Каталіцкі тэалагічны трактат XVIII ст. знойдзены ў кантэйнеры для макулатуры |
Беларусь |
14.09.2016 19:52 |
Нечаканую знаходку зрабілі ў Мінску спецыялісты кампаніі «Белгіпс Эка» ў адным з вялікіх зялёных кантэйнераў для макулатуры. Нехта выкінуў каштоўныя кнігі, некаторым з якіх больш за 100 і нават 200 гадоў.
Выданні ўжо прайшлі кнігазнаўчую экспертызу. Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці атрымала кніга Францішка Пшылецкага на лацінскай мове «Compedium Thealogiae Moralis», якая была надрукавана ў Вільні ў 1765 годзе ў тыпаграфіі айцоў езуітаў. Кнігу называюць узорнай для каталіцкай беларускай і еўрапейскай кніжнай і рэлігійнай культуры свайго часу. Таксама ў рукі спецыялістаў патрапілі «Псалтыр» выдання 1888 года, які быў выдадзены ў Кіеве, першы том «Твораў Памялоўскага» 1909 года выдання і «Творы М. В. Гогаля» у адным томе выдання 1921 года. Каштоўную знаходку ўрачыста перададуць 15 верасня Нацыянальнай бібліятэцы. Ej.by (АлГ) |