З 16 па 24 жніўня ў вёсцы Бердаўка (Лідскі раён) прайшла сустрэча на тэму паклікання для дзяўчат пад назвай «Яны сустрэлі Езуса», якую арганізавалі сёстры салезіянкі.
На працягу дзевяці дзён удзельніцы разважалі над урыўкамі Евангелля, у якіх жанчыны з рознымі гісторыямі жыцця сустрэлі Езуса, і тым, як гэта змяняла іх жыццё. На штодзённых сустрэчах падкрэсліваліся розныя аспекты жыцця і паводзін: «Неспазнаныя (неспадзяваныя) жаданні», «Міласэрны позірк», «Служэнне і цішыня», «Пакора і адвага», «Ахвярнасць».
Кожны дзень пачынаўся святой Імшой у мясцовым касцёле, якую цэлебраваў кс. Міхал Стэцкевіч. Дзяўчаты штодзень мелі магчымасць рознабакова развівацца: маліліся, разважалі над сваім будучым і бягучым жыццём, дзякуючы дадзеным ім пытанням пазнавалі «сапраўдную сябе», выказвалі свае думкі, гатавалі ежу, умацоўвалі дух еднасці праз спартыўныя гульні.
У адзін з дзён была арганізавана невялікая пілігрымка ў Ліпнішкі. Там удзельніц чакаў пробашч а. Вітальд Жэльветра OFMCap, які падзяліўся сведчаннем свайго жыцця і пакінуў дзяўчатам хрысціянскія жыццёвыя парады. Сястра Люцыя Пашук з супольнасці Маці Міласэрнасці (Вастрабрамскай) пачаставала дзяўчат гарбатай і правяла разам з імі час.
На пяты дзень сустрэчы да ўдзельніц завітала госця — Ірына Клявец ACS, якая правяла канферэнцыю ў незвычайнай форме аб жыцці хрысціянскай дзяўчыны, жонкі і маці. Пасля канферэнцыі адбыўся майстар-клас па фларыстыцы ад Ірыны Петрусевіч ACS, разам з якой дзяўчаты ўпрыгожылі кветкамі касцёл.
Суботнім вечарам удзельніцы сустрэчы запрасілі жыхароў вёскі на традыцыйны салезіянскі вясёлы вечар гульняў, спеваў і танцаў, а ў нядзелю — на малітоўны вечар перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, жадаючы праз гэта падзяліцца салезіянскім духам радасці, малітвы і любові.
Дзяўчаты падзяліліся ўражаннямі ад гэтых дзён:
Ульяна, 14 гадоў: «Мне вельмі спадабаліся гэтыя рэкалекцыі аб распазнанні свайго паклікання. Штодзённая святая Імша, малітва, Ружанец, Вяночак – усё гэта дапамагала духоўна расці і развівацца. Смачная ежа, сямейныя адносіны паміж усімі намі, добры настрой – гэта тое, што я знайшла. Абавязкова вярнуся на наступны год на рэкалекцыі, каб добра, плённа і цікава правесці час у кампаніі дзяўчат».
Ангеліна, 15 гадоў: «Гэта былі цудоўныя дзевяць дзён разам з дзяўчатамі. Кожны дзень у нас былі канферэнцыі, з якіх я вынесла, што трэба мець час, каб слухаць, што хоча сказаць нам Бог, і таксама мець час, каб зразумець гэта. Кожны наш дзень пачынаўся са святой Імшы — менавіта гэты момант даваў сілы на ўвесь дзень. Увогуле, я пазнала шмат новага і цікавага, таму жадаю ў наступным годзе далучыцца».
Лізавета, 14 гадоў: «Было вельмі весела. Кожны дзень распачынаўся са святой Імшы, а пасля пачыналася цікавая праграма, кожны дзень розная. Мы хадзілі нават у пілігрымку ў Ліпнішкі, дзе ксёндз распавядаў нам розныя гісторыі з яго жыцця. З духоўных момантаў больш за ўсё спадабалася адарацыя. Запрашаю ўсіх дзяўчат на наступныя рэкалекцыі аб пакліканні, таму што падчас іх ёсць магчымасць пазнаёміцца з дзяўчынкамі і пазнаць нешта новае для сябе і пра сябе».
Кацярына, 18 гадоў: «Падчас сустрэчы мы ўзгадвалі біблейскіх жанчын, якія ў сваім жыцці сустрэлі Хрыста. Праз штодзённыя разважанні і малітву мы шукалі ў цішыні сваіх сэрцаў адказ на пытанне: “Якое пакліканне для мяне з’яўляецца сапраўдным шчасцем, падрыхтаваным Панам Богам?” У наступным годзе таксама знайду час, каб яшчэ раз прыехаць на сустрэчу дзяўчат».
У сустрэчы прынялі ўдзел дзяўчаты з розных куткоў Беларусі: Мінска, Смаргоні, Бараўлянаў, Багданава, Шчучына, Жупранаў, Дзятлава, Радуні. Удзельніцы выказваюць падзяку сёстрам салезіянкам (с. Тэрэса Сольнічак FMA, с. Валянціна Кот FMA, с. Вераніка Огар FMA, с. Дар’я Еўтухоўская FMA) за добрую арганізацыю, падрыхтоўку і правядзенне сустрэчы, а асаблівую падзяку складаюць Людміле Огар за гасціннасць, дапамогу і адкрытае сэрца.
Паводле sdb.by
(AG) Фота sdb.by
|