Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч: каталіцка-праваслаўны форум стаў спробай адказу на выклікі тэрарызму і пераследу хрысціянства ў свеце
Беларусь
13.01.2017 10:20

У Парыжы завяршыўся V каталіцка-праваслаўны форум, які праходзіў з 9 па 12 студзеня па запрашэнні Парыжскага арцыбіскупа кардынала Андрэ Вен-Труа. Удзел у форуме прымаў і беларускі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, які пракаментаваў Catholic.by асноўныя дыскусійныя пункты форуму.

Як адзначыў беларускі іерарх, праца форуму праходзіла ў духу ўзаемапаразумення і супрацоўніцтва католікоў і праваслаўных, звяртаючы асаблівую ўвагу на дабро ўсіх жыхароў Старога кантынента.



«Удзельнікі форуму падкрэслілі, што прытрымліваюцца тых жа прынцыпаў грамадскага жыцця, якія ўпісаны ў прыроду чалавека і ўмацоўваюцца верай, — пракаментаваў іерарх. — Католікі і праваслаўныя перад абліччам выклікаў сучаснасці выказалі гатоўнасць адказваць на іх сумесна, і надалей прапагандуючы хрысціянскія каштоўнасці ў публічнай сферы жыцця».

Форум стаў працягам развіцця экуменічнага дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнымі Цэрквамі Еўропы, а таксама спробай адказу на выклікі тэрарызму і пераследу хрысціянства ў сучасным свеце.

Тэмы і абмеркаванні

Галоўнай тэмай дыскусій іерархаў падчас працы стала пагроза тэрарызму, які ахапіў Еўропу. Удзельнікі форуму пагадзіліся з тым, што ў сучасных абставінах еўрапейцам неабходна лепш пазнаваць іслам, бо праблема не ў яго «стыгматызацыі», але ў тым, што некаторыя тэрарысты апраўдваюць акты насілля тэкстамі ісламу.

Вялікая ўвага была звернута на ролю Божае слова ў будаванні новых братэрскіх адносін паміж людзьмі. Разважаючы аб пытаннях свабоды веравызнання, удзельнікі форуму звярнулі ўвагу на фундаментальнае права кожнага чалавека вызнаваць тую веру, якую ён выбірае, памятаючы пра ідэі Міланскага эдыкту 313 г. аб свабодзе рэлігіі.

«Адзначалася, што тэрарызм у імя Бога — гэта найвышэйшы акт рэлігійнай неталерантнасці, які павінен быць асуджаны, — распавёў арцыбіскуп Кандрусевіч. — Еўропа сёння больш чым раней патрабуе веры ў Хрыста і надзеі, якую гэта вера дае».
 
Асобная ўвага была прысвечана пераследу хрысціян, які так востра адчуваецца сёння ва ўсім свеце. Удзельнікі форуму выказалі салідарнасць з хрысціянамі на Блізкім Усходзе, Афрыцы і Азіі, выказаўшы занепакоенасць у сувязі з неабходнасцю іх міграцыі.



Іерархі пагадзіліся таксама з тым, што людзі розных веравызнанняў павінны мець аднолькавыя магчымасці для адукацыі і катэхізацыі, а ідэя свецкасці дзяржавы не павінна забараняць рэлігійных практык і нацыянальных культурных традыцый розных народаў.

Асобна была падкрэслена неабходнасць павагі да культурных традыцый мігрантаў, а таксама асуджэнне стварэння так званых міграцыйных гета.

Звяртаючы ўвагу на секулярызацыю еўрапейскіх краін, біскупы падкрэслілі, што нельга забывацца, што Еўропа ўкаранёная ў хрысціянскіх традыцыях, якія ў сваю чаргу бароняць годнасць чалавечай асобы і маральныя прынцыпы жыцця. І каб захаваць Еўропу ад знішчэння, іх трэба паважаць.
«Прапагандуючы любоў бліжняга, хрысціянства імкнецца да прымірэння ўсіх людзей. Таму дыялог паміж веруючымі розных канфесій — адзіны шлях выйсця з сітуацыі, калі Еўропа ахоплена страхам. У гэтым дыялогу знаходзяцца новыя багацці чалавечай супольнасці, якія падкрэсліваюць хрысціянскія каштоўнасці той Еўропы, якая павінна быць нашым супольным домам», — заключыў Мітрапаліт Кандрусевіч.



Падчас форуму яго ўдзельнікі наведалі праваслаўны сабор св. Стэфана і каталіцкую катэдру Нотр Дам. У перадапошні дзень да ўдзельнікаў форуму далучыўся Мітрапаліт Валакаламскі Іларыён, старшыня аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату.

(DN), (IL)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.