23-24 ліпеня ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы сем’яў у Тракелях сустрэліся прадстаўнікі Францішканскага ордэна свецкіх з усёй Беларусі. Такія братэрскія сустрэчы адбываюцца раз у год, сёлета ў ёй прынялі ўдзел больш за 100 чалавек.
На працягу ночы духоўныя дзеці святога Францішка Асізскага трывалі на малітве перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам у тракельскім санктуарыі. Сваю малітву яны ахвяравалі ў інтэнцыі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, які адраджаецца і cёлета перажывае 25-ю гадавіну аднаўлення сваіх структур. Таксама маліліся за сем’і нашай краіны, каб яны былі моцныя Богам, і аб развіцці дзейнасці Францішканскага ордэна свецкіх у Беларусі.
Нястомна дзякаваць за дар паклікання
Кульмінацыйным момантам сустрэчы была Эўхарыстыя, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх цэлебраваў яе ў інтэнцыі развіцця Францішканскага ордэна свецкіх у нашай краіне.
Біскуп адзначыў, што ўсіх, хто належыць да Францішканскага ордэна свецкіх у Беларусі, злучае жаданне жыць кожны дзень евангельскімі парадамі і рэалізоўваць у свеце францішканскі харызмат.
У гаміліі гродзенскі ардынарый заклікаў членаў гэтай супольнасці выражаць удзячнасць Богу за вялікі, цудоўны і незаслужаны дар паклікання. «Кожнае пакліканне — гэта дар як для самога пакліканага, так і для ўсяго Касцёла, — дадаў іерарх. — Адорваючы выбранага чалавека ласкай паклікання, Пан Бог дае яму шанс асабістага асвячэння, усталявання асаблівай духоўнай сувязі з Езусам Хрыстом, будавання ўласнага жыцця паводле найвышэйшых ідэалаў Евангелля».
Біскуп нагадаў, што ў Касцёле «кожны пакліканы мае акрэсленую місію для выканання і ўзбагачае сабой і сваім пасланніцтвам усю супольнасць вызнаўцаў Хрыста».
Бачыць у малітве патрэбы іншых людзей
Разважаючы над чытаннем Евангелля на гэты дзень, біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў важнасць малітвы для хрысціяніна, падкрэсліўшы, што яна павінна быць фундаментам духоўнага жыцця. «У малітве нельга абмяжоўвацца толькі ўласнымі патрэбамі і праблемамі, але трэба бачыць патрэбы іншых людзей, асабліва тых, якія далёка ад Бога, якія памыляюцца, грашаць, не просяць аб прабачэнні і не адчуваюць прагнення навяртання», — сказаў іерарх.
Карыстаючыся нагодай, гродзенскі ардынарый ад імя Касцёла падзякаваў усім, хто ўтварае Францішканскі ордэн свецкіх, за іх актыўны ўдзел у жыцці парафіяльных супольнасцяў.
«Давайце прыгожае сведчанне безумоўнага, ахвярнага служэння Касцёлу, не толькі спаўняючы акрэсленыя заданні ў вашых парафіяльных супольнасцях, дапамагаючы душпастырам і супрацоўнічаючы з імі, але і праз дар малітвы, так патрэбны ўсяму Касцёлу», — заклікаў біскуп.
Кс. Юрый Марціновіч, (AG)
|