меланома складае 1-4 працэнты ў агульнай структуры злаякасных пухлін. Аднак ёй уласцівы хуткі рост. Найбольш частая лакалізацыя меланомы ў жанчын — на галёнцы, у мужчын — на спіне.

Сам Ігар у Будславе таксама быў, яшчэ да хваробы, — даязджаў да будслаўскай станцыі з сябрамі.

«Мы прыязджалі на ўрачыстасць сваёй невялікай групай, — кажа хлопец. — Канешне, уражвае маштаб урачыстасцяў. І так шмат людзей!..»



Бацькі і дзеці

Звязаны з дакладнымі навукамі, Ігар не зусім любіць эмацыйныя расповеды, ды й хваліцца сваімі дасягненнямі не любіць. Пра чырвоны дыплом палітэхнічнага тэхнікума расказала яго мама, як і пра любоў сына да футболу.

«Ён у нас з дзяцінства футбол любіць, — дадае Жанна Іосіфаўна. — Яго нават у школу спартыўную ўзяць маглі».

«Мама! Ну навошта пра гэта ўзгадваць?» — абураецца хлопец.

Як і большасць сыноў, Ігар саромеецца, калі маці гаворыць пра яго. Хлопец імкнецца перарваць аповед, сказаць, што ўсё было крыху інакш. Але Жанна Іосіфаўна, як і ўсе мамы, не звяртае ўвагу на «калючасць» сына, бо ў яе ўспамінах, як маці, дзяцінства сына прыгадваецца па-асабліваму.
Жанна Іосіфаўна па адукацыі матэматык. З бацькам Ігара яны вучыліся калісьці ў адным ўніверсітэце, і вучыцца прыехалі з аднаго раёна...

На фота: Ігар падчас Першай Камуніі (сядзіць першы злева)

«Мы самі парафіяне касцёла св. Юзафа, Ігар там і Першую Камунію прымаў. А пасля стаў будавацца новы касцёл св. Казіміра. Сёння тэрытарыяльна належым ужо да гэтай парафіі», — працягвае Жанна Іосіфаўна.

Даведка:

У групу павышанай рызыкі развіцця меланомы адносяцца асобы з белай скурай, рудымі валасамі, з блакітнымі, шэрымі або зялёнымі вачыма; якія часта абгараюць на сонцы; тыя, хто перанёс сонечныя апёкі асабліва ва ўзросце да 20 гадоў; хто мае больш за 100 радзімак і інш.

Каб разлічыцца за лекі для сына, Жанна Іосіфаўна і Сяргей Іванавіч прадалі сваю кватэру. Але і гэтыя сродкі «з’елі» лекі...

На секунду ў пакоі ўсталёўваецца цішыня. Няёмкая цішыня, калі журналіст не рашаецца спытаць глыбей.

Любоў і надзея

«Я да апошняга спадзявалася, што не прыйдзецца пісаць гэты ліст, але Ігару пакуль не становіцца лепш. І ў мяне павінен быць “запасны” план. Таму мне патрэбна дапамога. Ваша дапамога», — звяртаецца Анастасія ў лісце да карыстальнікаў Фэйсбука.

Дзяўчына арганізавала дабрачынны збор ахвяраванняў на лекі для каханага. «Я прыйшла да высновы, што калі нашы ўрачы не могуць і не ведаюць, як лячыць, то гэта не азначае, што ніяк нельга», — упэўнена дзяўчына.

Рэквізіты для ахвяраванняў на лячэнне Ігара ТУТ››

«У спешным парадку праз знаёмых я знайшла ўрача ў Ізраілі, пракансультавалася. Выявілася, што вось ужо больш за два гады ёсць новыя лекі, якія даюць надзею, моцны супрацьракавы імунны прэпарат — Keytruda (у Беларусі ён не сертыфікаваны, і нашы ўрачы пра яго не чулі). Сярод хворых, якія прымаюць гэты прэпарат, добрая статыстыка па выжыванні — больш за 75 працэнтаў...»

Урачы ў шпіталі ў Бараўлянах пагадзіліся ставіць Ігару кропельніцы "Кейтруда". Адзінае, што сям'я павінна яе сама набыць. Адной такой кропельніцы хлопцу хапае на тры тыдні, курс разлічаны на тры-чатыры месяцы. А пасля — зноў абследванне.
Анастасія верыць у свайго хлопца. Вераць у яго і бацькі. Верыць сястра. Вераць блізкія і знаёмыя.

***
Падчас нашай размовы ў пакой раптам забягае маленькі сабачка і, заскокваючы да Ігара на ложак, пачынае лізаць яму твар. Хлопец усміхаецца, адмахваецца — і ўсе смяюцца.

Сабачка з’явіўся ў Анастасіі яшчэ да сустрэчы з Ігарам. Сёння Лолу любяць усе, а найбольш сам Ігар, з якім яна дзеліцца ўсёй сваёю непасрэднасцю.



Мы робім супольны здымак. Лола — таксама ў кадры. Яна, як і ўсе з акружэння Ігара, імкнецца зрабіць так, каб хлопец усміхаўся часцей. Каб усё было, як і раней.

Ілья Лапато,
фота Аксаны Ючкавіч і з архіва героя артыкула

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.