Малітоўнік, дажджавік, карта горада: што ў заплечніку ўдзельніка СДМ? |
Беларусь |
27.07.2016 22:34 |
Кракаў жыве Сусветнымі днямі моладзі. У гэтыя дні горад літаральна напоўнены моладдзю, якая прыехала сюды са 190 краін свету. Акрамя нацыянальных сцягаў, з якімі прыехалі пілігрымы, яны стракацяць чырвонымі, жоўтымі і блакітнымі фарбамі – па колеру «набора пілігрыма». У гэтым наборы кожны з удзельнікаў СДМ атрымаў акрэдытацыйны бэйдж і адмысловы заплечнік, тыповы для кожнага ўдзельніка. Са змесцівам заплечніка Сatholic.by знаёміць парафіянін мінскай архікатэдры Максім Ахінька.
Вялікі і шырокі. Яго пілігрымы ўжо не раз апраналі падчас кракаўскай імжы, і ён у момант рабіў іх падобнымі да невядомай, але вельмі яркай манаскай супольнасці – усё ж на некаторых удзельніках СДМ ён выглядае як прыгожы каляровы габіт. Гэтую ж прыналежнасць да СДМаўцаў падкрэслівае і адмысловы гумовы браслет з надпісам «Езу, давяраю Табе», а таксама бандана (на фота - унізе). А яшчэ ў камплекце – спеўнік пілігрыма, адмысловы даведнік з картай Кракава і найбольш «жывых» яго месцаў на час СДМ. Завяршае набор адзін з галоўных яго частак – малітоўнік удзельніка Сусветных дзён моладзі. Побач з цэнтральным інфармацыйным офісам СДМ у чыгуначным вакзале ў Кракаве працуе і адмысловая крама, дзе пілігрымы могуць набыць сувеніры з СДМ для родных і блізкіх. Тут прадаюць майкі, нататнікі, кубкі і брэлокі, ёсць і камплекты заплечнікаў, у якім поўны набор «амуніцыі» СДМаўца. |