Месяц жнівень для двух навучэнцаў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне быў багаты на новыя ўражанні і досвед. Андрэй Каўшук і Эрнэст Мікалайчык правялі гэты час у Казахстане, дзе мелі магчымасць бліжэй пазнаёміцца з мясцовымі вернікамі і спазнаць паўсюднасць Касцёла.
Велізарны прастор навокал, новыя мясціны і краявіды, зусім іншы свет і іншы спосаб жыцця. Сваімі ўражаннямі з летняй душпастырскай паслугі дзеліцца Андрэй Каўшук.
— Як атрымалася, што вы паехалі на місіі ў Казахстан?
— Два гады таму навучэнцы нашай семінарыі мелі магчымасць прайсці двухмесячную практыку ў парафіі Св. Антонія Падуанскага ў Какчэтаве (паўночная частка Казахстана). У гэтым годзе іх таксама запрасілі, але па розных прычынах яны не змаглі туды паехаць, і гэты выезд прапанавалі нам. Мы ахвотна згадзіліся, бо гэта новы досвед, які, несумненна, узбагаціць нас і пашырыць нашыя гарызонты.
— Чаму ты навучыўся падчас гэтай практыкі?
— Падчас прабывання ў маляўнічым Казахстане я навучыўся з надзеяй глядзець у будучыню Касцёла. Паспрабую растлумачыць, чаму. Я глыбока веру ў тое, што «брамы пякельныя не перамогуць яго», але тут ідзе гаворка пра Касцёл у Казахстане і перспектывы яго развіцця. На пачатку прабывання ў парафіі, размаўляючы з пробашчам і парафіянамі, аналізуючы сітуацыю, якая існуе ў гэтым грамадстве, я прыйшоў да высновы, што перспектыва невялікая па трох прычынах.
Па-першае, 95% вернікаў, якія належаць да Касцёла — гэта дзеці і ўнукі хрысціян розных нацыянальнасцяў, якія былі адпраўлены ў ссылку з такіх краін, як Германія, Беларусь, Польшча, Украіна і іншыя. Штогод цэлыя сем'і, асабліва моладзь, выязджаюць у краіны, з якіх паходзяць іх продкі.
Па-другое, як хрысціяне сваю рэлігійную прыналежнасць атрымліваюць праз сакрамант хросту, так мусульмане набываюць яе пры нараджэнні, а ў свядомасці казахаў існуе паняцце «казах — гэта мусульманін». Адтуль таксама ў свядомасці шматлікіх людзей існуе перакананне, што казах не можа быць ахрышчаны. На пачатку практыкі я ані разу не чуў пра такі выпадак, каб казах прыняў сакрамант хросту. Хутчэй наадварот, хрысціяне прымалі іслам у сужэнствах.
Па-трэцяе, складаныя палітычныя ўмовы. Напрыклад, забараняецца праводзіць рэлігійную дзейнасць па-за тэрыторыяй касцёла. У сувязі з гэтым я меў спакусу думаць, што хрысціянства на гэтых тэрыторыях прыходзіць у заняпад, пакуль не пазнаёміўся з пэўнай асобай. Яе завуць Ажара, і яна навярнулася. І менавіта размова з ёй змяніла маё стаўленне адносна гэтага пытання. Усё ж такі гэта магчыма, і як сказала сама Ажара: «Я вольны чалавек і маю права выбару». Яна ўвогуле здзівілася, што падобныя думкі блукаюць у маёй галаве. Пазней Ажара дадала: «Проста патрэбна вялікая евангелізацыйная праца».
— З якімі ўражаннямі ты вярнуўся дадому?
— Я ўдзячны Богу, уладам семінарыі i ўсім людзям добрай волі, якія дапамаглі ажыццявіць мой выезд у Казахстан. Пазітыўных уражанняў маю столькі, што не ведаю, як іх апісаць. Гэта зусім іншы свет са сваёй культурай, багаццем традыцый і звычаяў. Бясконцыя стэпы даюць пачуццё абсалютнай свабоды.
Вялікае ўражанне аказаў на мяне кантакт з мясцовымі хрысціянамі. Гэта вельмі адкрытыя і прыязныя людзі, вера якіх прымусіла мяне задумацца над перажываннем уласнай веры, над сваім жыццём. Парафія Св. Антонія Падуанскага ў Какчэтаве, дзе праходзіла наша практыка, налічвае толькі каля 200 чалавек, аднак кожны дзень перад пачаткам святой Імшы адбываецца гадзінная адарацыя, у якой вернікі заўсёды прымаюць удзел. І гэта цудоўна, бо з адарацыі яны чэрпаюць сілы, патрэбныя для плённага функцыянавання ў паўсядзённым жыцці.
Усцешыў мяне і той факт, што падчас нядзельнай святой Імшы ў касцёле збіраецца амаль столькі ж мужчын, колькі і жанчын — сапраўдны феномен гэтай парафіяльнай супольнасці. Уразіла і тое, што на свята маладых, якое было арганізавана якраз у той час, прыехала моладзь з усяго Казахстана, пераадольваючы адлегласць нават больш за 1000 км. Напрыклад, група з Алматы ехала амаль 1200 км цягніком.
Цяжкая і сумленная праца святароў і кансэкраваных асобаў пакінула ўва мне глыбокі след і будзе служыць прыкладам для пераймання.
Кс. Юрый Марціновіч, grodnensis.by (AG)
Фота grodnensis.by
|