Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Мая вялікая музычная сям'я», або ці варта ехаць на «Музычную майстэрню»
Беларусь
05.08.2016 17:07

Ужо 8 жніўня мястэчка Івянец адчыніць свае брамы для ўсіх, хто жадае спевам і музыкай хваліць Бога, а ўвечары на святой Імшы ў францішканскім касцёле на знак дырыжора з некалькі соцень вуснаў загучыць шматгалоссе праслаўлення.

Маладыя людзі з розных куткоў нашай краіны адказалі на пытанне, чаму замест падарожжа ў Егіпет ці бадзяння па вяршынях Татраў яны выбіраюць у гэты час Івянец і «Музычную майстэрню». Усе яны ўжо шмат гадоў запар не абмінаюць гэтыя музычныя рэкалекцыі, а ў гэтым годзе суполка «Майстэрні» з Беларусі ў якасці евангелізатараў і валанцёраў удзельнічала ў Сусветных днях моладзі ў Кракаве.

Яна Шумская, Магілёў:



«Для мяне “Майстэрня” — гэта адзін вялікі спеў на хвалу Пана. “Майстэрня” — гэта неверагодна таленавітая моладзь, якая прысвячае свае таленты Богу. “Майстэрня” — гэта дух адзінства. “Майстэрня” — гэта малітва ў рэжыме нон-стоп, бо той, хто спявае, моліцца двойчы. “Майстэрня” — гэта знаёмства з прафесіяналамі з Польшчы, якія дыхаюць сваёй справай, дыхаюць музыкай і зараджаюць энергіяй творчасці і любові да мастацтва і людзей.

Першыя ўражанні: “Ваў! Тут столькі трэба спяваць?! Выдатна! Падыходзіць!”
 
Наступныя ўражанні: “Якія палякі крутыя!”

Трэція ўражанні: “Тут яшчэ і кормяць смачна!”

Што даў мне ўдзел у “Музычнай майстэрні”? Запал. Запал і жаданне дапамагаць людзям раскрываць сябе і свае таленты. Менавіта “Майстэрня” і зараз (хоць я амаль ужо прафессійны музыка) вучыць мяне не баяцца сябе і не баяцца сцэны) яшчэ яна дала мне вельмі прыемныя і цёплыя знаёмствы, якія з цягам часу ператвараюцца ў сяброўства. І, канешне, “Майстэрня” — гэта проста неверагодны эмацыйны і духоўны зарад».

Вікторыя Рафаловіч, Гродна:



«”Майстэрня” для мяне ў першую чаргу — час, праведзены з музыкай, спевамі, малітвай і добрымі людзьмі. Маё першае ўражанне ад “Майстэрні” было такое: “Як тут здорава! Пане, дзякуй Табе за гэты шанс”. “Майстэрня” дала мне шанс больш даведацца пра музыку, вывучыць песні праслаўлення і пазнаёміцца з новымі людзьмі. Гэта ўнікальная магчымасць для маладых людзей пазнаць свае здольнасці, пашырыць кругагляд і быць бліжэй да Бога дзякуючы спеву і малітвам.

Яшчэ шмат можна сказаць пра “Майстэрню”, бо там усё цудоўна, няма ніякіх мінусаў».

Ганна Гарадзецкая, Маладзечна:



«”Майстэрня” для мяне — гэта як новае жыццё. Ты прыязджаеш туды і атрымліваеш духоўнае аздараўленне і чысціню душы.

Маё першае ўражанне — гэта насамрэч нешта складанае: ты працуеш і граеш на інструменце цэлы тыдзень, але не стамляешся, як у штодзённым жыцці, а наадварот — Езус дае сілы на больш плённую працу, якая ўмацоўвае мяне духоўна.

Удзел у “Майстэрні” дае мне духоўнае ўзмацненне на цэлы год. На працягу штодзённага жыцця душа “забруджваецца”. Без “Майстэрні” я больш не ўяўляю сваё жыццё — гэта маё духоўнае аздараўленне і падтрымка шчырых сяброў».

Ян Пятліцкі, Баранавічы:


«”Майстэрня” для мяне — сапраўдны аазіс пасярод пустыні паўсядзённасці і смутку. Гэта тыдзень няспыннай малітвы (бо хто спявае, той двойчы моліцца). А яшчэ добрая нагода, каб пазнаёміцца з аднадумцамі з усёй нашай краіны і з-за мяжы.

Першыя ўражанні, як і ў любога ўдзельніка, неверагодныя! Няма ні хвіліны супакою. Пастаяннае духоўнае і творчае развіццё з ранку ажно да позняга вечару. І, натуральна, прыехаўшы дадому, хочацца хутчэй вярнуцца.

Удзел у “Музычнай майстэрні” даў мне шмат духоўнага і музычнага натхнення на цэлы год! Гэта такі зарад энергіі, пазітыву і ласкі Божай, які квітнее ўва мне аж дагэтуль».

Франак Пятліцкі, Баранавічы:



«На дадзены момант “Майстэрня” для мяне — адна з самых важных падзей года. Менавіта яна прымушае мяне браць адпачынак і, седзячы на парах, марыць, калі яна пачнецца.

Першая “Майстэрня” для мяне была адкрыццём. Я яшчэ не бачыў столькі шмат музыкантаў, якія вераць у Бога і граюць разам! Гэтую атмасферу проста нерэальна перадаць словамі! Пан Ян — зорка ў Польшчы — выдаткоўвае тыдзень адпачынку, каб прыехаць у Беларусь і пайграць з намі, і, што самае цікавае, яму гэта падабаецца!

Удзел у “Майстэрні” дае мне многае! Па-першае, гэта жаданне ствараць новую музыку. Па-другое — духоўная падпітка, бо паўсядзённы свет вядзе цябе да ўсё часцейшага і большага граху, а “Майстэрня” за адзін тыдзень дае такі разрад і духоўную падпітку, якіх хопіць на цэлы год».

Вікторыя Кімстач, Ваўкалата:



«”Музычная майстэрня” для мяне — гэта радаснае свята даўжынёй у тыдзень. Тое, чаго з нецярпеннем чакаеш кожны год і адлічваеш дні. Месца, дзе заўсёды прыемна, дзе сапраўды адчуваецца паяднанне з Богам, дзе бесперапынна гучыць музыка.

Першы раз я трапіла на “Майстэрню” ў 2012 годзе. З першых дзён мяне не пакідала адчуванне той вялікай сям'і, дзе на працягу тыдня кожны чалавек становіцца табе родным. І не важна, ці з'яўляешся ты прафесійным спеваком, музыкантам, ці ўвогуле ніколі не спрабаваў спяваць, — “Майстэрня” яднае ўсіх.

Калі б я не трапіла на “Музычную майстэрню”, я б ніколі не даведалася, наколькі прыгожымі могуць быць літургічныя харавыя спевы, як можна праслаўляць Бога музыкай. Я б таксама ніколі не сустрэлася з тымі людзьмі, якіх ведаю зараз, бо кожны з іх — бясконца таленавіты чалавек. “Майстэрня” дала мне веру ў сябе і ў людзей побач, гэтыя кароткія сем дзён даюць мне сілы на ўвесь астатні год. “Майстэрня” — гэта мая вялікая любімая сям'я».

Алеся Канонік, Заслаўе:


«Упершыню пра “Майстэрню” даведалася шмат гадоў таму ад адной жанчыны з нашай парафіі, яна з такім захапленнем расказвала пра яе, што і мне таксама захацелася прыняць удзел ва ўсім гэтым. Але нешта тады не атрымлівалася, не было кампаніі і г.д. Скончыўшы першы курс універсітэта, я ўсё ж вырашыла крута правесці тыдзень сваіх вакацый. І не шкадую ні разу ўжо пяць гадоў запар! Так, адразу было неяк “непрыкольна”, бо ўсё прыехалі якімі-ніякімі, але групамі, а я была адна з Заслаўя, адразу не ведала, куды ісці, што рабіць... Пасля першай ночы ў польскім доме ўжо хацела збірацца дадому. Але ў Пана Бога былі іншыя планы на гэты конт: ужо на другі дзень я пазнаёмілася з мноствам моладзі, мне прапанавалі перабрацца на начлег да цудоўнай сям'і, ад рэпетыцый з хорам і аркестрам я была ў поўным захапленні!

“Музычная майстэрня” — гэта мноства усмешак, любові, сонца, добрага настрою і выдатных уражанняў. Гэта новыя знаёмствы, магчымасць праслаўляць Пана Бога ўсім разам; гэта калі ты ходзіш і свецішся ад шчасця, ты вучышся, адкрываеш у сабе нешта новае і перадаеш гэта далей (у маім выпадку — спрабуеш перадаць; я за пяць гадоў так “дастала” наш заслаўскі хор з прапановай вывучыць нешта з “Майстэрні”, што нарэшце мяне паслухалі); гэта калі пад канец тыдня ў цябе няма сіл ні на што і ўсім кажаш: усё, больш я сюды не паеду… але…

“Майстэрня” — гэта тое, чаго чакаеш увесь год і пачынаеш сумаваць па ўсім і ўсіх адразу, як толькі сядзеш у машыну пасля развітальнай Імшы ў нядзелю; гэта калі ты яшчэ два-тры тыдні пасля яе ходзіш на працу (ці адпачываеш, калі студэнт), але думкамі знаходзішся ўсё яшчэ на “Майстэрні” і напяваеш сабе пад нос новыя песні... і людзі думаюць, што з табой нешта дзіўнае здарылася (але ж сапраўды здарылася, гэта такая крутая здольнасць “Майстэрні” — рабіць цуды з людзьмі).

А яшчэ на “Майстэрні” споўнілася мая даўняя мара — заспяваць “Магутны Божа” вялікім хорам, на чатыры галасы.

Адным словам, “Майстэрня” — гэта вельмі крута! Я люблю “Музычную майстэрню”!»

Уладзіслаў Качан, Вілейка:



«Што для мяне “Майстэрня”? Гэта, у літаральным сэнсе, усё тое, што мне падабаецца, сабранае ў адным месцы. Гэта і музыка, і вялікая колькасць пазітыўных людзей, і, самае галоўнае, Бог!

Мой шлях да “Майстэрні” пачынаўся з сустрэч моладзі ў Івянцы. Менавіта там я пазнаёміўся з творчасцю выдатнага хору, сабранага менш чым за тыдзень. Вырашыўшыся адкрыць для сябе нешта новае, праз год я адправіўся ў Івянец у якасці ўдзельніка “Майстэрні”. Было страшна, але страх хутка разышоўся, я знайшоў шмат цікавых, прыемных людзей. Гэта былі тыя самыя моманты, якія засталіся ў памяці, моманты, якія цягнуць да “Майстэрні” i сёння.

Што даў мне ўдзел у “Майстэрні”? Прасцей спытаць, чаго мне “Майстэрня” не дала.

І варта выказаць вялікую падзяку ўсім арганізатарам, асабліва а. Леху і пану Яну Паспяшальскаму, за іх працу, плён якой мы збіраем і сёння!»

Марына Сабалеўская, Івянец:


«”Майстэрня” для мяне — гэта любімы музычны фестываль, тым больш звязаны з рэлігіяй, месца, дзе збіраецца таленавітая, цікавая, хрысціянская моладзь. Першыя ўражанні — паколькі я сама з Івянца, то на першай “Майстэрні” была ў 8 гадоў, для мяне гэта было настолькі цікава, спевы па нотам… Але найбольш яркае маё ўражанне — калі каля кляштара ўсе збіраліся ў сямейнае кола і дзяліліся сваімі сведчаннямі, таксама спявалі спевы праслаўлення; эта было неймаверна. Што дала мне “Майстэрня” — напэўна, любоў да музыкі, магчыма, таму я і звязала сваё жыццё з музыкай, мне падабаліся імправізацыі, варштаты па дырыжыраванні, спевы ў такім магутным чатырохгалосным хоры».

Іван Шумскі, Магілёў:



«”У гэтым годзе буду на “Майстэрні” ўжо ў чацвёрты раз і магу сказаць, што яна займае асобна важнае месца ў маім жыцці. Яна стала адной з самых чаканых падзей года, на якой я кожны раз знаходжу для сябе нешта карыснае і каштоўнае.

У першы дзень, калі прыехаў на “Майстэрню”, мне стала крыху страшна, таму што я бачыў вялікую колькасть людзей, якія вельмі зладжана пелі, гралі на музычных інструментах, прыдумвалі штосьці новае. Я спужаўся таго, што не знойдзецца месца для мяне ў гэтым натоўпе, але гэтае месца само знайшло мяне, дзякуючы Божай дапамозе, добрай арганізацыі варштатаў і “старэйшым” удзельнікам.

Што даў мне ўдзел у “Майстэрні”? Новые знаёмствы, добра праведзены час, умацаванне ў веры і, канешне, музычныя веды. Да “Майстэрні” я ведаў пра свой музычны патэнцыял, але мала выкарыстоўваў яго. Бог праз “Майстэрню” дапамог мне адкрыть свае музычныя таленты. Я ніколі не пашкадую, што некалькі гадоў таму прыехаў сюды ў першы раз і далучыўся да гэтай вялікай сям’і!»

Некаторая інфармацыя пра правядзенне сёлетняй «Майстэрні»:


1. Даты правядзення: чаму жнівень, калі звычайна «Майстэрня» адбываецца ў другой палове ліпеня?


Змены ў арганізацыі звязаны з правядзеннем Сусветных дзён моладзі ў Кракаве. Менавіта з-за гэтага «Майстэрня» адбудзецца на два тыдні пазней звычайнага.

2. Месца: дзе знаходзіцца Івянец?

Івянец знаходзіцца ў Валожынскім раёне Мінскай вобласці. Дабрацца можна прамымі аўтобусамі з Мінска, Маладзечна, Валожына, або дамовіцца і прыехаць адной кампаніяй на сваім аўтамабілі або аўтобусе.

3. Дзе будуць жыць удзельнікі «Майстэрні»?

Пражыванне прадугледжана пры францішканскім кляштары і ў дамах парафіян, таму трэба мець з сабой спальнік і карымат. Харчаванне будзе адбывацца на працягу дня на базе «Майстэрні».

4. На якой мове праходзіць «Майстэрня»?

Нягледзячы на тое, што запрошаныя госці прыедуць з Польшчы і будуць праводзіць свае майстар-класы і лекцыі на польскай мове, усё будзе перакладацца на беларускую. Таму асноўная мова — беларуская.

5. Ці з’яўляецца ўдзел у «Майстэрні» платным?

Не. Абавязковай платы за ўдзел у «Майстэрні» няма, але можна скласці дабравольную ахвяру на патрэбы арганізацыі і правядзення гэтай падзеі.

6. Удзельнічаць могуць толькі музыкі?

Не. Асаблівасць «Майстэрні» ў тым, што яна збірае не толькі прафесійных інструменталістаў, музыкаў і аматараў літургічнага спеву і спеву праслаўлення, але перш за ўсё людзей, што жадаюць у супольнай малітве праслаўляць Пана. Таксама запрашаюцца людзі, зацікаўленыя ў развіцці сваіх музычных густаў, тэатральных талентаў, сцэнаграфічнага майстэрства...  Арганізатары абяцаюць не даць засумаваць усім удзельнікам.

Жадаючым прыняць удзел у сёлетняй «Музычнай майстэрні» просьба як найхутчэй паведаміць пра гэта па тэлефоне ці на электронную пошту:


+375 29 551 66 42 а. Лех Баханэк OFMConv
Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript

А таксама ў суполцы ВК або Facebook

Для рэгістрацыі трэба напісаць наступныя даныя:

  • імя і прозвішча
  • дату нараджэння
  • месца і парафію, адкуль прыязджаеце
  • нумар тэлефона (лепш мабільнага)
  • ці патрэбна месца для начлегу

 

А. Яўген Голуб OFMConv, Вольга Янковіч, (AYU), (AG)


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.