Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Фрайзінгу завяршыўся Міжнародны кангрэс «Рэнавабіс» з удзелам беларускіх католікаў
Беларусь
02.09.2016 14:14

У цэнтры сёлетняга кангрэса «Рэнавабіс», які прайшоў ужо ў 20-ы раз, былі роля і дзейнасць манаскіх супольнасцяў у сённяшнім грамадстве ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе.

Каталіцкі Касцёл у Беларусі на кангрэсе прадстаўлялі 11 чалавек, большасць з якіх — кансэкраваныя асобы. Беларускі епіскапат на форуме прадстаўляў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.



Даклады, якія гучалі ў межах кангрэса, сталі спробай даць адказ на пытанне, якія перспектывы чакаюць манаскія супольнасці ў будучыні.

Падчас круглых сталоў абмяркоўвалася роля манаскіх супольнасцяў у развіцці адукацыі, дапамога ахвярам гандлю людзьмі, крызіс у манастве, дапамога бежанцам як харызма манаскіх супольнасцяў, пасланне манаскага жыцця ў Праваслаўнай Царкве і інш.

Тры прадстаўнікі Беларусі былі заяўлены ў ролі экспертаў на круглых сталах.


Айцец Алег Шэнда OFM Cap выступіў экспертам на круглым стале «Ідэалы ордэна ці пастырскія намаганні: канфлікт або шанец». Брат Карнэлій Консэк SVD і а. Юрый Шэнда OP былі экспертамі падчас абмеркавання тэмы «"Не адмаўляйце і будзьце прарокамі" (Папа Францішак да кансэкраваных асобаў). Як манаскае жыццё можа адпавядаць гэтым ідэалам сёння?».

Міжнародны кангрэс «Рэнавабіс» праходзіць штогод у Фрайзінгу, пачынаючы з 1997 года, згодна з рашэннем Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Германіі. Мерапрыемства з удзельнікамі з усіх частак Еўропы служыць пляцоўкай для абмену інфармацыяй і дыскусій пра развіццё ў Касцёле і грамадства ў Цэнтральнай, Усходняй і Паўднёвай Еўропе.

За гады развіцця кангрэс стаў важным форумам дыялогу паміж удзельнікамі з усходніх і заходніх частак Еўропы.

Да ўдзельнікаў кангрэса было зачытана прывітальнае слова Папы Францішка, Канцлера Германіі Ангелы Меркель, а таксама Старшыні праваслаўнага епіскапату Германіі Мітрапаліта Аўгусціна.

«Традыцыйны форум "Рэнавабіс" дапамог у новай ацэнцы служэння манаскіх супольнасцяў, без якіх немагчыма было б адраджэнне Касцёла ў посткамуністычных краінах, у тым ліку і ў Беларусі, — адзначыў для Catholic.by Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. — Кангрэс дапамог у абмене вопытам і ў працэсе інтэграцыі паміж прадстаўнікамі розных народаў і традыцый. Форум таксама дазволіў абмеркаваць новыя магчымасці супрацоўніцтва паміж мясцовымі Касцёламі і замежнымі спонсарамі».

Ілья Лапато, фота кс. Юрыя Марціновіча

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.