Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Будзьце сведкамі веры: біскуп Алег Буткевіч на Імшы для беларускіх удзельнікаў СДМ |
Беларусь |
28.07.2016 20:36 |
Касцёл св. Максімільяна Кольбэ ў Кракаве, дзе падчас Сусветных дзён моладзі праходзяць святыя Імшы на беларускай мове, можна назваць сапраўдным духоўным домам беларускіх пілігрымаў.
28 ліпеня святую Імшу для беларускіх удзельнікаў СДМ тут узначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Канцэлебравалі Імшу Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. У Імшы прынялі ўдзел каля тысячы чалавек – каталіцкая моладзь з самых розных куткоў Беларусі. У гаміліі біскуп Віцебскі падкрэсліў выключную ролю Бога ў чалавечым жыцці, назваўшы чалавека ўнікальным Божым творам, над якім працуе Езус: «Бог, як ганчар, лепіць кожнага з нас, і чалавек з’яўляецца Божым творам мастацтва, — адзначыў іерарх. — Аднак нашым абавязкам павінен быць клопат аб духоўнай фармацыі. Нават калі б ад нас ніхто не патрабаваў працы над сабой, мы самі павінны патрабаваць ад сябе духоўнага ўдасканалення». Паводле слоў іерарха, «мы прымаем удзел у кракаўскіх СДМ, каб паглядзець, як працуюць над сабой іншыя – як яны ў іншай краіне, на іншым кантыненце вызнаюць сваю веру». Біскуп адзначыў, што прычына большасці няўдач чалавека – у яго недасканаласці і нежаданні расці духоўна. «Варта прасіць у Бога ласку духоўнага росту, бо дзякуючы ёй мы зможам заззяць у Божым Валадарстве», — сказаў віцебскі ардынарый. Напрыканцы Імшы біскуп пажадаў кожнаму з беларускіх удзельнікаў СДМ стаць праз гэту сустрэчу больш дасканалымі. «Будзьце сведкамі веры, шукайце Бога і будзьце адкрытыя на Яго ласку», — заахвоціў пілігрымаў іерарх. Ілья Лапато, фота Марыны Валасар |
Фотарэпартаж |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.