9 ліпеня ў капліцы ў Бараўлянах Генеральны настаяцель Таварыства святога Францішка Сальскага ксёндз Анхель Фярнандэс Арцімэ SDB, які знаходзіцца з візітам у Беларусі, цэлебраваў святую Імшу разам з усімі сабратамі салезіянамі.
Салезіяне былі вельмі ўзрушаныя і натхнёныя магчымасцю супольнай малітвы з Генеральным настаяцелям на беларускай зямлі.
У гаміліі ксёндз Анхель Фярнандэс Арцімэ звярнуў увагу сабратоў на тое, што святарам неабходна навучыцца быць апосталамі, прапаведаваць так, каб не прапаведаваць сябе і тое, што думаю толькі сам. «Ніхто з апосталаў не ідзе, каб абвяшчаць самога сябе і для нас, святароў, — адзначыў Генеральны настаяцель. — Гэта сапраўднае заданне — казаць сапраўды пра Пана, казаць сапраўды пра Езуса. Для выканання гэтага задання неабходна з’яднацца з Панам Езусам. Мы, як сыны святога Яна Боско і дочкі Марыі Успамогі Хрысціянаў, павінны несці Евангелле з салезіянскай радасцю. Калі мы, салезіяне, знаходзімся недзе, то Касцёл патрабуе, каб там прысутнічаў дух святога Яна Боско».
Пасля Імшы Генеральны настаяцель сустрэўся з радай дэлегатуры. На сустрэчы прысутнічалі інспектар з Польскай інспекторыі ксёндз Анджэй Вуйчык SDB і сакратар ксёндз Дарэк Мікалайчык SDB.
Пасля азнаямлення са справамі салезіянскай сям’і ў Беларусі ксёндз Анхель сустрэўся з усімі сабратамі дэлегатуры. Была прадстаўлена мультымедыйная прэзентацыя пра гісторыю салезіянскай сям'і ў Беларусі, падрыхтаваная моладдзю.
«Якія мары мае салезіянская Беларусь? Не трэба баяцца марыць! Ксёндз Боско марыў усё жыццё, і ён дапаможа салезіянскай Беларусі здзейсніць свае мары!» — з такімі словамі Генеральны настаяцель звярнуўся да сабратоў, у сваю чаргу таксама паабяцаўшы ім сваю падтрымку. Ксёндз Анхель Фярнандэс Арцімэ сустрэўся таксама з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам і дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандрам Яшэўскім SDB.
Мітрапаліт падзякаваў Генеральнаму настаяцелю за працу духоўных сыноў ксяндза Боско ў Беларусі, адзначыў іх важную ролю ў адраджэнні каталіцкіх структур у нашай краіне, падкрэсліў вялікую працу, якую яны робяць сёння, і выказаў надзею, што і ў будучыні салезіянская сям’я ў Беларусі будзе развівацца і павялічвацца, каб прынесці вялікі плён нашай краіне.
Паводле sdb.by (AG) Фота sdb.by
|