Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Каля 1,5 мільёна чалавек прыняло ўдзел у моладзевым чуванні з Папам Францішкам у кампусе Misericordiae |
Беларусь |
31.07.2016 02:31 |
Моладзевае чуванне ўдзельнікаў СДМ з удзелам Папы Рымскага Францішка 30
ліпеня прайшло ў кампусе Misericordiae у Бжэгах. Паводле ацэнак
польскага тэлебачання, у чуванні прыняло ўдзел каля 1,5 (!) мільёна
чалавек. Варта адзначыць, што сярод удзельнікаў быў і Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. Месцам правядзення чування быў абраны кампус Misericordiae – спецыяльна пабудаваны для СДМ комплекс будынкаў у полі паміж Кракавам і Вялічкай. Дэвізам малітоўнай акцыі сталі словы «Нашы правадыры ў дарозе да Езуса – апекуны СДМ». Чуванне складалася з трох частак: тэатральнай пастаноўкі, сведчанняў моладзі і адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Сведчанне праз мастацтва Тэатральная інсцэніроўка нагадвала гледачам пра важнейшыя ўчынкі хрысціяніна – уменне несці веру прагнучым, сведчыць пра яе, несці радасць самотным, прабачаць вінаватым, атуляць любоўю тых, хто мае ў ёй патрэбу, і інш. Сэнс інсцэніроўкі дапаўнялі і сведчанні моладзі, якая знайшла надзею пад уплывам Божай ласкі. У прыватнасці, сведчанню дзяўчыны Ранд з Сірыі папярэднічаў міні-фільм на вялікім экране, прысвечаны тэрарыстычным атакам 11 верасня 2001 г. у Нью-Ёрку і сёлетняму тэракту ў Парыжы, сцэнам вайны з Ірака і Сірыі. У звароце да ўдзельнікаў СДМ, зачытаным на чуванні, Папа Францішак заахвоціў моладзь да супольнай малітвы з нагоды цярпення такой вялікай колькасці ахвяр вайны, каб «мы раз і назаўсёды маглі зразумець, што нічога не растлумачыць кроў брата, што няма нічога больш каштоўнага, чым чалавек, які стаіць побач з намі». «Для нас тут і цяпер — цярпенне, вайна, ад якой пакутуюць шмат маладых людзей, — не з’яўляецца чымсці ананімным, ды ўжо не з’яўляецца якімсьці паведамленнем у СМІ, але мае імя, канкрэтнае аблічча, гісторыю і блізкасць», — сказаў Пантыфік. Цэнральнай часткай чування стала адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту ў суправаджэнні медытацыі і песень, а таксама супольная малітва Вяночкам да Божай Міласэрнасці і благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Пасля заканчэння чування ў Бжэгах адбыўся паўтарагадзінны канцэрт «Credo
in Misericordiam Dei», у якім прынялі ўдзел артысты з розных частак
свету, у тым ліку пераможца італьянскага песеннага шоў «Голас» сястра
Крысціна Скучыя. Канцэрт стаў фінальнай часткай малітоўнага чування. Аднак большасць
прысутных застануцца чуваць да раніцы — у 10.00 пройдзе заключная
святая Імша ўдзельнікаў СДМ у Кракаве з Папам. |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.