У шэметаўскім касцёле ўпершыню гучала музыка Шастаковіча |
Беларусь |
28.09.2016 16:29 |
У касцёле Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Шэметаве 25 верасня, у 110-ю гадавіну з дня нараджэння Дзмітрыя Шастаковіча, упершыню прагучалі творы гэтага славутага кампазітара. Невыпадкова месцам правядзення канцэрта было абрана менавіта беларускае Шэметава — некалі тут жыў Пётр Шастаковіч, прадзед кампазітара. Як выявілася, большасці мясцовых жыхароў гэты гістарычны факт быў невядомы. У гэты дзень, каб пачуць пасля Імшы класічныя творы Шастаковіча, у касцёл прыбылі вернікі з навакольных вёсак, а таксама завіталі госці з Мінска, Гродна і Мядзела. Ініцыятарам і галоўным арганізатарам мерапрыемства стаў француз беларускага паходжання, оперны спявак і прэзідэнт французскай асацыяцыі «Абмен: Францыя-Беларусь» Аркадзь Валадось. Паводле яго слоў, калі ён даведаўся, што прадзед вядомага кампазітара ХХ стагоддзя мае свае карані ў Беларусі, у яго ўзнікла ідэя арганізаваць такі канцэрт.
Творы Шастаковіча выканалі студэнты і выкладчыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, а ноты для музыкаў Аркадзь Валадось прывёз з Парыжа, бо не ўсе з іх можна было знайсці ў Мінску. У прамове да мясцовых жыхароў Аркадзь Валадось назваў канцэрт гістарычным, бо пад скляпеннямі каталіцкага касцёла гучала музыка кампазітара, прадзед якога, магчыма, бываў тут неаднойчы. Па словах выступоўцы, у гэты дзень да 110-годдзя нараджэння Шастаковіча прайшлі канцэрты ў розных гарадах свету, у тым ліку ў Санкт-Пецярбургу, дзе сёння жыве сын вялікага кампазітара — Максім Шастаковіч. На канцэрце прагучалі струнны квартэт №3, элегія, полька, прэлюдыя і скерцо.
Аркадзь Валадось скончыў Белдзяржакадэмію музыкі і лічыць беларускую музычную школу адметнай. Быў вядучым барытонам у Марыінскім тэатры ў Санкт-Пецярбургу, вучыўся ў Ла Скала. Сёння жыве ў Парыжы. |