Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Беларуска з Гродна на СДМ: «Папа, патэлефануй мне!»
Беларусь
03.08.2016 12:32

«Папа, патэлефануй мне!» — такі транcпарант беларуска Яна Шостак, якая паходзіць з Гродна, а зараз вучыцца ў кракаўскай Акадэміі мастацтваў, падняла ў натоўпе маладых людзей падчас сёлетніх Сусветных дзён моладзі.


Сама дзяўчына на СДМ была ў якасці валанцёра, таму 31 ліпеня прысутнічала на Таўрон Арэне, дзе праходзіла сустрэча Папы Францішка з валанцёрамі, якіх у гэтым годзе на СДМ было каля 20 тысяч чалавек.

На гэтай сустрэчы дзяўчына трымала транспарат з просьбай, каб Папа патэлефанаваў ёй, і сваім нумарам тэлефона. Крэатыўную і смелую беларуску паказалі на тэлеканалах розных краін свету.

Яна Шостак паведаміла, што Папа Францішак ёй яшчэ не патэлефанаваў, але на яе нумар прыходзіць шмат смс-паведамленняў ад прадстаўнікоў з самых розных краін свету.

Дзяўчына падзялілася, што гэты транспарант быў адной з дзвюх мастацкіх акцый, якія яна ажыццявіла на СДМ. Першую акцыю Яна Шостак і яе сяброўка з Акадэміі мастацтваў полька Марыя Альбрыхтовіч зладзілі на пачатку СДМ. Пра гэта паведамляецца на krakow.wyborcza.pl.

У стылістыцы колераў СДМ маладыя мастачкі стварылі партрэт Папы Францішка, які размясцілі без папярэджвання арганізатараў побач з партрэтамі св. Яна Паўла ІІ і св. Фаўстыны Кавальскай на кракаўскай плошчы.

Назва іх акцыі са сцягам з выявай сучаснага Папы — «Who Is Your Pope».

Маладыя мастачкі так патлумачылі свой мастацкі жэст.

«Гэта выраз пашаны да сучаснага Папы — мы хацелі далікатна звярнуць увагу на тое, што нас турбуе. А справа тычыцца культу св. Яна Паўла ІІ, які лічыцца нашым адзіным Папам, — дзеліцца Марыя Альбрыхтовіч і дадае: — Палякі вельмі любяць ствараць герояў, гэты культ часамі становіцца своеасаблівым кічам. У кожным горадзе і вёсцы мы знойдзем вуліцы, школы, шпіталі імя Яна Паўла ІІ. Я ўжо не згадваю пра масавую колькасць помнікаў. Папа Францішак жа з’яўляецца сімвалам зменаў у Касцёле. Мы маем надзею, што яго навучанне аб патрэбе сціпласці ў матэрыяльнай сферы дасягне польскага кліру».

(AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.