Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дзённік удзельніка СДМ-2016: ад заплечніка да першых сустрэч і ўсмешак
Беларусь
22.07.2016 07:58

Апошнія штрыхі да свайго заплечніка, які ўжо сабраны ў дарогу. І гэтыя апошнія штрыхі — пару памятак пра Беларусь, якія разам з агульным уражаннем пра свой народ ты пакінеш, калі будзеш госцем. 

Госцем у суседзяў-палякаў і ўдзельнікам СДМ-2016 у Кракаве.

Я ж бяру штосьці льняное: абрусы, сурвэткі, апазнавальную вышымайку, вышыванку, а таксама салодкі пачастунак, якога ў Польшчы хутчэй за ўсё не знойдзеш: у гэты раз выбар упаў на зефір у шакаладзе.

Далучаю да набору рэчаў настрой і настроенасць, якія пачалі гартавацца і складвацца яшчэ з таго часу, хіба, як вырашыла, што паеду ў Кракаў на сустрэчу з Папам Францішкам.

Як я стала ўдзельнікам СДМ

Каб стаць удзельнікам СДМ, я далучылася да групы моладзі з парафіі Маці Божай Будслаўскай у Мінску.

Мы ўжо ведалі, што Дні дыяцэзіі, якія адбываюцца за пяць дзён да непасрэднага ўдзелу ў СДМ у Кракаве, будуць у парафіі, што недалёка ад польска-беларускага горада Беластока, у дыяцэзіі Ломжыцкай.

Нас павінна было прыехаць каля 30 чалавек, але прыехала крыху менш.

Шлях да парафіі ў Саколах, якая нас гасцінна прыняла, быў не такі складаны: спачатку быў цягнік Мінск-Гродна, дзе мы занялі ўсяго толькі паўвагона, а потым аўтобус з Гродна да Беластока, які перавёз нас паспяхова праз мяжу, прынамсі без чалавечых і рэчыўных страт.

На вакзале ўжо чакаў спецыяльны аўтобус да Саколаў, на якім большасць радасных, але стомленых пілігрымаў, у дрымоце, але і ў радасці даехала да пункту прызначэння, дзе ўжо чакалі велічная святыня і парафіяне з Саколаў і вакольных вёсак.

Прайшлі прывітанне і сустрэча, ужо вочная, бо завочная адбылася дзён 10 таму, калі моладзь з Мінска даслала невялікі — на тры хвіліны — фільм пра тое, каб паказаць свой твар.

Адбыліся святая Імша, вечаровая адарацыя і прывітанне ад мясцовай гміны. Так скончыўся дзень першы.

21 ліпеня пасля ранішняй Імшы выехалі ў сталіцу Польшчы Варшаву. Ад парафіі ў Саколах гэта каля дзвюх з паловай гадзін на аўтобусе.

У Варшаве ўжо можна было адчуць, што гасцей Польшча назбірала. Усмешкі ад гасцей з Партугаліі, Італіі, Нікарагуа, Гватэмалы, Венесуэлы, а таксама Беларусі, бо ў старым горадзе наша група сустрэла моладзь з парафій, якімі апякуюцца айцы міхаліты.

Айцы міхаліты пачаставалі варшаўскім марозівам.

Між тым, сапраўды, Варшава ўжо пакрыху стварае атмасферу, якая папярэднічае Кракаву… Розныя колеры скуры, розныя мовы, розныя тэмпераменты. Спевы, танцы, усмешкі і знаёмствы.

Так і хочацца заспяваць і затанчыць нешта сваё, і наша група не стрымалася і заспявала. На плошчы пад помнікам каралю, які калісьці перанёс сталіцу з Кракава ў Варшаву, загучала і беларускае…

І яшчэ будзе гучаць…



(Працяг будзе)

Дзённік вядзе Аксана Ючкавіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.