Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кніга-інтэрв’ю Папы Францішка «Імя Бога — Міласэрнасць» з’явілася на беларускай мове
Беларусь
13.08.2016 18:14

Кніга-інтэрв’ю Папы Францішка «Імя Бога — Міласэрнасць» (Il nome di Dio è Misericordia) выйшла на беларускай мове. Ініцыятарам выдання выступілі Віцебская дыяцэзія, якой Ватыканскае выдавецтва і італьянскае выдавецтва «Piemme» перадалі правы на беларускі пераклад, грэка-каталіцкая парафія Святамучаніка Язафата ў Полацку і беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.

Пераклаў кнігу супрацоўнік беларускай рэдакцыi Ватыканскага радыё Аляксандр Панчанка. Яна выйшла ў выдавецтве «Медысонт» накладам 950 асобнікаў. Падтрымаў выданне кнігі-інтэрв’ю Папскі фонд «Дапамога Касцёлу ў патрэбе».

«У размове з ватыканістам Андрэа Тарніелі Папа Францішак, праз успаміны з маладосці і кранальныя эпізоды са свайго пастырскага досведу, тлумачыць прычыны абвяшчэння Надзвычайнага Святога Года Міласэрнасці. У кожнай старонцы кнігі адчуваецца прагненне дасягнуць усіх тых, якія шукаюць сэнс жыцця, шлях супакою і прымірэння, ацалення духоўных і фізічных ранаў. Не ўпускаючы з увагі этычныя і багаслоўскія пытанні, Францішак падкрэслівае, што Касцёл не можа зачыняць дзверы ні перад кім», — гаворыцца ў анатацыі да кнігі і дадаецца, што яна «прызначана для шырокага кола чытачоў».

Набыць кнігу можна будзе ўжо праз тыдзень. Упершыню яна з’явіцца ў кіёсках на ўрачыстасцях у гонар Маці Божай Валадаркі азёраў у Браславе, якія пройдуць 19-20 жніўня. Там адбудзецца і яе прэзентацыя, якую правядзе кс. д-р Мікалай Ціхановіч, які быў кансультантам яе беларускага перакладу.

Сусветная прэм’ера кнігі-інтэрв’ю «Імя Бога — Міласэрнасць» прайшла ў Рыме 12 студзеня. Гэта, практычна, размова, якую правёў з Папам італьянскі журналіст-ватыканіст Андрэа Тарніелі, задаўшы Пантыфіку 40 пытанняў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.