Больш
за 10 мільёнаў кіламетраў — менавіта столькі складае тэрыторыя самай
вялікай у свеце каталіцкай дыяцэзіі Св. Юзафа ў Іркуцку. Ёй кіруе біскуп
з Беларусі Кірыл Клімовіч. У сённяшнім выпуску «Хрысціянскага сёння» — інтэрв'ю іерарха агенцтву KAI, у якім біскуп распавёў пра стан Каталіцкага Касцёла ў Расіі, асаблівасці супрацоўніцтва з Праваслаўнай Царквой і пра хрысціянскі вобраз рускай Сібіры. Большасць святароў — з Польшчы
«Наша дыяцэзія ў 30 разоў большая за Польшчу. Калі казаць пра тэрыторыю, то гэта самая вялікая дыяцэзія ў свеце. На сёння тут працуюць 38 святароў і больш за 60 манахінь. Большасць з іх — палякі, але ёсць таксама святары са Злучаных Штатаў, з Інданезіі, Індыі, Паўднёвай Карэі.
У нас таксама шмат свецкіх катэхетаў, перш за ўсё ў тых месцах, куды святары не могуць даязджаць. Гэта людзі, якія не толькі перадаюць веды, але таксама даюць сведчанне веры. Касцёл — гэта справа Божая і жывы арганізм, фундаментам якога з’яўляецца Езус Хрыстус.
Дзеці і моладзь у Сібіры хіляцца да Бога, але нехта павінен іх прывесці. Гэты працэс, хоць павольны, але ідзе. Шмат людзей тут кажа, што належаць да Касцёла, але калі спытацца, дзе былі ахрышчаныя, — не ведаюць, што такое хрост.
У Сібіры каля 50 тысяч вернікаў, але, магчыма, іх і больш. Тым больш, што міграцыйны рух дастаткова вялікі: шмат хто выязджае ў Маскву, Санкт-Пецярбург і іншыя часткі Расіі. Тут многія католікі маюць польскія, украінскія, беларускія, літоўскія карані. Але ёсць мясцовасці, як, напрыклад, Якуція ці Бурація, дзе людзі самі набліжаюцца да Бога, перажываючы навяртанне.
Пра моладзь у Касцёле
У СДМ у Кракаве з нашай дыяцэзіі прымалі ўдзел 130 маладых людзей. Магло б быць і больш, калі б не боязь іх бацькоў, звязаная з палітычнай сітуацыяй. Выязджаючы адсюль, моладзь была няўпэўненай, з пэўнымі страхамі. Польшчу яны ўяўлялі ў негатыўным святле. Калі ж мы прыбылі ў Элцкую дыяцэзію, куды нас запрасіў біскуп Ежы Мазур, яны адкрыліся. Казалі, што такой любові і дабрыні нідзе не сустракалі. Пабачылі праўдзівае аблічча Польшчы і Касцёла.
Пасля вяртання вярнуліся з сустрэчы з Папам, наведвальнасць у касцёлах Сібіры павялічылася. Прыбываючы на візітацыю парафіі, я бачу, што менавіта моладзь з’яўляецца сёння шляхам да Бога для іншых. Яна дае сведчанне таксама неахрышчаным членам сваіх сем’яў.
Пра польскія сляды ў Сібіры: не трэба дзёрці рану, якая загойваецца Мясцовыя жыхары — гэта элегантныя, разумныя людзі, але гэта таксама пакаленне, у якога забралі Бога.
Варта спытацца ў сябе, якую гісторыю мы ствараем сёння ў Сібіры, таму што на гэты рэгіён нельга глядзець толькі як на месца ссылкі. Канешне, гісторыя польскага і іншых народаў адзначана вялікімі пакутамі, але калі сам Езус пакутаваў так шмат, каб выратаваць чалавецтва, то што казаць пра нас? Немцы — гэта не толькі нацысты, а рускія — не толькі сталіністы.
Задача Касцёла ў Сібіры сёння — клапаціцца перадусім пра дзяцей і падлеткаў. Дзіця, пакінутае і галоднае, якое не ведае любові бацькоў, пагодзіцца на што заўгодна, толькі каб атрымаць кусок хлеба. Таму моладзь крадзе, трапляе ў пастку наркотыкаў, нюхае клей.
Ёсць парафіі, у якіх яшчэ некалькі гадоў таму не было ніводнай поўнай сям’і, дзе б бацькі ўзялі сакрамэнтальны шлюб. Бываюць сем’і, у якіх пяцёра дзяцей і ўсе ад розных татаў....
Клопат пра такіх дзяцей — працэс складаны, але ён мае вялікі пазітыўны плён. У сваёй працы мы імкнёмся перадаць дзецям любоў — не ўласную, але тую, якая паходзіць ад Бога. Дзякуючы ёй, моладзь атрымлівае адукацыю, стварае сям’ю і атрымлівае прафесію. У іх наша будучыня. І калі яны вераць у Бога — то ідуць за Ім дарэшты!
Мне прыгадваецца сведчанне аднаго маладога хлопца, які казаў, што яму не проста, бо ў сваёй сям’і толькі ён з’яўляецца веруючым. Ён казаў, што ганарыцца верай і моліцца аб дары веры для сваёй сям’і. У Польшчы бацькі вядуць дзяцей на катэхезу — тут бывае наадварот.
Пра адносіны з Праваслаўнай Царквой У маёй дыяцэзіі усё выглядае добра, нават вельмі добра. Заўсёды прасцей, калі мы разумеем ментальнасць адно аднаго. Я выхоўваўся ў камуністычным грамадстве. Патрыярх Кірыл падняў узровень навучання і фармацыі будучых праваслаўных духоўнікаў. Не ўсюды, але ў многіх месцах кантакты з праваслаўнымі епіскапамі цудоўныя. Зараз ідуць рамонтныя працы ў нашай катэдры і курыі, і ад праваслаўнага епіскапа я атрымаў у катэдру прыгожую фігуру Маці Божай у плашчы заступніцы. Кантакты і дыялог залежаць ад абодвух бакоў».
Пра духоўнае адраджэнне Расіі
На пытанне журналіста пра фацімскую таямніцу адносна Расіі біскуп адказаў:
«Кожнае аб’яўленне, таксама і фацімскае, паказвае нам існуючую рэчаіснасць. Навяртанне трэба заўсёды пачынаць з сябе. Навярнуцца да Бога — гэта значыць быць з Богам, праслаўляць Яго, прабываць у Яго ласцы. Гэта значыць жыць Яго запаведзямі, быць міласэрным па прыкладзе Хрыста. Не кожнаму з нас гэта даецца лёгка.
Я гляджу таксама на сябе: калі штосьці не атрымліваецца, нельга замыкацца ў панцырнай шафе. Трэба браць сілы ў Бога і выходзіць да людзей. Каб кагосьці навярнуць да Бога, трэба і самому навярнуцца. Трэба маліцца і за сябе, і за іншых». Даведка:
Біскуп Кірыл Клімовіч нарадзіўся 5 лістапада
1952 г. у Казахстане, куды была саслана яго сям’я. У 1956-65 гг. жыў у
Беларусі, а пасля ў Польшчы. Пасля заканчэння Вышэйшай духоўнай
семінарыі ў Ольштыне прыняў у 1980 годзе прэзбітэрскае пасвячэнне.
Першыя гады святарства правёў у Польшчы, пасля чаго ў 1990 г. прыняў
функцыі пробашча, а таксама дэкана ў Глыбокім. У 1999 г. стаў
дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскім. Да 2003 г. быў генеральным
вікарыем архідыяцэзіі, пасля чаго быў прызначаны ардынарыем дыяцэзіі Св.
Юзафа ў Іркуцку.
Паводле kai.pl (IL)
|