Біскуп Антоні Дзям’янка асвяціў помнік у гонар 625-годдзя Быстрыцы |
Беларусь |
28.06.2016 17:28 |
25 чэрвеня ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў мястэчку Быстрыца (Астравецкі раён) адбылася ўрачыстасць нараджэння святога Яна Хрысціцеля, падчас якой быў асвечаны помнік у гонар 625-годдзя мястэчка. Быстрыца лічыцца самым старажытным мястэчкам на Астравеччыне. У мінулым годзе Быстрыца ўрачыста адзначыла сваё 625-годдзе. Кажуць, што тут, у ваколіцах Быстрыцы, нарадзіўся благаславёны Міхал Гедройць (афіцыйных звестак аб месцы яго нараджэння не захавалася). Нягледзячы на фізічную загану, Міхал атрымаў ад Бога чуллівую душу і шчырае сэрца — і праз стагоддзі вернікі просяць заступніцтва ў брата Міхала, які склаў свае манаскія абяцанні ў мясцовым кляштары, а апошні зямны прытулак знайшоў у далёкім Кракаве, у касцёле святога Марка. «Я рады, што разам з вамі сустракаю ўрачыстасць нараджэння святога Яна Хрысціцеля, — адзначыў іерарх. — Няхай Маці Божая заўсёды вас атуляе сваім плашчом, вядзе дарогай да Бога і бароніць вашы сем’і ад няшчасцяў, хвароб і п’янства». На адпустовую ўрачыстасць прыбылі ксяндзы на чале з канонікам, дэканам Астравецкага дэканату кс. Юзафам Багдзевічам. Пасля адпустовай Імшы ўсіх чакаў канцэрт хору «Польскія макі», ансамбляў «Гаманіна» і «Кемяліна». Пасля супольнай малітвы чарга з вернікаў пацягнулася да Святаянскай крынічкі, што побач з мястэчкам Быстрыца, каб набраць гаючай вады, пра цудадзейныя асаблівасці якой вядома спакон вякоў. Згодна з паданнем, якое памятаюць старажылы вёскі, падчас вайны гэтымі краямі ішоў чалавек, які страціў зрок падчас адной з атак. Папіў ён студзёнай вадзіцы і аздаравіўся: яго вочы ізноў сталі бачыць свет.
|
Фотарэпартаж |