Піярская моладзь з Беларусі падзялілася ўражаннямі ад удзелу ў СДМ-2016 |
Беларусь |
04.08.2016 14:07 |
Сваімі ўражаннямі аб удзеле ў сёлетніх Сусветных днях моладзі — у дыяцэзіяльных Днях моладзі і ў кракаўскіх урачыстасцях — дзеліцца прадстаўнік моладзі, якой апякуюцца ў Беларусі айцы піяры, Аляксандр Снапко. Кашубская гасціннасць «Viva, viva, viva–Kalasanz!» — гэтыя словы крычалкі, напэўна, яшчэ надоўга застануцца ў сэрцах удзельнікаў дыяцэзіяльных Дзён моладзі, якія адбыліся ў Бальшэве (Гданьская архідыяцэзія), дзе сабралася больш за 630 маладых людзей з Аргенціны, Аўстрыі, Чылі, Чэхіі, Дамініканскай Рэспублікі, Мексікі, Пуэрта-Рыка, ЗША, Венгрыі, Беларусі, а таксама з самой Польшчы. Менавіта наследаванне харызмы св. Юзафа Каласанса, заснавальніка ордэна піяраў, аб’яднала моладзь з 11 краін свету на кашубскай зямлі. Таксама і група піярскай моладзі з Ліды, Шчучына і Чавусаў разам з а. Андрэем Агелем SP, а. Віталіем Слукой SP і а. Гжэгажам Ксёнжэкам SP мела радасць падрыхтавацца разам з усёй піярскай сям’ёй да Сусветных дзён моладзі.
Час, праведзены ў Бальшэве, быў часам інтэнсіўнай падрыхтоўкі да цэнтральнай падзеі — СДМ у Кракаве. Падчас піярскіх Дзён моладзі ў Бальшэве мелі месца шматлікія сустрэчы ў нацыянальных і міжнародных групах, наведванне рэгіёну, катэхезы, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, святыя Імшы на розных мовах свету. «Пацалунак супакою» ад Аргенціны Піярскай моладзі з Беларусі, напэўна, запомніцца «пацалунак супакою» ў выкананні аргенцінскай моладзі — абдымкі падчас перадачы знаку супакою. Таксама нельга не ўзгадаць працу ў групах, падчас якіх моладзь распавядала пра сябе, сваю краіну, культуру, дзялілася досведам веры. Падчас такіх сустрэч былі бачны адметнасці кожнага: хтосьці ахвотна, без страху можа падзяліцца гісторыяй свайго шляху да Хрыста, камусьці даць сведчанне веры — нялёгкая задача. Але, нягледзячы на адрозненні, моладзь аб’ядноўвала вера ў Езуса.
Хочацца таксама ўзгадаць выпадак, які адбыўся з адной дзяўчынкай падчас працы ў групах: слаба размаўляючы па-англійску, яна не магла зразумець іншых і распавесці пра сябе. На дапамогу прыйшоў малады чалавек з ЗША: ён выкарыстаў Google Translate, каб перакладаць з англійскай мовы на беларускую. Напэўна, у гэтых простых жэстах праяўляецца дух еднасці і салідарнасці каталіцкай моладзі з усяго свету. Таксама прыемна было сустрэць беларускага біскупа Казіміра Велікасельца падчас святой Імшы ў Гданьску, дзе сабраліся ўсе пілігрымы з Гданьскай архідыяцэзіі. Трэба ўзгадаць і гасціннасць кашубскага народа, які сваёй адкрытасцю на іншага чалавека даў і сведчанне сваёй веры. Бачыць Папу Фанцішка на адлегласці 5 метраў Піярскія Дні моладзі ў Бальшэве прайшлі хутка, але наперадзе былі Сусветныя дні моладзі ў Кракаве. Напэўна, адным з найбольш кранаючых момантаў для ўдзельнікаў была сустрэча з Папам Францішкам. Падчас цырымоніі прывітання Папы наша група мела магчымасць зблізку (каля 5 метраў) бачыць і прывітаць Пантыфіка. Кранулі радасць ад сустрэчы са Святым Айцом, атмасфера братэрства, якая панавала сярод пілігрымаў. Нават нягледзячы на стому ад чакання, бо прыйшлі загаддзя, за 4 гадзіны, удзельнікі крычалі: «Viva il Papa!» Таксама ўзгадваюцца словы Папы Францішка: «Дарагая моладзь, мы не прыходзім у свет… каб камфортна правесці сваё жыццё, каб зрабіць жыццё канапай, якая нас усыпляе; наадварот, мы прыйшлі па іншай прычыне, каб пакінуць след». Заклік Пантыфіка ісці наперад падштурхоўваў быць актыўнай, дзеючай сілай як у сваім жыцці, так і ў гісторыі свету. Адметным быў і Дзень Каласанса — сустрэча для тых, хто вызнае св. Юзафа Каласанса як свайго духоўнага айца. Дзень Каласанса, напэўна, аб’яднаў піярскую моладзь, якая прымала ўдзел у СДМ у Кракаве. Падчас гэтай сустрэчы ўдзельнікі мелі радасць як адзіная піярская сям’я перажыць Эўхарыстыю на чале з Генеральным настаяцелем а. Пэдро Агуадо SP, а таксама пабываць на канцэрце такіх груп, як Full Power Spirit, Abramo’sband. Сустрэча завяршылася актам аддання піярскай моладзі Маці Божай Міласэрнасці. Каб кожны змог рэалізаваць пасланне Папы Францішка
У памяці, напэўна, застанецца і сустрэча з моладдзю радунскай парафіі падчас вяртання з Блоняў, сумесны спеў на беларускай мове. Цяжка перадаць тую радасць, якую перажываеш падчас сустрэчы са «сваімі», з землякамі сярод соцень тысяч іншых людзей, моў, культур. Хочацца спадзявацца, што кожны пілігрым зможа рэалізаваць пасланне Папы Францішка: «… з усмешкай і распасцёртымі абдымкамі абвяшчайце надзею». Аляксандр Снапко, (AYU), (AG)
|
Фотарэпартаж |