Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Не бойцеся сведчыць пра Хрыста»: Папа Францішак на завяршэнне СДМ заклікаў моладзь даверыцца Божай Міласэрнасці
Беларусь
31.07.2016 17:22
Каля двух мільёнаў вернікаў прыняло ўдзел у святой Імшы з Папам Францішкам, якая 31 ліпеня прайшла ў Бжэгах пад Кракавам і стала завяршальнай падзеяй Сусветных дзён моладзі. Варта адзначыць, што адных толькі святароў на святой Імшы прысутнічала 12 тысяч.

Касцёл без сцен

Святая Імша адбылася ў кампусе Misericordia, пабудаваным спецыяльна для сустрэчы моладзі з Папам Францішкам падчас Сусветных дзён моладзі. Кампус выглядае такім чынам, што асноўная яго частка павернута тварам да вялізнага алтара.
 

 
Як адзначаюць арганізатары, архітэктар Станіслаў Немчык, які праектаваў алтар, кіраваўся ідэяй аб стварэнні «Касцёла без сцен». У цэнтра алтара – вялізная выява Езуса Міласэрнага з абраза, напісанага па просьбе св. Фаўстыны ў 1930-я гг.
 
 
Скіроўваючы прывітальнае слова да Пантыфіка на пачатку святой Імшы, арцыбіскуп Кракаўскі кардынал Станіслаў Дзівіш адзначыў, што пілігрымы, сабраныя на Імшу, – гэта «малады Касцёл трэцяга тысячагоддзя».
 


«Праз увесь час свайго прабывання ў Кракаве моладзь з усяго свету сведчыла аб радасці Евангелля і дзялілася энтузіязмам сваёй веры», – сказаў кардынал. 

Арцыбіскуп Кракаўскі таксама дадаў, што падчас гэтай Імшы Касцёл у Польшчы будзе ўзносіць малітву падзякі за Пантыфіка і маліцца ў яго інтэнцыях. Іерарх заўважыў, што Імша пройдзе ў тым ліку і ў інтэнцыі «братоў і сясцёр, якія церпяць у гэтым свеце».
 


У музычным аздабленні Эўхарыстыі дапамагалі аркестр, а таксама сотні дзяўчат і хлопцаў, аб’яднаных напярэдадні СДМ у вялікі хор. 

«У вачах Хрыста вартасць чалавека бясцэнная»

У гаміліі, прамоўленай па-італьянску, Святы Айцец прыгадаў гісторыю сустрэчы Езуса з Закхеем.

Звяртаючыся да моладзі, Пантыфік адзначыў: «Вы прыбылі сюды, каб сустрэць Езуса, як і Закхей у свой час. Ён сустрэўся, аднак, з некаторымі цяжкасцямі, якія сёння могуць напаткаць і вас».
 
 
Святы Айцец нагадаў, што Закхей быў невялікага росту, і гэта для яго было першай цяжкасцю, каб убачыць Езуса.
 
«Калі мы стаім далёка ад Езуса, то гэтаксама не бачым Бога. Тое ж датычыць і нашай веры: Святы Дух хоча жыць у нас – мы пакліканы да вечнага жыцця. Але нежаданне ўспрымаць сябе як Божае дзіця – гэта ўсё адно, што адвярнуцца ад Езуса ў іншы бок і затушыць план, які Ён мае ў адносінах да нас», – сказаў Пантыфік.
 

 
«Для Езуса, як паказвае Евангелле, не важна – высокі ты ці нізкі, бо кожны чалавек – каштоўны сам па сабе. Бог разлічвае на цябе. Ён глядзіць на цябе як на чалавека, а не на тое, чым ты валодаеш. Няма значэння, як ты апрануты ці які мабільны тэлефон маеш, важна, што ты ёсць – твая вартасць бясцэнная ў вачах Касцёла».

Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што Бог любіць чалавека нашмат больш, чым чалавек сам сябе:

«Ён заўсёды чакае нас у надзеі, нават калі мы замыкаемся ў нашых крыўдах і смутку, быццам маючы вірус, які заражае і блакуе дзверы нашага сэрца. Гэты вірус пазбаўляе нас радасці, робячы самотнымі. Але Бог не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач».
 

 
Папа Рымскі нагадаў, што жыццё дадзена чалавеку, каб любіць і быць любімым: «Кожную раніцу варта дзякаваць Богу за любоў да нас».

«Не варта замыкаць свае жыццё ў шуфлядзе»

Прыгадваючы яшчэ адну перашкоду – паралізуючы сорам, які не даваў Закхею ўбачыць Езуса, – Папа Францішак адзначыў яго мужнасць у пераадоленні свайго страху.
 
 
«Можам сабе ўявіць, што адбывалася ў сэрцы Закхея. Разам з цікавасцю ўбачыць Езуса, ён баяўся зрабіць штосьці не так, каб не быць асмяяным іншымі. Але ён перамог гэты сорам, бо Езус быў яго мэтай. Прыклад Закхея вучыць нас, што мы не павінны замыкаць сваё жыццё ў шуфлядзе».

«Дарагая моладзь, не саромцеся занесці да Бога свае слабасці, а канкрэтна – грахі ў споведзі, – звярнуўся да моладзі Пантыфік. – Хрыстус агорне вас супакоем – не бойцеся гаварыць шчыра, не дайце сабе знячуліць душы, кіруйцеся Божай міласэрнасцю».
 


Трэцяй перашкодай Закхея Папа Францішак назваў натоўп, які спачатку блакаваў яму ўваход да Хрыста, а пасля асуджаў. 

«Часта перашкоды імкнуцца ўнушыць нам, што Бог вельмі суровы і толькі і робіць, што карае за зло, – сказаў Пантыфік. – Але сонца ўзыходзіць як над добрымі, так і над злымі. Над вамі могуць смяяцца, бо вы верыце ў Божую міласэрнасць. Але “благаслаўлёныя міласэрныя, бо яны міласэрнасць спазнаюць”».
 
Святы Айцец падкрэсліў, што Бог глядзіць у сэрца чалавека, а не на яго матэрыяльны дастатак ці «макіяж душы», у той час як натоўп схільны глядзець на чалавека зверху ўніз.

Пантыфік заахвоціў моладзь дзяліцца сваім хрысціянскім сведчаннем – сведчаннем веры – на працы, у школе, ва ўніверсітэце.

«Не бойцеся сведчыць пра Хрыста – многім вашае сведчанне веры можа дапамагчы. Cловы, скіраваныя Езусам да Закхея, адносяцца і да нас: адкрыйце дзверы ў сваім сэрцы для Бога», – заключыў Пантыфік.

Маўчанне як знак засяроджанасці

Напрыкацы гаміліі, звяртаючыся да ўдзельнікаў Сусветных дзён моладзі, Пантыфік пажадаў ім зрабіць Евангелле арыенцірам свайго жыцця.

«Хрыстус хоча прыйсці ў ваш дом, а не толькі застацца ва ўспамінах аб удзеле ў СДМ. Таму няхай Евангелле ўказвае вам шлях, будучы вашым навігатарам на дарогах жыцця».

Яскравым момантам святой Імшы сталі хвіліны маўчання пасля ўдзялення святой Камуніі. Папа Францішак заахвоціў моладзь у хвіліне цішыні прыгадаць падзеі СДМ і тое, што адбывалася з пілігрымамі за гэты час.

Маўчанне двух мільёнаў чалавек стала знакам засяроджанасці ў малітве і еднасці паміж сабой.
 
На завяршэнне святой Імшы Папа Францішак аб’явіў сталіцу наступных Сусветных дзён моладзі. У 2019 годзе сустрэча маладых людзей з Пантыфікам пройдзе ў Панаме.
 
 
Ілья Лапато, фота з адкрытых крыніц
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.