Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Падчас сустрэчы Папы Францішка з моладдзю ў Кракаве еўрапейскую частку Еўразіі прадставілі па-беларуску |
Беларусь |
28.07.2016 21:53 |
У чацвер на кракаўскіх Блонях адбылася першая сустрэча Папы Рымскага Францішка з маладымі людзьмі, якія прыбылі на Сусветныя дні моладзі ў Польшчу.
Гэта сустрэча стала першай у межах сёлетніх СДМ і на яе прыбыло каля 600 тысяч католікаў cа 187 краін свету. Адметна, што падчас прэзентацыі шасці кантынентаў еўрапейскую частку Еўразіі прадстаўляла беларуска Наталля Скіпар – салістка музычнага тэатра ў Любліне, выпускніца аддзялення музыкалогіі Каталіцкага ўніверсітэта ў Любліне. Дзяўчына, якая мае класічнае меца-сапрана, выканала кароткі спеў на беларускай мове, у якім распавядалася пра ўклад св. Вінсэнта дэ Поля ў распаўсюджванне Божай міласэрнасці ў Еўропе. Такім чынам, прадстаўленне Еўропы перад удзельнікамі СДМ і Папам Рымскім адбылося па-беларуску. Канцэпцыяй прэзентацыі былі абраны аповеды пра святых – па адным на кожны з кантынентаў. Прадстаўнікі кантынентаў былі апрануты ў стылізаваныя нацыянальныя строі тых рэгіёнаў, якія яны прадстаўлялі. Вучыцца ў моладзі Пантыфік выразіў удзячнасць св. Яну Паўлу ІІ «за тое, што прыдумаў і даў імпульс для гэтых сустрэч». Папа падкрэсліў, што гэты святы «суправаджае нас з неба, дзе бачыць шмат моладзі розных народаў, культур, моў, якія прыбылі з адной нагоды: каб святкаваць жывую прысутнасць Езуса сярод нас». Пантыфік таксама дадаў, што за час свайго біскупства прыйшоў да высновы, што няма нічога прыгажэйшага за здзяйсненне задумак, заангажаванасці і энергіі, з якой шмат маладых людзей пражываюць сваё жыццё. Папа Рымскі назваў дарам з неба імкненне моладзі змяніць свет і прызнаўся, што яго сэрца радуецца, калі бачыць так шмат моладзі: «Касцёл зараз на вас глядзіць і хоча ад вас вучыцца аднаўляць свой давер у міласэрнасці Айца, які заўсёды мае малады твар і не перастае запрашаць нас да свайго Валадарства». Праграма Пантыфіка – што далей? Візіт Папы Францішка працягваецца. 29 ліпеня Пантыфік наведае былы канцэнтрацыйны лагер смерці Аўшвіц-Біркенаў, дзе 75 гадоў таму прыняў мучаніцкую смерць св. Максімільян Кольбэ. У межах візіту запланавана таксама індывідуальная сустрэча Папы з 15 былымі вязнямі, якія выжылі ў канцлагеры. У другой палове дня Папа Рымскі наведае ўніверсітэцкі дзіцячы шпіталь, а ўвечары разам з удзельнікамі СДМ прыме ўдзел у Крыжовым шляху на кракаўскіх Блонях. 30 ліпеня Святы Айцец наведае санктуарый Божай Міласэрнасці ў Кракаве-Лагеўніках, дзе прыме ўдзел у літургіі паяднання з моладдзю: Пантыфік будзе спавядаць пяцёра ўдзельнікаў СДМ на трох мовах – італьянскай, іспанскай і французскай. У гэты ж дзень запланаваны абед Пантыфіка з арцыбіскупам Кракаўскім, у якім прымуць удзел таксама перакладчык і 12 маладых людзей – прадстаўнікоў моладзі з розных краін: па адным хлопцу і адной дзяўчыне з кожнага кантынента, а таксама з хлопцам і дзяўчынай з Польшчы. Увечары Папа Францішак прыме ўдзел у малітоўным чуванні моладзі ў кампусе Misericordia, пабудаваным адмыслова для СДМ. На фота: беларуская моладзь на чале з а. Дзмітрыем Занямонскім OMI падчас сустрэчы Папы з удзельнікамі СДМ у Блонях У апошні дзень прабывання ў Польшчы ў межах СДМ – 31 ліпеня – Папа Рымскі ўзначаліць асноўную святую Імшу для пілігрымаў, на якой будзе абвешчана наступная сталіца Сусветных дзён моладзі. Ілья Лапато, фота Алены Германовіч, Ганны Тарас і з адкрытых крыніц
|
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.