290 беларусаў прымаюць удзел у Міжнароднай парафіядзе дзяцей і моладзі ў Варшаве |
Беларусь |
11.07.2016 10:55 |
XXVIII Міжнародная парафіяда дзяцей і моладзі распачалася 9 ліпеня ў Варшаве. З Беларусі ў ёй прымаюць удзел 290 чалавек, якія прэзентуюць 13 парафій Гродзенскай дыяцэзіі і некалькі парафій з іншых дыяцэзій Беларусі. Акрамя Беларусі, у Парафіядзе ўдзельнічаюць таксама прадстаўнікі Польшчы, Літвы, Латвіі, Украіны, Германіі, Славакіі і Расіі. Агульная колькасць удзельнікаў — 1,5 тысячы чалавек. На старт Традыцыйна ўсе ўдзельнікі Парафіяды сабраліся на святой Імшы, якую цэлебраваў дапаможны біскуп Варшавы Рафал Маркоўскі.
У гаміліі іерарх, разважаючы над евангельскай прыпавесцю пра міласэрнага самараніна, заклікаў кожнага ўдзельніка Парафіяды імкнуцца жыць міласэрнасцю і пажадаў, каб ніхто з іх ніколі не адчуваў сябе самотным і пакінутым. Напрыканцы Імшы адбылося ўрачыстае адкрыццё Парафіяды. Па традыцыі былі ўнесены агонь і сцяг Парафіяды, затым яе ўдзельнікі і суддзі склалі прысягу. Пасля Эўхарыстыі і вячэры адбыўся бег памяці Яна Паўла ІІ.
У гэтым спаборніцтве перамагла гродзенская парафія Маці Божай Вастрабрамскай, атрымаўшы адмысловы кубак. На заканчэнне першага дня Парафіяды выступіў гурт «Trzecia Godzina Dnia». Парафіяда завершыцца 16 ліпеня. |
Фотарэпартаж |