У 44 гады будучы Папа Ян Павел ІІ быў прызначаны арцыбіскупам Кракава, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у 42 абараніў кандыдацкую, кардынал Казімір Свёнтэк у 40 гадоў вяртаўся на Беларусь з сібірскай высылкі... Яўгену Баланёву 43 гады. Сёлета ён скончыў чацвёрты курс Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі св. Тамаша Аквінскага ў Пінску. Пра выбар святарскай дарогі ў сталым узросце мужчына разважае разам з карэспандэнтам Catholic.by. Гісторыя паклікання
20 гадоў таму Яўген Баланёў жыў за тысячы кіламетраў ад Беларусі — на беразе Японскага мора. Як прыгадвае сам мужчына, гэта быў час, «калі адсутнасць веры і ведаў пра Бога ўспрымалася грамадствам як норма».
— Мая сям’я не была рэлігійнай, да 18 гадоў я не задумваўся пра існаванне Бога, адзіныя мае веды пра веру сыходзілі з класічнай літаратуры.
Але з часам усё змянілася. З пачаткам самастойнага жыцця даводзілася ўсё часцей прымаць адказныя рашэнні, а гэта ў сваю чаргу штурхала да частай рэфлексіі, у тым ліку і душэўнай.
Людзі часта пытаюцца ў мяне, чаму я стаў католікам. Але мала хто пытае, як я сустрэў Бога...
У маім жыцці не было чалавека, які б мне расказаў пра Бога або падзяліўся сваім вопытам сустрэчы з Ім. Я не меў уяўлення пра Святую Тройцу, не чытаў Евангелля і не ведаў ніводнай малітвы. Зносіны з Богам у маім жыцці пачыналіся паступова. З майго боку гэта было шчырае жаданне дзень за днём шукаць праўду, сэнс і сутнасць існавання, а з боку Бога — шчырая апека і натхненне на разважанні, — заключае семінарыст. Мужчына дадае, што сёння ён больш свядома разумее значнасць сваіх былых разважанняў і расцэньвае гэта як праяву дзейнасці ў яго душы Святога Духа.
«Вера ў Бога была дадзена мне натуральна, як даецца чалавеку новы дзень пасля сну. Гэта не адбылося ў адзін момант, але ўваходзіла ў маё сэрца з кожным новым разважаннем, новымі пытаннямі і пошукамі адказу на іх», — кажа Яўген Баланёў. «Малітва падзякі глыбока змяніла мае адносіны з Богам»
Паводле слоў семінарыста, яго першыя малітвы выглядалі як просьбы:
— Прасіць даводзілася пра многае, і самае дзіўнае, я пачаў заўважаць дапамогу і дзеянне Бога, адказы на мае просьбы. Першыя тры гады зносінаў з Богам так і праходзілі ў рэжыме «просьба» і «адказ». На чацвёрты год Бог пачаў вучыць мяне падзяцы.
Гэта важны ўрок — быць удзячным Богу не за выкананне просьбаў, але за Яго ўдзел у нашым жыцці. Сёння магу сказаць, што менавіта малітва падзякі глыбока змяніла мае адносіны з Богам. У 1996 годзе ў велікодную ноч мяне ахрысцілі, умацаваўшы дарамі Святога Духа і адарыўшы святой Камуніяй Цела і Крыві Хрыста. Гэты ўнікальны вопыт мае пачатак, але не мае завяршэння. Гэта працэс спазнання Бога і зносін з Ім, які ў маім выпадку распачаўся больш за 20 гадоў таму.
«Для Бога не існуе часу»
Яўген адзначае, што вучоба ў пінскай семінарыі — гэта яго другая спроба стаць святаром:
— Раней, калі ў Расіі душпастырскае служэнне нёс арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, я вучыўся ў каталіцкай семінарыі ў Санкт-Пецярбургу. Але святарства — крок на ўсё жыццё, і мне патрэбен быў час, каб да канца вызнаць волю Бога адносна мяне.
Пан Бог паклікаў мяне назад: у семінарыю ў Пінску я прыйшоў у 39 гадоў. Чытайце таксама: З аднаго боку гэта ўзрост мужчынскай сталасці, па-другое, гэта такі ўзрост, калі Пан Бог давярае мужчыну нейкую справу, чакае яго рашучасці. Сапраўды, для нас у такім узросце вучыцца ў семінарыі — гэта непрывычна. Але ў рэлігійнай гісторыі нямала выпадкаў, калі Пан Бог клікаў мужчын у сталым узросце. Гісторыя Майсея, напрыклад, гэта пацвярджае.
Наша задача — распазнаць волю Бога, прыняць яе і выканаць. І сёння гэта адзін з найважнейшых выклікаў не толькі для будучых семінарыстаў, але і для тых хлопцаў, якія разважаюць пра сям’ю. Само рашэнне звязаць сябе з адной жонкаю на ўсё жыццё або на ўсё жыццё прысвяціць сябе Пану Богу — крок, які патрабуе часу на роздум. Але заўсёды трэба памятаць, што для Бога не існуе часу. Ён заўсёды разглядае чалавека ў перспектыве вечнасці і ў кантэксце ўсяго грамадства.
«Наймалодшаму аднакурсніку я прыходжуся ў бацькі»
— Калі я паступаў, майму наймалодшаму аднакурсніку было 17 гадоў. Напэўна, у яго бацька такога ж узросту, як і я (усміхаецца — заўв. рэд). Я, аднак, не адзіны прыклад таго, калі мужчына ідзе ў семінарыю ў сталым узросце — у Беларусі такія прыклады ўжо былі.
Яўген Баланёў (у цэнтры): Пэўная розніца паміж намі, вядома, ёсць: сфармуляваны менталітэт, погляд
на жыццё і вопыт, які прыходзіць з часам. Але нейкай вялікай дыстанцыі
не было і няма. Усе стараюцца будаваць адносіны па-брацку. Ёсць узрост фізічны, узрост інтэлектуальны і ўзрост духоўны. Я быў ахрышчаны ў 23 гады. Таму, калі ўзяць мой духоўны ўзрост, мне насамрэч гадоў 20 (усміхаецца — заўв. рэд).
У параўнанні з маладзейшымі семінарыстамі мне даводзіцца прыкладаць больш намаганняў, каб вывучыць зададзены дыдактычны матэрыял. Вучыўся я заўсёды добра, але ў 40 гадоў запамінанне даецца куды цяжэй. Калі браць духоўна-інтэлектуальны вопыт, то, калі такая неабходнасць узнікае, з радасцю стараюся дапамагчы маладзейшым хлопцам у іх пытаннях.
«Узрост – гэта мяжа, якую мы самі сабе ставім»
— Хлопцы, якія думаюць пра семінарыю, могуць сутыкнуцца з унутранымі страхамі: хтосьці не ўпэўнены, што адолее ўсе прадметы; іншы сумняецца ў фізічным здароўі, трэці лічыць, што ўжо занадта позна пачынаць. Але Бог кліча не ідэальных людзей.
Кожнае пакліканне — гэта дар і таямніца. І ўзрост у дадзеным выпадку — тая мяжа, якую мы самі сабе ставім. Куды больш яна хвалюе самога чалавека, а не Бога.
Прыгадаем пакліканне апосталаў. З маладых — апостал Ян, апосталам Пятру і Якубу было ўжо далёка за 40 гадоў, у іх ужо дзеці былі дарослыя...
Наш узрост залежыць ад таго, наколькі мы супрацоўнічаем з Панам Богам. Трэба памятаць, што Бог — гэта вечнасць, у якой няма межаў. Тое, што мы робім, мае значэнне для вечнасці. Таму хлопцам я хачу пажадаць найперш даверу Богу кожны дзень: не стаўце сабе ніякіх межаў!
Падрыхтаваў Ілья Лапато, фота з архіва аўтара
|