Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сустрэча кансэкраваных асобаў Беларусі з нагоды Года Міласэрнасці прайшла ў Будславе
Беларусь
12.10.2016 12:24

10 кастрычніка ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай адбылася сустрэча кансэкраваных асобаў з усёй Беларусі з нагоды Юбілейнага Года Міласэрнасці.

У сустрэчы прымалі ўдзел каля 250 прадстаўнікоў розных манаскіх ордэнаў і супольнасцяў, якія нясуць пастырскае служэнне ў Беларусі. У малітве кансэкраваныя асобы дзякавалі Богу за Яго міласэрнасць, разважаючы над словамі Езуса, якія Ён скіраваў да сястры Фаўстыны.

На пачатку сустрэчы прысутныя ўдзельнічалі ў адарацыйнай малітве. Наступным пунктам праграмы стала святая Імша, у якой кансэкраваныя асобы дзякавалі за дар асаблівай прыналежнасці да Езуса Хрыста.

У гаміліі кусташ Нацыянальнага санктуарыя а. Віктар Бурлака OFM узгадаў пра цуды міласэрнасці Бога, якія адбываюцца ў будслаўскай святыні.

Пасля святой Імшы ўвазе прысутных была прадстаўлена канферэнцыя, у якой а. Міхаіл Цвячкоўскі МІС разважаў на тэму міласэрнасці і пра тое, як яна праяўляецца ў сённяшнім жыцці. У разважанні святара гучалі цытаты з прамоваў Папы Францішка і Бэнэдыкта XVI.

Святар закрануў праблему празмернага спадзявання на Божую міласэрнасць, калі асоба з уласнага выбару не жадае ўваходзіць у персанальныя адносіны з Езусам Хрыстом і падтрымліваць іх.

У канферэнцыі прагучала запрашэнне да святароў, а таксама кансэкраваных асобаў быць «больш міласэрнымі да тых людзей, з якімі сустракаемся і якім служым міласэрнасцю».

«Кожны з нас з’яўляецца візітнай карткай Бога. Якога Бога рэпрэзентую ў словах і дзеяннях я, выконваючы служэнне, да якога мяне запрасіў Касцёл?» — гучала пытанне дакладчыка.

А. Канстанцін Анашка МІС,
фота а. Андрэя Квяцінскага OFMCap


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.