Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адным з акцёраў, які сыграў Езуса падчас Крыжовага шляху на СДМ з удзелам Папы Францішка, быў беларус Максім Вайцюль |
Беларусь |
30.07.2016 05:22 |
Беларускі танцор Максім Вайцюль выканаў ролю Езуса Хрыста ў першым прыпынку Крыжовага шляху, які з удзелам Папы Францішка і ўдзельнікаў СДМ прайшоў 29 ліпеня ў кракаўскіх Блонях.
Крыжовы шлях быў пабудаваны ў форме эклектычнай пастаноўкі, якая, паводле арганізатараў, была не толькі апошняй дарогай Хрыста, але і прадстаўляла яе як дарогу Міласэрнасці. 14 прыпынкаў былі спалучаны з учынкамі міласэрнасці для душы і для цела, распавядаючы пра праблемы сучаснай моладзі: беднасць, голад, цярпенне, вызваленне ад граху, адзінота і інш. Галоўную ролю ў першым прыпынку («Езус асуджаны на смерць») выканаў беларус Максім Вайцюль – выпускнік дзяржаўнай балетнай школы ў Мінску, а сёння – першы саліст Народнага балета Польшчы і ўладальнік тэатральнай музычнай узнагароды імя Яна Кіпюры як лепшы танцор у Польшчы. У працоўным багажы Максіма Вайцюля – партыі ў такіх балетах, як «Рамэо і Джульета», «Лебядзінае возера», «Ганна Карэніна», «Спячая каралеўна», «Жызель», «Чыпаліна», «Тры мушкецёры» і інш. Танцавальнае майстэрства беларуса змог ацаніць не толькі сам Папа Рымскі, але і каля 800 тысяч сабраных у Блонях удзельнікаў СДМ. На фота: удзельнікі Крыжовага шляху з Пантыфікам. Фота з трансляцыі на вялікім экране Асаблівасці пастаноўкі Прадстаўленне кожнага з прыпынкаў Крыжовага шляху ўключала ў сябе некалькі частак: відэафрагмент, чытанне фрагмента з Евангелля, артыстычны эцюд, разважанне, малітву і спеў. Артыстычны эцюд распрацоўваўся з улікам тэмы кожнай са стацый з выкарыстаннем розных сцэнічных форм. Разважанні абапіраліся на ўчынкі міласэрнасці для душы і для цела, а малітву зачытвалі прадстаўнікі розных касцёльных ініцыятыў, арганізацый і супольнасцяў. Рэжысёрам Крыжовага шляху выступіў вядомы польскі харэограф Матэуш Політ. Аўтар разважанняў – дапаможны біскуп Кракаўскай архідыяцэзіі Гжэгаж Рысь, адказны ў польскім епіскапаце за справу новай евангелізацыі. Пантыфік да моладзі: ёсць пытанні, на якія пакуль няма адказу Пасля завяршэння Крыжовага шляху Папа Рымскі звярнуўся да моладзі з невялікай прамовай, якую распачаў цытатай з Евангелля паводле Мацвея: «Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есці; прагнуў, і вы напаілі Мяне; быў падарожным, і вы прынялі Мяне; быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне» (Мц 25, 35-36). «Гэтыя словы Езуса супастаўляюцца пытанню, якое часта можа паўставаць у нашых думках і сэрцах: “Дзе Бог?” Дзе Бог, калі ў свеце існуе зло, калі ёсць галодныя, сасмаглыя, бяздомныя, бежанцы? Дзе Бог, калі нявінныя людзі паміраюць у выніку тэрарызму, войн? Або калі хварэюць дзеці?» – пытаўся Пантыфік. «Існуюць пытанні, на якія ніводзін чалавек не можа даць адказу. Мы можам задаваць іх Езусу. А адказ Езуса наступны: “Бог прабывае ў іх”, Езус з імі і пакутуе разам з імі. Ён так злучаны з імі, што ўтварае “адно цела”», — адзначыў Папа Рымскі. Святы Айцец дадаў, што «сёння ўвечары Езус і мы разам з Ім атуляем любоўю нашых сірыйскіх братоў, якія ўцякаюць ад вайны», «вітаем іх з братэрскай любоўю і сімпатыяй». Сабраныя ў кракаўскіх Блонях прывіталі гэтае выказванне Папы апладысментамі. «Без міласэрнасці чалавек нічога не можа» У кантэксце Крыжовага шляху Папа Рымскі гаварыў таксама пра міласэрнасць. «Без міласэрнасці чалавек нічога не можа зрабіць; без міласэрнасці я, ты, мы ўсе нічога не можам зрабіць», — адзначыў Пантыфік. Прыгадваючы, якія ўчынкі міласэрнасці існуюць, Папа адзначыў: «Мы пакліканы, каб служыць укрыжаванаму Езусу ў кожным чалавеку – галодным, сасмаглым, голым, зняволеным, хворым, беспрацоўным, бежанцы, мігранце; у тым, хто церпіць пераслед». «Крыжовы шлях з’яўляецца дарогай жыцця і стылю Бога, якой Езус вядзе часамі падзеленае, несправядлівае і скарумпаванае грамадства, — сказаў Святы Айцец. — Крыжовы шлях – адзіны шлях, які перамагае грэх, зло і смерць, бо вядзе да святла ўваскрасення Хрыста, адкрываючы гарызонты для новага жыцця». «Гэта дарога надзеі і будучыні», — заключыў Папа Францішак. Падрыхтаваў Ілья Лапато, фота Марыны Валасар і з адкрытых крыніц |
Фотарэпартаж |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.