15 ліпеня ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і арханёла Міхала ў г. Вац (Венгрыя) адбылося біскупскае пасвячэнне мансеньёра Габара Пінтэра, якога Папа Францішак прызначыў Апостальскім Нунцыем у Беларусі. Арцыбіскуп Пінтэр стаў першым венгерскім Нунцыем у гісторыі.
Галоўным пасвячаючым быў Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці Папы Францішка кардынал П’етро Паралін, асістуючымі — Прымас Венгрыі кардынал Пэтэр Эрдзё і ардынарый дыяцэзіі Вац біскуп Міклаш Бэер. Беларусь прадстаўлялі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
Ва ўрачыстай Імшы прымаў удзел таксама арцыбіскуп Вены кардынал Крыстаф Шонбарн, які два тыдні таму ў якасці папскага легата ўзначаліў юбілейныя ўрачыстасці 25-годдзя ўстанаўлення Мінска-Магілёўскай мітраполіі.
Усяго ў Імшы ўдзельнічалі 25 біскупаў, сярод якіх іерархі Венгрыі, у тым ліку грэка-каталіцкі епіскап, прадстаўнікі епіскапатаў Аўстрыі, Сербіі, Славеніі, Харвацыі, Беларусі, а таксама каля 100 святароў. Былі прысутныя праваслаўны архіепіскап Вены і Будапешта Сербскага Патрыярхату, віцэ-прэм’ер Венгрыі і парламентарыі.
Кардынал П’етро Паралін у гаміліі заклікаў новапрызначанага Апостальскага Нунцыя быць міласэрным прарокам нашага часу, які дае надзею. Галоўнае заданне біскупа, па словах кардынала, — быць пастырам паводле прыкладу Езуса, Добрага Пастыра і слугі людзей.
Шмат увагі кардынал П’етро Паралін прысвяціў заданням Нунцыя як прадстаўніка Святога Айца, які павінен дапамагаць мясцоваму Касцёлу ў выкананні яго непасрэдных функцый весці людзей шляхам збаўлення, а таксама развіваць адносіны паміж Апостальскім Пасадам і канкрэтнай краінай, у дадзеным выпадку з Беларуссю. Кардынал падкрэсліў, што мансеньёр Габар Пінтэр будзе служыць у Беларусі, дзе Касцёл 25 гадоў таму атрымаў свабоду і дзе гэты Касцёл жывы, мужна сведчыў і працягвае сведчыць сваю веру.
Таксама Дзяржаўны Сакратар Папы звярнуў вялікую ўвагу на неабходнасць далей пашыраць адносіны з Праваслаўнай Царквой, каб разам сведчыць хрысціянскія каштоўнасці. Іерарх пажадаў новаму Нунцыю, каб дзякуючы яго ініцыятывам Беларусь больш адкрывалася на іншыя краіны і каб яны адкрываліся на Беларусь; пажадаў, каб у яго жыцці рэалізаваўся дэвіз яго біскупскага служэння: «Gaudium et spes» — «Радасць і надзея».
Арцыбіскуп Габар Пінтэр у сваім слове падзякаваў кардыналу П’етро Параліну, усім прысутным біскупам, прадстаўнікам ураду і вернікам, якія напаўнялі катэдральны касцёл, і прасіў маліцца ў яго інтэнцыі, каб ён мог годна выканаць ускладзеную на яго місію.
Новапрызначаны Нунцый прамаўляў на італьянскай, англійскай, нямецкай, французскай і венгерскай мовах. Астатнія духоўныя асобы прамаўлялі на трох мовах у наступным парадку: венгерскай, нямецкай і італьянскай. У цэлым актыўна выкарыстоўвалася нямецкая мова.
Урачыстасць, упрыгожаная спевамі двух хораў — дарослага і дзіцячага, — працягвалася тры з паловай гадзіны.
Біскупскае пасвячэнне новага Нунцыя, прызначанага ў Беларусь, сталі добрай аказіяй для Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча сустрэцца з многімі іерархамі. Кардынал Крыстаф Шонбарн паведаміў беларускаму арцыпастыру, што два дні таму перадаў Святому Айцу рапарт аб урачыстасцях юбілею 25-годдзя заснавання Мінска-Магілёўскай мітраполіі. Таксама кардынал сказаў Пантыфіку, што католікі Беларусі чакаюць яго. У адказ Папа ўзгадаў візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Ватыкан. Акрамя таго, кардынал Шонбарн з вялікім энтузіязмам распавёў іншым біскупам аб будслаўскіх урачыстасцях, падкрэсліваючы, што ў іх прымала ўдзел 30 тысяч вернікаў.
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падчас сустрэчы з Дзяржаўным Сакратаром Папы кардыналам П’етро Паралінам і новапрызначаным Апостальскім Нунцыем арцыбіскупам Габарам Пінтэрам пазнаёміў іх з апошнімі трывожнымі падзеямі ў жыцці Касцёла ў Беларусі, якія, як дадаў іерарх, на шчасце, паспяхова вырашыліся. Таксама Мітрапаліт праінфамаваў іх аб тым, што справа выдзялення зямлі пад будынак Тэалагічнай акадэміі ідзе наперад. Кардынал і Апостальскі Нунцый былі задаволены паспяховым вырашэннем складаных пытанняў з жыцця Касцёла ў Беларусі.
Арцыбіскуп Габар Пінтэр прыбудзе ў Беларусь у сярэдзіне жніўня.
(DN), (AG) Фота www.magyarkurir.hu
|