Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Laudatо Si» — новы музычны фестываль у Беразінскім стаў сімвалам еднасці хрысціян розных канфесій
Беларусь
23.08.2016 13:26

У духу малітвы праслаўлення, любові да спеву і музыкі ў парафіі Божага Цела ў Беразінскім 20-21 жніўня прайшоў новы фестываль хрысціянскай музыкі «Laudatо Si».

Невялікая маладая парафія на чале з пробашчам ксяндзом Сяргеем Бараўнёвым прыняла 18 удзельнікаў фестывалю, сярод якіх былі гурты, хоры, салісты розных хрысціянскіх канфесій.

Першы дзень фестывалю ўдзельнікі дэманстравалі свае таленты, якія былі ацэнены на наступны дзень прафесійным журы.

«Як можна ўдзельнічаць у конкурсе хрысціянскай песні? Няўжо, калі хтосьці славіць Бога, то робіць гэта горш альбо лепш?» — так казаў адзін з удзельнікаў, які спачатку быў сярод тых, хто дапамагаў фестывалю з апаратурай, аднак у выніку аказаўся пераможцам сярод гуртоў.

Словы свайго бацькі Ігара Буракоўскага наконт удзелу ў фестывалі перадаў яго малодшы сын Генадзь, які разам з татам і старэйшым братам Сяргеем выступілі сямейным гуртом, здзівіўшы, натхніўшы і ўразіўшы прысутных.

Урэшце гурт «Сям’і Буракоўскіх» прызналі лепшым. Другое месца атрымалі гурт «TheBrothers» і «Пілігрымы». Трэцяе месца аддалі гуртам «Паміж D» i«Sound of Faith».

Сярод хораў першае месца заняў дзіцячы хор пратэстанцкай супольнасці «Новае жыццё», другое — хор «Cantate» са Свіры, трэцяе — хор (вакальны ансамбль) «Рэха».

Сярод вакалістаў не было прызначана першае месца, а другое і трэцяе занялі адпаведна Марыя Горадава і Sandrina.

Ганарова адзначылі гурты «Эммаус» і «Братка Беларус» з Барысава, «Te Deum» з Мядзеля, «Filii Dei» з Івянца.

Асаблівай пранікнёнасцю і глыбінёй адзначыліся спевы Святланы Сачок з Зэльвы, якія ўдзельніца стварае непасрэдна для аздаблення Літургіі.

Думкамі пра фестываль падзяліўся пробашч парафіі Божага Цела ў Беразінскім ксёндз Сяргей Бараўнёў:

«Ідэя з фестывалем для парафіі была крыху неспадзяванай, бо парафіяне не разлічвалі на тое, што могуць у такой невялікай парафіі зладзіць фестываль. Аднак яны прымалі актыўны ўдзел. Яшчэ пры будаўніцтве касцёла я ім заўсёды казаў, што ў такіх справах трэба заўсёды давяраць Богу, і Ён зробіць усё, што трэба».

У фестывалі было 18 удзельнікаў, сярод якіх большасць маладых хрысціянскіх гуртоў, а таксама салісты і хоры.

Ксёндз Сяргей Бараўнёў адзначыў, што на самым пачатку, калі было аб'яўлена аб фестывалі і падачы заявак на ўдзел, ён не думаў, што збярэцца такая колькасць:

«Я разлічваў, што прыедзе 5-7 удзельнікаў, і гэтага будзе дастаткова, а атрымалася больш».

Самай адметнай часткай фестывалю асабіста для пробашча, як ён падзяліўся, стала аздобленая спевам святая Імша і вечаровая адарацыя:

«Я нібыта пабываў у небе і чуў анёльскі спеў. Таксама сёння падчас Імшы была вельмі прыгожая працэсія з дарамі, сярод якіх большасць былі музычныя інструменты. Гэта ўсё стала сімвалам талентаў, здольнасцяў людзей, якія праслаўляюць Бога. Таксама ўчарашняяе вечаровая малітва ў выглядзе адарацыі, якую мы завяршылі гімнам Сусветных дзён моладзі ў Кракаве».

Падчас фестывалю быў цікавы момант: арганізатары Андрэй Лугін і Алёна Палачанская (гурт «Laudans») ужо бліжэй да канца папрасілі і ўдзельнікаў, і слухачоў заспяваць частку вельмі вядомага спеву «Малюся за цябе, Беларусь».

Гэтую знакамітую і мілагучную малітву за Айчыну ксёндз Сяргей Бараўнёў напісаў яшчэ падчас вучобы ў семінарыі.

«Быў ужо вечар, хутка трэба было класціся спаць, а чарга ў семінарыйныя прыбіральні была вельмі доўгая», — распавёў колішні семінарыст, а зараз «пробашч-будаўнік мастоў», як ён сам пра сябе кажа. Пакуль чакаў, сеў на ложак, узяў гітару і так склаў гэты спеў. Хвілін за пятнаццаць атрымалася ўся песня.

Потым гады тры ці чатыры яна ляжала ў нотах да аднаго шчаслівага выпадку ля вогнішча:

«Пры вогнішчы тады сядзелі Марыя Скуратовіч, Алеся Унукоўская, якія ўдзвюх выцягнулі з мяне гэтую песню, пасля чаго яна і стала вядомай».

Экуменічнасць, альбо еднасць хрысціян на фестывалі

«З самага пачатку я гэтага вельмі хацеў, каб фестываль быў хрысціянскім, каб не абмяжоўваўся толькі каталіцкімі гуртамі», — кажа кс. Сяргей Бараўнёў.

«Праз гэты фестываль мы вельмі б хацелі заахвоціць новых выканаўцаў, каб яны адчувалі, што выконваць хрысціянскую музыку — гэта прэстыжна», — дадае святар.

Ксёндз Сяргей Бараўнёў, а таксама галоўныя арганізатары і дапаможнікі Андрэй Лугін і Алёна Палачанская з гурта «Laudans», маюць надзею, што гэтым фестывалем будзе закладзены пачатак новай актыўнай музычнай і культурнай дзейнасці, які аб’яднае многіх зацікаўленых вакол гэтай добрай і адраджэнцкай справы.

Напрыканцы фестывалю адбыўся евангелізацыйны канцэрт хрысціянскага гурта з Магілёва «Carpen Diaz», які зноў злучыў сабраных у малітве і музыцы.

Аксана Ючкавіч, фота аўтара

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.