Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У аўтобусе з беларускімі ўдзельнікамі СДМ (+відэа) |
Беларусь |
28.07.2016 18:05 |
Дух еднасці і братэрства ў веры – тое, што яднае пілігрымаў з усяго свету, якія ў гэтыя дні сабраліся ў Кракаве на Сусветныя дні моладзі. Спевы, гучныя крычалкі і часам нават танцы ўдзельнікаў СДМ можна пачуць і ўбачыць ці не ў кожным кутку Кракава.
Маладыя, радасныя, шчырыя і вясёлыя — веруючыя. Такімі запомняць удзельнікаў СДМ у Кракаве. Не застаюцца ў баку і беларускія католікі. Live з аўтобуса: 15 хвілін сведчання З беларускай моладдзю – католікамі з Радуні, Маладзечна і Сапоцкіна – журналісты Сatholic.by сустрэліся ў гарадскім аўтобусе №482 на шляху ў цэнтр горада. Хлопцы і дзяўчаты з Беларусі ехалі з касцёла св. Максімільяна Кольбэ, дзе праходзіла Імша для беларускіх вернікаў. Едучы разам, мы пацікавіліся ў беларусаў, чым уражваюць іх СДМ і якія ўспаміны пілігрымы прывязуць на радзіму. Вікарый радуньскай парафіі кс. Павел Раманоўскі прызнаецца, што найперш ў Кракаве яго ўражвае шматлікасць культур удзельнікаў СДМ. «Нягледзячы
на розніцу ў традыцыях, усе мы апранутыя ў адзенне Божае, – адзначае
святар. – Мяне вельмі крануў момант пасля Камуніі і тое, як вернікі –
кожны ў сваёй паставе – перажываюць момант паяднання з Панам. Хтосьці
дзякуе Пану, стоячы на каленях; іншы, склаўшы рукі на грудзях,
заглыблены ў свае думкі. І якімі б рознымі ні былі – кожны роднасны для
іншага. Роднасны ў Хрысце. Гэта неперадавальнае пачуццё!» Кацярына
Блашко з радуньскай парафіі тройчы прымала ўдзел у Днях
моладзі Гродзенскай дыяцэзіі, але, як і для кс. Паўла Раманоўскага, СДМ у
Кракаве сталі першымі ў яе жыцці. «Калі дома
ты збольшага ўсіх ведаеш, то тут сабралася моладзь з усяго свету, маштаб
Дзён моладзі вельмі ўражвае, – адзначае яна. – А яшчэ гэта цудоўная
магчымасць камунікацыі з новымі людзьмі, а таксама магчымасць падцягнуць
размоўную англійскую». Дзяўчына прыгадвае, што, калі нядаўна іх група вярталася вечарам на начлег, моладзь з яе
парафіі спявала касцёльныя песні разам з удзельнікамі СДМ іншых краін – і
ўсе падпявалі адзін аднаму. Выпадак,
апісаны Кацярынай, паўтарыўся і гэтым разам. Папулярнае ў беларускіх
пілігрымках «а-яя-яй» выдатна зразумела моладзь з Францыі, якая, чуючы
прыпеў першы раз у жыцці, з энтузіязмам паўтарала за беларускімі
дзяўчатамі-«запальнічкамі». Карына Адамоніс і Аляксандра Ганевіч з парафіі Маці Божай Ружанцовай у Радуні вельмі задаволены сваім удзелам у кракаўскіх СДМ. Дзяўчаты прызнаюцца, што іх вельмі кранула гасціннасць палякаў. «Перад тым, як прыехаць у Кракаў, моладзь нашай парафіі гасціла ў парафіі ў Зялёнцы пад Варшавай, – кажуць дзяўчаты. – Атмасфера была вельмі цёплая. Разам з намі там былі таксама вернікі з Расіі – мы ўсе сталі добрай сям’ёй». «Людзі тут вельмі сардэчныя, – пагаджаецца і Маргарыта Конан. – Сем’і, якія прымалі нас на начлег, сталі нам другой сям’ёй». «Цяжка было ад’язджаць з Зялёнага, – дадае Алёна Градоўская. – За гэтыя дні мы па-сапраўднаму прывязаліся адзін да аднаго – як моладзь, так і дарослыя. Гэты час запомню як плённы і вясёлы – з танцамі, песнямі і гульнямі. А таксама як час, калі можна паглыбіць сваю духоўнасць». «Вельмі хочам пабачыць Папу Рымскага» Моладзь з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Сапоцкіне – Людміла Кавальчук, Павел Быкоўскі і Таццяна Гайлюнас – у размове з журналістам Сatholic.by прызнаюцца, што прадстаўніцтва іх парафіі на СДМ у Кракаве не такое вялікае, як магло б быць. «Некаторыя прымаюць удзел у Міжнароднай парафіядзе, але мы не шкадуем, што прыехалі ў Кракаў – тут выдатная атмасфера: пілігрымы аб’яднаныя ў агульнай малітве», — адзначае Людміла Кавальчук. Надзея Фіалкоўская з Маладзечна, як і яе сябры, у Кракаў прыехала ў складзе групы праз piligrymka.by, якой апякуюцца ксяндзы Юрый і Вячаслаў Баркі. Раней дзяўчына ўжо прымала ўдзел у СДМ у Мадрыдзе і адзначае, што іх кракаўскі аналаг крыху больш арганізаваны ў плане праграмы. «Яшчэ па вечарах тут праходзяць малітвы праслаўлення, што дапамагае суцішыцца пасля насычанага дня. Якраз гэтага ў Мадрыдзе і не хапала». «Такія сустрэчы даюць разуменне таго, што ў сваёй веры ты не самотны, – дадае і маладзечанец Уладзіслаў Мрочка. – Людзі, якія вераць у Хрыста, ёсць ва ўсім свеце. Прабыванне ў гэтай атмасферы дадае сіл. А яшчэ вельмі хочам пабачыць Папу Рымскага». Ілья Лапато, фота і відэа Марыны Валасар |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.