Пра ролю спорту ў міжканфесійным
адзінстве, адбор у зборную каманду святароў на чэмпіянат Еўропы і пра асаблівасці душпастырства спартсменаў у новым
выпуску «Хрысціянскага сёння» расказвае кс. Алег Жарук, спартыўны
душпастыр Камянец-Падольскай дыяцэзіі Украіны. «Найбольш папулярны від спорту ў нас — футбол. Яго любяць і ў яго гуляюць амаль усе хлопцы», — адзначае святар. — Футбольныя турніры праводзяцца ў Мукачоўскай і Кіева-Жытомірскай дыяцэзіях, Львоўскай архідыяцэзіі, але найчасцей, відаць, у футбол гуляе моладзь нашай Камянец-Падольскай дыяцэзіі», — прызнаецца святар. — Кс. Алег, раскажыце больш падрабязна пра душпастырства спартыўнай моладзі ў вашай дыяцэзіі? — Душпастырства тых, хто займаецца спортам, ва Украіне — рэч новая. У нашай дыяцэзіі ўсё пачалося ў 2011 годзе, калі я разам з Юрыем Карвацкім з Хмяльніцкага вырашылі стварыць дыяцэзіяльны чэмпіянат па футболе.
Нашай галоўнай мэтай было з’яднаць хлопцаў. У 2011 годзе я быў на семінарыйнай практыцы ў парафіі ў Хмяльніцкім, дзе пры парафіі мы стварылі футбольную каманду, з якой ездзілі іграць таварыскія матчы.
Мы заўважылі, як яднаецца моладзь на такіх турнірах, і вырашылі арганізаваць дыяцэзіяльны футбольны чэмпіянат. Упершыню ён прайшоў у 2012 годзе.
Я сам футболам зацікавіўся ў школе. Памятаю, разам з сябрам пасвілі кароў, і, прыгнаўшы іх дадому, сабраліся паглядзець футбольны матч. Якраз быў чэмпіянат свету-2012, а ў сябра дома сапсаваўся тэлевізар і яму не было чаго рабіць. Паступова мая цікавасць да футбола толькі расла. Іграў спачатку ў школе, а потым і ў семінарыі.
— У чым заключаюцца Вашы абавязкі як кіраўніка душпастырства?
— Я выконваю функцыі дырэктара аддзела спартыўнага душпастырства. Насамрэч мы адказваем за правядзенне розных спартыўных падзей, паездкі на матчы, сустрэчы каманд і г.д.
Маім абавязкам з’яўляецца арганізацыя працы. Мне дапамагае Рада спартыўнага душпастырства, куды ўваходзяць тры святары, адзін семінарыст і некалькі свецкіх людзей.
Тры-чатыры разы на год мы сустракаемся, каб прадумаць план працы і скаардынаваць турніры на працягу года. Дадаткова ладзім «планёркі» і перад самімі турнірамі. Акрамя гэтага ў нас дзейнічаюць дзве валанцёрскія групы (т.зв. «валантарыяты»): малітоўная і спартыўная.
Малітоўнае валанцёрства заснавана на тым, што кожны дзень турніру хтосьці моліцца ў гэтай інтэнцыі Вяночак да Божай Міласэрнасці, або дзясятак Ружанца ці выбраную малітву. Такіх людзей у нас каля дзесяці.
Спартыўная валанцёрская група складаецца з людзей, якія дапамагаюць нам падчас турніру. Гэта хранаметрысты, фатографы, журналісты і г.д.
Таксама сярод маіх абавязкаў — каардынацыя працы валанцёраў і цэлебрацыя святой Імшы для іх. Акрамя гэтага мы вядзём старонкі ў сацыяльных сетках, а з апошняга — рыхтуем новы дызайн нашага сайта.
— Спартыўнаму душпастыру трэба быць «на ты» з рознымі відамі спорту. Гэта Ваш выпадак?
— Безумоўна, душпастыр павінен арыентавацца ў спорце. Гэта дапаможа яму знаходзіць больш цесны кантакт з моладдзю. Ён павінен прынамсі разумець прынцыпы асноўных відаў спорту — футбол, баскетбол і г.д. Калі пасля гульні ты гаворыш з хлопцамі на адну і тую ж тэму — гэта аб’ядноўвае.
Сам я гуляю ў футбол, але апошнім часам усё радзей. Але са свайго вопыту засведчу: спорт фармуе як фізічна, так і ўнутрана. Калі іграеш сам, то разумееш, што перамога ў матчы — гэта камандны вынік.
Нашы турніры, як правіла, складаюцца з дзвюх частак. Акрамя ўласна саміх спаборніцтваў, заўсёды адбываецца супольная св. Імша з казаннем для ўдзельнікаў, а таксама прагляд фільмаў ці адмысловая канферэнцыя — праз гэта мы імкнёмся данесці да моладзі, што праз фармаванне цела, праз спорт можна фармаваць і сваю душу...
— А якія віды спорту могуць быць прывабнымі і для дзяўчат?
— Два разы на год мы ладзім турніры для дзяўчат па валейболе. І, мне здаецца, валейбол — гэта адзін з тых відаў спорту, які можа быць асабліва прывабным для дзяўчат. Можна браць пад увагу настольны або вялікі тэніс, але валейбол — такі больш практычны від спорту. І для дзяўчат найпрыгажэйшы.
— Як адбываецца падрыхтоўка ўкраінскіх святароў да ўдзелу ў еўрапейскіх чэмпіянатах па футболе?
— У Беларусі, наколькі я ведаю, святары збіраюцца на трэніроўкі амаль кожны тыдзень. У нас жа праблема найперш у вялікіх адлегласцях паміж дыяцэзіямі і парафіямі. У святароў часам не атрымліваецца проста даехаць на трэніроўку. Таксама па тэме:
Таму асноўная наша праблема падчас удзелу ў футбольным чэмпіянаце — у недахопе сыгранасці на полі. Перад самім стартам турніру святары, безумоўна, рыхтуюцца. Прынамсі за тыдзень перад турнірам з’язджаюцца і робяць некалькі трэніровак.
— А па якім прынцыпе праходзіць адбор у зборную?
— Ва Украіне няма такога, што ў выніковы склад зборнай на чэмпіянат Еўропы сярод святароў едуць пераважна святары той ці іншай дыяцэзіі. Каманда фарміруецца са святароў розных дыяцэзій.
Звычайна ў складзе каманды маладыя святары, якія зусім нядаўна скончылі семінарыю і яшчэ поўныя сіл і энергіі.
— Ці арганізоўваюцца ва Украіне міжканфесійныя футбольныя турніры?
— З міжканфесійнымі трошкі цяжкавата. Але некалькі гадоў таму падчас тыдня малітваў аб еднасці хрысціян мы арганізоўвалі экуменічны чэмпіянат. На яго мы запрашалі футбольныя каманды як католікаў, так і праваслаўных, і пратэстантаў.
Гэта быў першы турнір такога роду, аднак ён паказаў, што спорт можа яднаць і спрыяць узрастанню хрысціянскай еднасці.
Гутарыў кс. Кірыл Бардонаў Апрацаваў Ілья Лапато
фота catholic-sport.org.ua
|