Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сямейнае «Дрэва міласэрнасці» расквітнела ў Баранавічах: завяршыліся рэкалекцыі руху Нотр-Дам
Беларусь
25.08.2016 11:44

Цёплымі сямейнымі рэкалекцыямі скончылі лета, багатае на хрысціянскія падзеі, удзельнікі суполкі «Equipes Notre-Dame».  15 пар сужонкаў разам з дзецьмі правялі сустрэчу ў Баранавічах перад апошнімі жнівеньскімі выхаднымі.

«Адпачні каля Майго сэрца» — гэтыя словы з Дзённіка святой Фаўстыны Кавальскай вызначылі тэму рэкалекцый, а слова «міласэрнасць» стала лейтматывам сямейнага свята.



Тры сонечныя жнівеньскія дні былі напоўнены ажыўленымі дыскусіямі, духоўнымі практыкаваннямі, малітвай, дзіцячым смехам, гульнямі і сюрпрызамі ад ініцыятыўнай группы «Equipes Notre-Dame», арганізатараў сустрэчы.

«У касцёле і раней праводзіліся рэкалекцыі для сем’яў з дзецьмі, з якімі займаліся аніматары, — адзначае Аліна Угорыч. — Але мы пайшлі крыху далей і зрабілі рэкалекцыі таксама і для малодшых удзельнікаў. Сям’я Алены і Валерыя Шымак распрацавала проста выдатную праграму дзіцячых заняткаў на ўвесь час. У выніку дзеці сумяшчалі карыснае з прыемным, а бацькі змаглі сканцэнтравацца на малітве і духоўных практыкаваннях».



За гэтую ідэю арганізатарам былі ўдзячныя і іншыя бацькі, якія нават назвалі сустрэчу «Рэкалекцыі са спакоем».

Аліна і Максім Угорыч былі прызнаны адказнай парай  за рух «Equipes Notre-Dame» у Беларусі толькі на пачатку чэрвеня, але іх актыўная і сумленная праца ўжо дала плён. Да суполкі далучаюцца новыя пары, адна з якіх – сям’я Карэнчук – урачыста прыняла «карту руху» (адмысловы статут — заўв. рэд.) падчас рэкалекцый.


Шмат слоў падзякі ад удзельнікаў прагучала ў адрас ксяндза Андрэя Лысага за асаблівыя службы для  сем'яў і навуку для дзяцей.

«Кожная з прысутных тут сем’яў — моцная падрымка і апора для святароў у сваіх парафіях, — адзначае ксёндз Андрэй.  — Яны даюць прыклад, узор таго, якой павінна быць хрысціянская сям’я. Усе гэтыя маладыя людзі — будучыня Касцёла. Цешыць тое, што колькасць іх у сямейным хрысціянскім руху толькі павялічваецца».

Кульмінацыйным момантам свята стала «загадкавае ператварэнне» звычайнай бярозкі ў Дрэва міласэрнасці, на якім выраслі салодкія падарункі — падзякі ўдзельнікам са словамі з Дзённіка святой Фаустыны для кожнага, а таксама сюрпрыз для сям’і Зубік, якая адзначыла падчас сустрэчы шостую гадавіну шлюбу.


«Такія сустрэчы — гэта добрая нагода прысвяціць час толькі блізкім людзям, аднавіць свае адносіны, — гаворыць ксендз Андрэй. — Кожная сям’я прыехала на сустрэчу са сваімі нялёгкімі пытаннямі, але за гэтыя дні яны ўбачылі, што сумесная малітва ў суполцы сяброў чыніць цуд, дазваляючы вырашаць любыя праблемы».

Алена Лапкоўская
Фота Віктара і Таццяны Бартко

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.