У Беларусь прыбывае Бэтлеемскі агонь |
Беларусь |
14.12.2016 11:43 |
У Беларусь агонь ад нязгаснай лампады ў базыліцы Нараджэння Пана ў Бэтлееме даставяць беларускія скаўты. У Мінск агонь прыбудзе 17 снежня. 18 снежня, у Трэцюю нядзелю Адвэнту, каталіцкія скаўты даставяць Бэтлеемскі агонь у парафіі Беларусі. Фота Віталія Палінеўскага Штогод прадстаўнік аўстрыйскіх скаўтаў запальвае лампаду ў базыліцы Божага Нараджэння ў Бэтлееме, затым спецыяльным рэйсам полымя прывозяць ў Вену. Адтуль Бэтлеемскі агонь распаўсюджваецца па краінах Еўропы шляхам так званай скаўцкай эстафеты: скаўты з розных краін перадаюць полымя адно аднаму. Гісторыя акцыі з Бэтлеемскім агнём налічвае ўжо 30 год. У 1986 годзе прадстаўнікі Аўстрыйскай тэлерадыёкампаніі ўпершыню прынеслі сімвалічнае святло Божага Нараджэння тым, хто не мог раздзяліць гэтую радасць з блізкімі людзьмі. Гэтай ініцыятывай зацікавіліся аўстрыйскія скаўты. Праз год яны далучыліся да акцыі, а яшчэ праз два зрабілі яе міжнароднай. Так у 1989 годзе Бэтлеемскі агонь быў перададзены ў Венгрыю, Польшчу і Чэхію. У наступныя гады геаграфія актыўна пашыралася. Фота Віталія Палінеўскага У 1998 годзе скаўты ўжо ў дзясяты раз распаўсюджвалі Бэтлеемскі агонь. У Германіі агонь быў дастаўлены амаль у 400 гарадоў, у Італіі ў акцыі прымалі ўдзел чатыры скаўцкія супольнасці. Падобныя акцыі былі арганізаваны ў Польшчы, Славакіі, Славеніі, Венгрыі, Люксембургу. У гэтым жа годзе святло Бтлеемскага агню прыйшло таксама ў Беларусь, Украіну, Літву, а таксама Данію, Швецыю, Вялікабрытанію. Вядома, рэалізацыя гэтай прыгожай ідэі патрабуе намаганняў, а таксама пераадолення пэўных цяжкасцяў. У 2002 годзе передача Бэтлеемскага агню аўстрыйскімі скаўтамі была немагчымай з-за небяспечнай сітуацыі на Блізкім Усходзе. Аднак адзін арабскі юнак таемна перадаў полымя яўрэйскім дзецям, якія даставілі яго ў Аўстрыю. Ужо больш за 15 гадоў Бэтлеемскі агонь прыязджае і ў нашую краіну. А перадаюць яго ў апошнія гады каталіцкія скаўткі і скаўты — дзяўчаты і хлопцы з розных куткоў краіны, якія крочаць шляхам пазнання Бога, прыроды і іншага чалавека. Перадача Бэтлеемскага агню на Польска-Украінскай мяжы, 2006 г. Урачыстае ўнясенне агню ў мінскую архікатэдру адбудзецца ў суботу 17 снежня ў 22.30. У нядзелю 18 снежня агонь будзе дастаўлены ў мінскія парафіі:
Таксама запрашаем далучацца да акцыі ў сацсетках, каб расказаць свету пра агонь з Бэтлеема. Кожны, хто трымае яго ў руках, можа зрабіць фотаздымак і размясціць яго на сваёй старонцы з хэштэгам #agon’zbetleema2016. Святло Бэтлеемскага агню, якое сімвалізуе супакой, надзею і згоду, дзякуючы еднасці моладзі розных краін пераадольвае значныя адлегласці і прыходзіць да тых, хто яго чакае. Таму варта ўзяць гэты агонь дадому, яшчэ раз нагадаць сабе і сваім блізкім пра надыходзячае свята Божага Нараджэння. Вольга Ляшчэвіч |