У Мінску прайшла прэзентацыя «Беларускай хрысціянскай азбукі» |
Беларусь |
22.10.2016 21:18 |
«З выданнем "Беларускай хрысціянскай азбукі" наша Беларусь стала крыху больш хрысціянскай», — такую думку падчас прэзентацыі азбукі выказала кіраўнік праекта Вольга Севярынец. І так ёсць, бо ўжо сёння многія бацькі і дзеткі панеслі дадому азбуку, па якой будуць вывучаць не толькі літары і мову, але і пазнаваць Бога.
Прэзентацыя «Беларускай хрысціянскай азбукі» прайшла ў Мінску 22 кастрычніка і сабрала цудоўную аўдыторыю: самых маленькіх — якім і вучыцца па ёй, іх бацькоў, будучых бацькоў, а таксама ініцыятараў і стваральнікаў хрысціянскай кнігі.
«На пачатку было Слова, а пасля ўзнікла ідэя стварыць кнігу», — распавяла Вольга Севярынец пра тое, як узнікла сама ідэя. А нарадзілася яна ў вігілійны вечар Божага Нараджэння падчас сямейнага чытання Святога Пісання: Божае слова натхніла на тое, каб скласці дзіцячую азбуку па біблейскіх матывах.
На працягу года на Крыніца.інфо друкаваліся літаркі разам з вершамі Канстанціна Севярынца і ілюстрацыямі маладой мастачкі Аляксандры Дзежыц. Шматлікія пазітыўныя водгукі ад бацькоў і дзетак падштурхнулі справу наперад — для выдання пачалі шукаць сродкі. Нядзіўна, што фінансавы бок «узялі на сябе» найперш бацькі і шматлікія сем'і, — першыя выхавацелі дзяцей. Сродкі збіраліся праз краўдфандынгавую платформу ў Беларусі — пляцоўку talaka.by.
Як адзначыў вядомы дзіцячы аўтар Канстанцін Севярынец, вершы для азбукі складаліся вельмі хутка; метафары, параўнанні, рытмы і рыфмы — ўсё давалася вельмі лёгка.
Паставіць маячкі для дзетак, каб яны зацікавіліся нечым добрым, у тым ліку і Бібліяй, — так акрэсліў галоўную мэту праекта аўтар вершаў.
Прэзентацыя стала не толькі святам новай кнігі, але і святам сям'і, дзе былі сямейныя фотаздымкі, аўтографы паэта і мастачкі з пажаданнямі для дзетак, а таксама неверагодная «Альтанка для чытанкі» з прыгодамі для самых маленькіх.
Валянціна Грамыка |