Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гурт Laudans прэзентаваў у Мінску новы альбом
Беларусь
06.09.2016 16:09

4 верасня ў мінскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа адбыўся канцэрт гурта Laudans, падчас якога быў прадстаўлены новы альбом калектыва «Адзінства». к«Мы не паспяваем запісваць усё, што складаем, — гаворыць саліст гурта Андрэй Лугін. — Таму да нашага альбома ў хуткім часе плануем выпусціць дадатак».

На канцэрце было прэзентавана відэа на песню «Той Самы Госць» (на словы Ірыны Багдановіч). Здымкі кліпа праходзілі ў Польшчы. У аснове сюжэта — любоў чалавека да Бога і да бліжняга.

Валерый Баброўскі, прыхільнік творчасці Laudans, падзяліўся сваімі ўражаннямі: «Гурт спявае вельмі мудрыя песні. Гэта важна ў наш час. Увогуле, было б цудоўна, каб не толькі Laudans, але і іншыя касцёльныя гурты запісвалі свае спевы на дыск. Каб гэтыя песні, ад якіх у касцёле дух захоплівае, кожны мог узяць з сабою і паслухаць у любы момант».

Ужо некалькі гадоў гурт Laudans праводзіць рэпетыцыі ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыі. Вось што гаворыць пра іх творчасць пробашч парафіі кс. Андрэй Сіповіч:

«Сфера музыкі прыцягвае чалавека. Духоўная музыка — гэта не толькі класічныя касцёльныя спевы. Добрая духоўная музыка можа быць розных стыляў. Галоўнае, каб той, хто слухае гэтую музыку, быў адчынены на Бога.

Прапаведаваць можна праз розную творчасць. Добра, калі гэта робіцца таксама праз выяўленчае мастацтва, хрысціянскае кіно, як гэта робіць фестываль Magnificat. Увогуле, калі ёсць талент ад Святога Духа, то ад яго ўжо не схаваешся».

Сёлета гурту Laudans споўнілася тры з паловай гады. Яго стваральнікі Андрэй Лугін і Алена Палачанская цалкам прысвяцілі сябе музыцы, імкнучыся кожную вольную хвіліну аддаваць творчасці:

«З самага пачатку нас вёў Бог. Усё, што ў нас атрымалася, — гэта дзякуючы Яго падтрымцы. Мы спадзяёмся і імкнёмся да таго, каб і далей служыць Богу і людзям праз сваю творчасць».

Іна Рыкуніна, фота Надзеі Коўш і Ганны Харашчо

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.