Ксёндз Аляксандр Улас, новы праграмны дырэктар беларускага «Радыё РМ», зарэгістраванага ў нашай краіне ў чэрвені бягучага года, распавёў Catholic.by пра наступныя крокі ў развіцці каталіцкага радыё ў Беларусі.
а 5-7 верасня святар прымаў удзел у трэнінгу для кіраўнікоў «Радыё Марыя» з розных краін, які сёлета прайшоў ва Украіне на базе духоўнай семінарыі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Ворзелі. За тры дні ўдзельнікі сустрэчы з Беларусі, Украіны, Аргенціны, Латвіі, Францыі, Германіі, Італіі і Румыніі абмеркавалі мэты і заданні «Радыё Марыя», асаблівасці рэдактарскай палітыкі, працу з валанцёрамі і інш. У сустрэчы прымалі ўдзел прадстаўнікі Сусветнай Сям’і «Радыё Марыя» — кс. Францішак Плацыос, еўрапейскі каардынатар Бернард Мітэруцнэр і супрацоўнік Сусветнай сям’і «Радыё Марыя» Радаэль Галаці. «Тут, як нідзе, усведамляеш багацце Касцёла. ”Радыё Марыя” як міжнародная структура мае шмат напрацовак і багаты вопыт працы ў розных краінах з рознымі законамі, — адзначае кс. Аляксандр Улас. — На семінары мы не проста вучымся, але найперш дзелімся. Атмасфера пануе вельмі спецыфічная, бо той, хто вучыцца, у пэўны момант можа стаць тым, хто можа навучыць і падзяліцца вопытам сваёй краіны».
1. Што чуваць сёння з «Радыё Марыя» ў Беларусі?
— На сёння адбыўся запуск тэставай версіі радыё. Запушчаная версія — толькі праверка нашых тэхнічных магчымасцяў, якія мы тэсціруем. Канчатковы ж выгляд «Радыё Марыя» будзе зусім іншы.
У чэрвені 2016 года ў галоўным упраўленні юстыцыі Мінскага гарвыканкама «Радыё Марыя» атрымала дзяржаўную рэгістрацыю. У Беларусі нас зарэгістравалі па першых літарах — «Радыё РМ». Паступова мы падышлі да тэхнічнай падрыхтоўкі будучага вяшчальніка. У сувязі з тым, што «вольных хваляў» у Мінску нам не выдзелілі, мы вырашылі пачаць працу ў інтэрнэце і запусціць спачатку інтэрнэт-версію «Радыё РМ». Тэставая версія мае абмежаванне — адначасова радыё могуць слухаць толькі 30 слухачоў. Мы карыстаемся «аўтадыджэем». Але ўсё гэта толькі праверка. Мы вывучаем розныя варыянты, а таксама магчымасці трансляцый з розных куткоў Беларусі, магчымасці скайп-трансляцый і г.д.
2. Афіцыйнай мовай новага радыё будзе беларуская. Чым яшчэ будзе адрознівацца ад іншых «Радыё РМ»?
— Нацыянальная спецыфіка будзе ў нашых слухачах. Слухачы — фундамент кожнага «Радыё Марыя». А слухачы — гэта перш за ўсё беларусы. Сама ідэя «Радыё Марыя» — радыё, зробленае людзьмі для людзей. Валанцёры, якія прыходзяць і робяць гэтае радыё. Тое, што будзе ў радыё, будзе адказам на духоўныя патрэбы і запыты вернікаў.
Спецыфіку кантэнту «Радыё Марыя» ва ўсім свеце можна патлумачыць наступным чынам: па-першае, гэта абавязковая малітва (адна трэцяя ад усяго эфіру) — Ружанец, Вяночак да Божай Міласэрнасці, святая Імша, «Анёл Панскі» і інш. Другім складнікам эфіру стане катэхеза — пазнаванне Бога і Бібліі. Трэцяя частка — сацыяльныя тэмы (псіхалогія, сацыялогія і г.д.), або, інакш кажучы, тыя тэмы, праз якія чалавек у сваёй штодзённасці набліжаецца да Бога.
Усе гэтыя пытанні практычна ў кожнай краіне спецыфічныя. Няма магчымасці сказаць, што малітва аднолькавая. Мы плануем весці трансляцыю святой Імшы з розных парафій, таму чакаем і актыўнага ўдзелу беларускіх парафій у гэтай справе.
3. Ці будзе «Радыё РМ» супрацоўнічаць з хрысціянскімі гуртамі?
— Музыцы будзе належаць да 10 працэнтаў ад усяго кантэнту. І тут мы будзем імкнуцца да таго, каб на першым месцы была наша беларуская хрысціянская музыка. У гэтым таксама будзе асаблівасць нашага беларускага радыё. Гэта дасць магчымасць гуртам данесці сваю музыку і да слухачоў іншых краін.
4. Многія цікавяцца працай на радыё валанцёраў. Якой будзе гэтая праца?
— У пошуку валанцёраў мы будзем кіравацца наступнымі крытэрыямі: гэта павінны быць людзі, якія вераць, моляцца і дзейнічаюць. Гэтае запрашэнне будзе датычаць усіх людзей добрай волі.
Валанцёры будуць праходзіць на нашым радыё адмысловую школу. Але гэты этап — пакуль наперадзе. Спачатку трэба вырашыць матэрыяльна-тэхнічныя пытанні.
Радыё — гэта не толькі супрацоўнікі і валанцёры. Найперш — гэта яго слухачы. Па сутнасці, «Радыё РМ» — гэта сям’я, якая аб’ядноўвае нас, супрацоўнікаў, і слухачоў на шляху да Бога праз Марыю. Маім заданнем стане фактычна не столькі пошук валанцёраў, колькі стварэнне ў Беларусі гэтай вялікай сям’і «Радыё РМ». А гэта заданне не толькі для мяне, але і для іншых святароў і душпастыраў. «Радыё РМ» — гэта і цудоўная магчымасць развіцця марыйнай духоўнасці. 5. Калі чакаць запуску «Радыё РМ»?
— Пакуль яшчэ нельга казаць пра дакладныя тэрміны. Спадзяюся, праз месяц-паўтара тэхнічная апрабацыя будзе скончана і мы, нарэшце, пяройдзем да анлайн-трансляцыі.
Асаблівасць «Радыё РМ» будзе ў тым, што гэта будзе кругласутачнае вяшчанне ў рэжыме анлайн, бо радыё — гэта перадусім жывы арганізм.
Размаўляў Ілья Лапато
|